Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ЛЕ́ЛІКАВА,

вёска ў Дзівінскім с/с Кобрынскага р-на Брэсцкай вобл. Цэнтр калгаса. За 47 км на ПдУ ад горада і чыг. станцыі Кобрын, 97 км ад Брэста. 1012 ж., 354 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Помнік архітэктуры — Дзмітрыеўская царква (18 ст.).

т. 9, с. 195

ЛЕЛУА́Р ((Leloir) Луіс Федэрыка) (6.9. 1906, Парыж — 2.12.1987),

аргенцінскі біяхімік. Чл. Аргенцінскай нац. акадэміі медыцыны (1961), Нац. АН ЗША (1960), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1961). Скончыў ун-т у Буэнас-Айрэсе (1932). З 1941 праф. гэтага ун-та, у 1943—46 ва ун-це ў Сент-Луісе (ЗША). З 1946 працаваў у Буэнас-Айрэсе: у Ін-це фізіялогіі, з 1947 дырэктарам Ін-та біяхім. даследаванняў, з 1962 заг. кафедры ун-та. Навук. працы па абмене і біясінтэзе вугляводаў. Атрымаў бясклетачны прэпарат, які акісляе тлустыя к-ты, устанавіў механізм ферментацыйных рэакцый біясінтэзу аліга- і поліцукрыдаў, даследаваў ролю нырак пры гіпертаніі, адкрыў гіпертэнзін. Нобелеўская прэмія 1970.

Л.Лелуар.

т. 9, с. 195

ЛЕЛЬВА́НІ,

у хацкай і хецкай міфалогіі бажаство падземнага свету. Лічылася мужчынскім бажаством, у больш позняй хецкай міфалогіі — жаночым і асацыіравалася з акадскай багіняй Алатум. Каб пазбегнуць заўчаснай смерці, вернікі наладжвалі святы ў гонар Л. і прыносілі ёй ахвяры.

т. 9, с. 196

ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ КРАЯЗНА́ЎЧЫ МУЗЕ́Й.

Створаны ў 1989 у г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл. Пл. экспазіцыі 115 м², каля 400 экспанатаў асн. фонду (1999). Сярод экспанатаў крамянёвыя прылады працы, наканечнікі стрэл 3—2-га тыс. да н.э. з археал. помнікаў раёна; рэчы матэрыяльнай культуры (кросны, ступы, жорны і інш.), нац. касцюмы, вышыванкі 19 — пач. 20 ст.; дакументы і матэрыялы часоў грамадз. вайны, правядзення калектывізацыі, Вял. Айч. вайны (партыз. рух, дзейнасць падполля, злучэнняў укр. і малдаўскіх партызан, узоры ўзбраення, пра воінаў-землякоў, у т.л. Героя Сав. Саюза М.П.Сыдзько, камандзіраў партыз. атрада І.А.Коласа, брыгады Лельчыцкай К.М.Дамброўскага і інш.); дакументы і матэрыялы пра пасляваеннае аднаўленне і развіццё прам-сці і культуры нас. пунктаў раёна.

Дз.С.Жук.

т. 9, с. 196

ЛЕ́ЛЬЧЫЦКІ РАЁН На ПдЗ Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924, у 1962 ліквідаваны, у 1965 адноўлены. Пл. 3,2 тыс. км2. Нас. 31,3 тыс. чал. (1998), гарадскога 30%. Сярэдняя шчыльн. 10 чал. на 1 км2. Цэнтр — г.п. Лельчыцы.

Уключае 72 сельскія нас. пункты, 14 сельсаветаў: Астражанскі, Бараўскі, Буйнавіцкі, Букчанскі, Глушкавіцкі, Грабянёўскі, Дзяржынскі, Дуброўскі, Лельчыцкі, Мілашавіцкі, Сіманіцкі, Стадоліцкі, Тонежскі, Ударненскі. Раён пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС, б.ч. яго тэрыторыі забруджана радыенуклідамі. 2 вёскі адселены.

