Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́ТА (ад грэч. lēthē забыццё),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі персаніфікацыя забыцця, дачка багіні разладу Эрыды. Імем Л. названа рака ў Аідзе. Лічылася, што душы памерлых, якія папілі вады з гэтай ракі, забываюць пра сваё зямное жыццё. Адсюль другая назва Л. — «рака забыцця» і выраз «кануць у Лету» — быць забытым, знікнуць без следу.

т. 9, с. 220

ЛЕ́ТА (lētē),

у старажытнагрэчаскай міфалогіі дачка тытанаў Коя і Фебы, адна з жонак Зеўса, якая нарадзіла ад яго багоў Апалона і Артэміду. У міфах створаны вобраз Л. як маці-пакутніцы, якая ўслаўлена ў сваіх дзецях і дзякуючы ім заняла ганаровае месца сярод багоў на Алімпе. Л., Апалон і Артэміда заўсёды аднадушныя, разам змагаюцца з ворагамі, дапамагаюць траянцам у Траянскай вайне і г.д. У рым. міфалогіі Л. вядома пад імем Латона.

т. 9, с. 220

ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд.снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.

т. 9, с. 220

«ЛЕ́ТАПІС»,

бел. кінастудыя хранікальна-дакумент. фільмаў. Існавала ў 1968—98. Створана як вытворча-творчае аб’яднанне кінастудыі «Беларусьфільм» на базе Мінскай студыі навукова-папулярных і хранікальна-дакументальных фільмаў, з 1987 кінастудыя. Выпускала дакумент., хранікальна-дакумент., навукова-папулярныя, навучальныя, тэхніка-прапагандысцкія фільмы, кіначасопісы («Савецкая Беларусь», «Піянер Беларусі», «Мастацтва Беларусі», «Навука і тэхніка Беларусі» і інш.). Многія фільмы атрымалі ўзнагароды на міжнар. і ўсесаюзных кінафестывалях: «Боль мой — Хатынь» (рэж. П.​Аліфярэнка), «У агні жыцця» (рэж. 1. Вейняровіч; абодва 1970), «Балада аб мужнасці і любві» (1972, рэж. Вейняровіч), «Зямля мая — лёс мой» (рэж. Ю.​Лысятаў, Р.​Ясінскі), «Шчаслівыя берагі Алімпіі» (рэж. С.​Лук’янчыкаў; абодва 1978), «Атакуе ўся каманда» (1983, рэж. У.​У.​Цяслюк) і інш. Дзярж. прэміі Беларусі прысуджаны фільмам «Генерал Пушча» (1968, сцэнарый А.​Вялюгіна, рэж. Вейняровіч), «Мы з Беларусі», «Бацькоўскае поле» (абодва 1982; рэж. Лысятаў). Сярод інш. фільмаў: «Птушка ікс» (1973, рэж. Дз.​Міхлееў, аператар У.​Цяслюк), «Праз дзесяць гадоў, або Надзеі і трывогі 10 «А» (1974, сцэнарый Л.​Браслаўскага, рэж. В.​Сукманаў і Ясінскі), трылогія «Жанчына з забітай вёскі», «Немы крык» і «Жменя пяску» (1976, рэж. В.​Дашук), «Іван Мележ» (1977, рэж. Лысятаў), «Дэсант на Чару» (1979, рэж. Ясінскі), «Маці салдацкая» (1981, рэж. М.​Жданоўскі), «Тады я не плакала» (1984, рэж. Дашук), «Полацкая жамчужына» (1988, рэж. С.​Гайдук), «Крэва» (1996, рэж. Жданоўскі), «Канікулы для сіраты» (1998, рэж. Г.​Адамовіч). Сярод рэжысёраў таксама А.​Алай, В.​Аслюк, С.​Галавецкі, М.​Заслонава, І.​Калоўскі, А.​Канеўскі, А.​Карпаў, І.​Пікман, М.​Скітовіч, Б.​Стральцоў, Ю.​Цвяткоў, П.​Шамшур, У.​Шаталаў; аператары В.​Арлоў, Ю.​Плюшчаў, С.​Пятроўскі, І.​Рамішэўскі і інш.

