Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕЖА́НДР ((Legendre) Адрыен Мары) (18.9.1752, Парыж — 10.1.1833),

французскі матэматык. Чл. Парыжскай АН (1783). Скончыў Калеж Мазарыні ў Парыжы (1774). З 1816 праф. політэхн. школы ў Парыжы, адначасова з 1813 чл. Бюро далгот. Навук. працы па матэм. аналізе, тэорыі лікаў, нябеснай механіцы і тэорыі геадэзічных вымярэнняў. Увёў найпрасцейшыя сферычныя функцыі (гл. Лежандра мнагасклады), распрацаваў найменшых квадратаў метад (1806) і выкарыстаў яго для вызначэння каметных арбіт, сфармуляваў закон размеркавання простых лікаў (1808). Удзельнічаў у вылічэннях даўжыні дугі зямнога мерыдыяна для вызначэння метра як адзінкі даўжыні. Аўтар класічнага курса элементарнай геаметрыі.

Літ.:

Стройк Д.Я. Краткий очерк истории математики: Пер. с нем. 2 изд. М., 1969.

т. 9, с. 187

ЛЕЖА́НДРА МНАГАСКЛА́ДЫ,

сферычныя мнагасклады, спецыяльная сістэма мнагаскладаў з паслядоўна ўзрастаючымі ступенямі. Уведзены А.М.Лежандрам і незалежна П.С.Лапласам (1782—85).

Л.м. артаганальныя на адрэзку [1, 1] з вагой 1 (гл. Артаганальная сістэма), і для n = 0, 1, 2, ... вызначаюцца формулай Pn (x) = 1 n!2n d dxn ( x2 1 ) n . Характар збежнасці прыкладна такі ж, як і ў шэрагаў Фур’е. Дыферэнцыяльнае ўраўненне для Л.м. узнікае пры раздзяленні пераменных у Лапласа ўраўненні ў сферычных каардынатах. Гл. таксама Сферычныя функцыі.

т. 9, с. 187

ЛЕЖЭ́ (Léger) Надзя, гл. Хадасевіч-Лежэ Надзея Пятроўна.

т. 9, с. 187

ЛЕЖЭ́ ((Léger) Жуль Фернан Анры) (4.2.1881, г. Аржантан, Францыя — 17.8.1955),

французскі мастак. Вучыўся ў Школе дэкар. мастацтва (1903—05) і акадэміі Жуліяна ў Парыжы. Працаваў пераважна ў Парыжы, у 1940—45 у ЗША. У 1924 заснаваў «Сучасную акадэмію». У ранні перыяд зазнаў уплывы П.Сезана, фавізму, футурызму. У 1909—14 прымыкаў да кубістаў. Творы гэтага перыяду вызначаюцца дынамікай прасторавай пабудовы, кантрастамі адкрытых колераў: «Аголеныя ў лесе» (1909—10), «Дама ў блакітным» (1912) і інш. Пад уплывам падзей 1-й сусв. вайны прыдумаў «новую эстэтыку машынных форм», якая абумовіла «механічны» перыяд у яго міжваен. творчасці. Работам гэтага часу ўласціва пабудова фігур чалавека і прадметаў з абагульненых цыліндрычных і акруглых форм, яркія лакальныя колеравыя зоны: «Дыскі» (1918), «Горад» (1919—20), «Механік» (1920), «Механічныя элементы», «Чалавек у світэры», «Чытанне» (усе 1924) і інш. З 1920 супрацоўнічаў з Ле Карбюзье ў афармленні тагачасных інтэр’ераў. У 1924—27 зазнаў уплыў пурызму («Акардэон», 1926; «Нацюрморт з рукой», 1927). У 1930—50-я г. ўзмацніліся рысы дэкаратывізму («Вялікія чорныя ныральшчыкі», 1944), імкненне да сюжэтнасці і сац. скіраванасці («Будаўнікі», 1951). Сярод манум. работ: мазаікі і вітражы ў цэрквах у Асі (1949) і Адэнкуры (1951), пано для будынка ААН у Нью-Йорку (1952); паводле яго эскізаў аформлены музей яго імя ў Б’ё (1956—60), зроблены мазаікі ў Доме культуры моладзі ў Карбей-Эсоне (1965—66), вітражы ў Ін-це М.Тарэза ў Парыжы (1960) і інш. Працаваў таксама ў галіне манум.-дэкар. керамікі, габелена, тэатр.-дэкарацыйнага мастацтва, кніжнай ілюстрацыі. У 1924 зняў маляваны фільм «Механічны балет».

Літ.:

Жадова Л. Фернан Леже: [Альбом]. М., 1970;

Сагалович М. По следам Ф.Леже. М., 1983.

Ф.Лежэ. Чытанне. 1924.

т. 9, с. 187