Г.​У.​Шур.

т. 9, с. 220

«ЛЕТАПІ́СЕЦ ВЯЛІ́КІХ КНЯЗЁЎ ЛІТО́ЎСКІХ»,

найбольш даўні помнік бел.-літоўскага летапісання, адзін з першых твораў уласнабеларускай гіст-дакументальнай прозы. Напісаны на старабел. мове невядомым аўтарам у канцы 1420-х г. у Смаленску. Асн. змест — паліт. гісторыя ВКЛ ад смерці Гедзіміна (1341) да канца 14 ст.; гал. ідэя — усхваленне цэнтралізатарскай палітыкі літ. князёў, абгрунтаванне гіст. неабходнасці і заканамернасці паліт. аб’яднання літ., бел. і ўкр. зямель у адной дзяржаве — ВКЛ. 1-я частка хронікі, свецкая паводле зместу, напісана ў 1390-я г. з мэтай гіст. абгрунтавання права Вітаўта на вял. княжанне ў Вільні. 2-я частка больш фрагментарная, характарызуецца царк.-рэліг. афарбоўкай падзей і складаецца з кароткіх апавяданняў пра паліт. жыццё ВКЛ апошняй чвэрці 14 ст., найбольш пра дзейнасць Вітаўта. «Летапісец...» спалучае рысы дзелавога дакумента, твора апавядальнай прозы і грунтуецца на сапраўдных гіст. фактах; з’яўляецца першай спробай сціслага выкладання гісторыі ВКЛ. Поўная рэдакцыя «Летапісца...» ўключае таксама «Аповесць пра Падолле». Збярогся ў розных спісах (Віленскім, Слуцкім, Красінскага і інш.), летапісных зводах і гіст. кампіляцыях. Паслужыў асновай арыгінальнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446, часткова выкарыстаны польскім храністам Я.​Длугашам у «Гісторыі Польшчы». У 16 ст. ўвайшоў у склад 2-га бел.-літ. летапіснага зводу (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага») і Хронікі Быхаўца, праз якія перайшоў у «Хроніку польскую, літоўскую, жамойцкую і ўсяе Русі» М.​Стрыйкоўскага. Быў вядомы і ў Расіі, дзе не раз перарабляўся. Перакладзены на польскую, ням., літ., лац., рус. мовы. Упершыню апублікаваны ў 1823 І.М.Даніловічам у час. «Dziennik Wileński» («Віленскі дзённік»).

Публ.:

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

ЛЕТАПІ́СНЫЯ АПО́ВЕСЦІ І АПАВЯДА́ННІ,

гісторыка-літаратурныя творы, якія разам з кароткімі пагадовымі запісамі-паведамленнямі з’яўляюцца асн. тэкставымі адзінкамі жанравай структуры летапісаў. Іх асаблівасць — гіст.-дакументальны характар. Для летапіснай аповесці характэрны разгорнуты сюжэт, маштабнасць, дэталёвасць апісання важных гіст. падзей ці ўвогуле гісторыі за пэўны адрэзак часу. Тэматычна Л.а. і а. аб’ядноўваліся ў асобныя летапісы і ўтваралі буйныя гіст. творы — зводы («Аповесць мінулых гадоў», Галіцка-Валынскі летапіс і інш.). Летапісы беларускія таксама складаюцца з Л.а. і а. Адны з іх самастойныя ідэйна-маст. і гістарыяграфічныя творы («Аповесць пра Падолле», «Летапісец вялікіх князёў літоўскіх»), другія з’яўляюцца арганічнай неадрыўнай часткай тых летапісных помнікаў, у склад якіх яны ўваходзяць, напр., апавяданні пра ўзяцце Вітаўтам Смаленска ў 1404, пра паўстанне ў Смаленску ў 1440 у Беларуска-Літоўскім летапісе 1446, апавяданне пра заснаванне Гедзімінам Вільні, «Аповесць пра Жыгімонта і Барбару Радзівіл» у 2-м бел,літ. летапісным зводзе (гл. «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага»), Своеасаблівым зборам Л.а. і а. з’яўляецца Хроніка Быхаўца. Бел. хронікі 17—18 ст. (Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка) паводле паходжання, зместу, стылю больш цэласныя творы, чым летапісы 15—16 ст., таму літ. часткі ў іх можна вылучаць толькі ўмоўна. Лепшыя бел. Л.а. і а. маюць не толькі гістарычна-пазнавальную каштоўнасць, але і з’яўляюцца ўзорамі бел. гістарычнай прозы свайго часу.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

ЛЕ́ТАПІСЫ,

гісторыка-літаратурныя творы з апісаннем падзей па гадах; помнікі пісьменнасці ўсх. славян 11—18 ст. Пагадовая форма выкладу гісторыі вядома з часоў антычнасці. У форме Л. складалі свае творы першыя гісторыкі Стараж. Рыма. У сярэднія вякі асн. відамі гіст. запісаў у летапіснай форме былі ў Зах. Еўропе аналы і хронікі. У працэсе станаўлення Л. (хронікі) прайшлі шлях ад лаканічных храналагічных запісаў да разгорнутага каменціраванага апісання гісторыі. Сярэдневяковыя летапісцы апісвалі пераважна вонкавы бок падзей і асвятлялі мінулае з пункту гледжання свецка-рыцарскіх або хрысц.-аскетычных ідэалаў, прама ці ўскосна зыходзячы з царк.-рэліг. канцэпцыі свету. У Зах. Еўропе традыц. летапісанне (хранаграфія) заняпала ў эпоху Адраджэння са з’яўленнем новай свецкай гістарыяграфіі, заснаванай на гуманіст. светапоглядзе і традыцыях ант. гіст. прозы. На Русі Л. пачалі складаць у 11 ст.; гэта было выклікана ідэйна-паліт. задачамі культ.-гіст. развіцця ўсх. славян, бурным ростам іх грамадскай і этн. свядомасці ў перыяд актыўнага гіст. самасцвярджэння. У пач. 12 ст. ў Кіеве створаны агульнарус. летапісны помнік «Аповесць мінулых гадоў». Гэты твор паслужыў стымулам і асновай для зараджэння летапісання ў інш. гарадах і землях ўсх. славян. У 12—14 ст. Л. мелі пераважна мясц. характар. Паўд.-рус. летапісанне гэтага часу прадстаўлена Кіеўскім летапісам і Галіцка-Валынскім летапісам, наўгародскае — Наўгародскім 1-м, уладзіміра-суздальскае — Лаўрэнцьеўскім летапісам і Радзівілаўскім летапісам. У 15 ст. ўзніклі летапісныя зборы Троіцкі летапіс (пач. 15 ст.), Бел.-літ. летапіс 1446, збор 1448 і інш. Найбуйнейшымі цэнтрамі летапісання былі Кіеў, Масква, Ноўгарад, Смаленск, магчыма, Полацк. У 17 — пач. 18 ст. інтэнсіўна развівалася ўкр. летапісанне (гл. Казацкія летапісы). Традыц. летапісанне ў Расіі, на Беларусі і Украіне заняпала ў 18 ст. разам з завяршэннем стараж. эпохі ў гісторыі літаратур усх.-слав. народаў. Складанне Л. было справай палітычнай; летапісцы выражалі інтарэсы і ідэйна-паліт. памкненні пэўнага сац. асяроддзя. Лепшыя стараж.-рус. Л. — цэласныя гіст.-літ. творы, якія вызначаюцца майстэрствам апавядання, шырынёй гіст. погляду, высокай ідэйнасцю і публіцыстычнасцю. Паводле жанравай структуры Л. — гэта зборы, якія аб’ядноўваюць кароткія дзелавыя запісы, дакументы (лісты, прывілеі, граматы), літ. творы, што надае ім выгляд гіст.-літ. кампіляцый. Гіст. падзеі і факты датаваліся ў Л. «ад стварэння свету», з 16 ст. ў бел. Л. датаванне вялося «ад нараджэння Хрыста» (розніца паміж дзвюма датамі складала 5508 гадоў). Навук. даследаванне і выданне Л. пачалося ў 18 ст. Вялікі ўклад у гэтую справу зрабілі А.А.Шахматаў, Дз.С.Ліхачоў, М.М.Улашчык, якія прапанавалі новыя падыходы і метады даследавання. Вядома каля 1,5 тыс. розных летапісных спісаў. Большасць з іх зберагаецца ў архівах і б-ках Масквы і Санкт-Пецярбурга. Самыя выдатныя Л. выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў. На Беларусі Л. вядомы з часоў Полацкага княства. Асаблівай папулярнасцю карысталіся «Аповесць мінулых гадоў» і Галіцка-Валынскі летапіс. Апошні паслужыў крыніцай і літ. ўзорам «Хронікі Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага» і Хронікі Быхаўца. У 15—17 ст. на Беларусі чыталі, перапісвалі і выкарыстоўвалі пры складанні летапісных збораў і кампіляцый розныя стараж. рус. Л. У 2-й чвэрці 15 ст. маскоўскі Л. Фоція пакладзены ў аснову агульнай часткі Беларуска-літоўскага летапісу 1446; Аўрамкі летапіс у аснове меў наўгародскае паходжанне. У 16—17 ст. на бел. землях бытаваў ілюстраваны Радзівілаўскі летапіс, пратограф якога паходзіў з Маскоўскай Русі. Літ. традыцыі стараж.-рус. Л. адыгралі вял. ролю ў гісторыі бел. летапісання. Гл. таксама Летапісы беларуска-літоўскія, Летапісы беларускія, Летапісныя аповесці і апавяданні.

Літ.:

Вайнштейн О.Л. Западноевропейская средневековая историография. М.; Л., 1964;

Насонов А.Н. История русского летописания XI — начала XVIII в. М., 1969;

Лурье Я.С. Общерусские летописи XIV—XV вв. Л., 1976.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКА-ЛІТО́ЎСКІЯ.

Складаліся на Беларусі і ў Вільні на старабел. мове пераважна бел. летапісцамі, бытавалі да 19 ст. Умоўна іх наз. таксама заходнярускімі. Паводле зместу агульнадзярж. і паўафіцыйныя. У іх адлюстравана гісторыя бел. і літоўскага народаў перыяду Вялікага княства Літоўскага. Вядомы 4 асобныя помнікі 15—16 ст.«Летапісец вялікіх князёў літоўскіх», Беларуска-літоўскі летапіс 1446, «Хроніка Вялікага княства Літоўскага і Жамойцкага», Хроніка Быхаўца і гіст. кампіляцыя 17 ст. «Хроніка літоўская і жамойцкая», якая ўваходзіла ў склад бел.-ўкр. хранографа «Вялікая хроніка». Паслужылі крыніцай польскіх хронік М.Стрыйкоўскага, А.Гваньіні і М.Бельскага, распаўсюджваліся таксама на Украіне і ў Расіі. Л.б.-л. — каштоўныя помнікі гістарыяграфіі і грамадска-паліт. думкі бел. і літ. народаў, старабел. мовы і бел. гіст. прозы. Выдадзены ў Поўным зборы рускіх летапісаў (т. 17, 1907; т. 32, 1975; т. 35, 1980). Гл. таксама Летапісы беларускія.

В.А. Чамярыцкі.

т. 9, с. 222

ЛЕ́ТАПІСЫ БЕЛАРУ́СКІЯ.

Складаліся на землях Беларусі ў эпоху феадалізму на старажытнарускай, старабеларускай і польскай мовах. У 16—18 ст. называліся пераважна хронікамі. Паводле зместу і агульнага характару падзяляюцца на дзярж. і мясцовыя, хоць рэзкай мяжы паміж імі няма. У Беларусі летапісы пачалі складацца ў 12—14 ст., аднак тэксты ранніх летапісаў не зберагліся. Першым складзеным на бел. землях летапісным творам быў, відаць, Полацкі летапіс. Гіст. запісы вяліся таксама ў Пінску (канец 13 ст.), Слуцку (15 ст.) і інш. гарадах Беларусі. Ва ўрыўках у складзе рус. і бел. летапісных зводаў і кампіляцый дайшоў Смаленскі летапіс 14 — пач. 15 ст. У Смаленску ў канцы 15 ст. перапісаны Аўрамкі летапіс і, магчыма, Радзівілаўскі летапіс. На падставе зводу, блізкага да летапісу Аўрамкі, каля 1500 складзена летапісная кампіляцыя, якая трапіла ў Супрасль, дзе папоўнена гіст. запісамі па гісторыі Валынскай зямлі канца 15 ст., апавяданнем пра Аршанскую бітву 1514 і «Пахвалой гетману Канстанціну Астрожскаму» (гл. Валынскі кароткі летапіс). У 15—16 ст. пад уплывам новых гіст. умоў (заканчэнне этнічнай кансалідацыі і паліт. цэнтралізацыі бел. зямель) характар летапісання Беларусі істотна змяніўся, мясц. летапісы заняпалі, узніклі агульнадзярж. летапісы беларуска-літоўскія, якія складаліся на бел. мове пераважна бел. летапісцамі. У 16 ст. бел.-літ. летапісы страцілі агульнарус. характар. У іх узмацніліся ідэі агульнадзярж. патрыятызму, гісторыя ВКЛ стала падавацца не як частка і працяг гісторыі Русі, а як асобная і самацэнная з’ява. Новы этап у гісторыі бел. летапісання пачаўся ў 17 ст. У выніку глыбокіх унутр. змен у культ.-гіст. і духоўным жыцці бел. народа адбывалася ідэйна-маст. эвалюцыя і трансфармацыя жанру гіст.-дакумент. прозы Беларусі, яго дэмакратызацыя. Замест параўнальна аднародных у жанрава-стылявым плане агульнадзярж. хронік узніклі новыя жанры — мясц. летапісы, дыярыушы (дзённікі) і хранографы, звязаныя з традыцыямі летапіснага жанру папярэдняга перыяду. Найб. выдатныя творы мясц. летапісання Беларусі 17—18 ст.: Баркулабаўскі летапіс, Магілёўская хроніка (месцамі нагадвае гіст. аповесць-дзённік горада), Віцебскі летапіс (гіст.-дакументальная крыніца, напісаная па-польску).

Прыярытэт адкрыцця і навук. вывучэння Л.б. належыць І.Даніловічу, які ўпершыню апублікаваў (у 1823—24) тэкст Бел.-літ. летапісу 1446 паводле Супрасльскага спісу і шэраг артыкулаў. У часы Рас. імперыі Л.б. даследавалі С.​Смолька, Ф.​Сушыцкі, І.​А.​Ціхаміраў, А.​А.​Шахматаў, Я.​Якубоўскі і інш. Летапісы вывучалі і вывучаюць бел. (М.​М.​Улашчык, В.​А.​Чамярыцкі), літ. (М.​Ючас) і інш. даследчыкі. Захавалася каля 50 спісаў Л.б., большасць з якіх зберагаецца ў Маскве і С.-Пецярбургу.

Публ.:

Полное собрание русских летописей. Т. 17. СПб., 1907;

Т. 32. М., 1975;

Т. 35. М., 1980;

Беларускія летапісы і хронікі. Мн., 1997.

Літ.:

Чамярыцкі В.А. Беларускія летапісы як помнікі літаратуры: Узнікненне і літ. гісторыя першых зводаў. Мн., 1969;

История белорусской дооктябрьской литературы. Мн., 1977;

Улащик Н.Н. Введение в изучение белорусско-литовского летописания. М., 1985.

В.​А.​Чамярыцкі.

т. 9, с. 223

ЛЕ́ТАПІС АЎРА́МКІ,

гл. Аўрамкі летапіс.

т. 9, с. 221