Тэр. раёна размешчана ў межах Мазырскага Палесся і Прыпяцкага Палесся. Паверхня пласкахвалістая, 70% тэрыторыі на выш. 120—150 м, найвыш. пункт 167 м (за 2 км на ПдЗ ад в. Запясочнае). Карысныя выкапні: буры вугаль, торф, буд. (Глушкавіцкае радовішча будаўнічага каменю) і абліцовачны камень граніт (радовішча Кар’ер Надзеі каля в. Глушкавічы), каалін, гліны, суглінкі, пяскі шкловыя і фармовачныя. Сярэдняя т-ра студз. -5,8 °C, ліп. 18,6 °C. Ападкаў 546 мм за год. Вегетац. перыяд 199 сут. Найб. рэкі: Убарць з Каросцінкай, Свінавод, Сцвіга з прытокам Плаў. Буйнейшыя меліярац. каналы: Жмурненскі, Братухінскі, Валаўскі. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (39,1%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (32,5%), дзярнова-падзолістыя (16,7%). Пад лесам 68% тэрыторыі, з іх 24% — штучныя насаджэнні (хвоя, дуб). Найб. лясістасць на 3 раёна. Лясы пераважна хваёвыя, бярозавыя, дубовыя, трапляюцца чорнаальховыя, яловыя, таполевыя, асінавыя, грабавыя і інш. Балоты займаюць 34,5 тыс. га, найб. Тапілаўскае балота і Кандаль-Яловец-Вольхава. У раёне частка нац. парку Прыпяцкі; заказнікі: рэсп. значэння — біял. Букчанскі; мясц. значэння гідралагічныя Берын, Заручэўе, Засадзішча, Лахніцкае, Лельчыцкае, Лугавое, Манчыцы, Невіца, Рэчыца, Тапілаўскае; помнікі прыроды рэсп. значэння: дуб у Данілевіцкім лясніцтве; выхад на паверхню крышт. парод каля в. Глушкавічы. Зона адпачынку Чырвонабярэжжа. На левабярэжжы р. Убарць рэліктавы хмызняк пантыйскай азалеі (жоўтага рададэндрану).

Агульная пл. с.-г. угоддзяў 50 тыс. га, з іх асушаных 26,8 тыс. га. На 1.1.1999 у раёне 19 калгасаў, 3 саўгасы, 4 фермерскія гаспадаркі. Асн. галіны сельскай гаспадаркі: мяса-малочная жывёлагадоўля, пашыраны пасевы збожжавых і кармавых культур, бульбы. Прадпрыемствы харч. (масла, сыр, кансервы) і буд. матэрыялаў прам-сці. У в. Глушкавічы друзавы з-д (кар’ер «Сялянская ніва») і кар’ер «Глушкавічы» Мікашэвіцкага каменеапрацоўчага з-да. Тэр. раёна перасякаюць аўтадарогі Мазыр—Лельчыцы—Глушкавічы, Тураў—Лельчыцы—Славечна. У раёне 17 сярэдніх, 11 базавых, 11 пач., 1 муз., 1 маст. школы, прафес.-тэхн. вучылішча, 23 дашкольныя ўстановы, 22 клубы, 18 дамоў культуры, 33 б-кі, 5 бальніц, 1 паліклініка, 1 амбулаторыя, 29 фельч.-ак. пунктаў. Помнік архітэктуры: драўляная царква (18 ст.) у в. Прыбалавічы. Выдаецца газ. «Светлае жыццё».

Г.С.Смалякоў.

т. 9, с. 196

ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав. З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.А.Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦК ВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.

В.М.Князева.

Лельчыцы. Забудова вуліцы Перамогі.

т. 9, с. 196

ЛЕЛЮКІ́,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 16 км на ПдУ ад г.п. Іўе, 164 км ад Гродна, 22 км ад чыг. ст. Юрацішкі. 387 ж., 138 двароў (1999). Лясніцтва. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну.

т. 9, с. 196

ЛЕЛЮШЭ́НКА (Дзмітрый Данілавіч) (2.11.1901, с. Новакузняцоўка Зернаградскага р-на Растоўскай вобл., Расія — 20.7.1987),

савецкі военачальнік. Ген. арміі (1959). Двойчы Герой Сав. Саюза (1940, 1945), Герой Чэхаславакіі (1970). У арміі з 1919. Удзельнік грамадз. вайны. Скончыў ваен. акадэміі імя Фрунзе (1933) і Генштаба (1949). З 1925 у кав. часцях, потым у бранятанк. войсках. Удзельнік паходу сав. войск у Зах. Беларусь (1939), сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну камандзір механіз. і стралк. карпусоў, з кастр. 1941 камандуючы 5, 30, 1, 3-й гв., з 1944—4-й танк. арміямі. З 1945 на камандных пасадах у Сав. Арміі. У 1960—64 старшыня ЦК ДТСААФ.

т. 9, с. 196

ЛЕ́ЛЯКАПАДО́БНЫЯ (Caprimulgiformes),

атрад птушак, 5 сям., 93 сучасныя і 8 выкапнёвых відаў. Пашыраны ўсюды, акрамя палярных раёнаў, найб. — у тропіках. На Беларусі 1 від — ляляк звычайны (Caprimulgus europaeus). Жыве парамі ў лясах, пераважна хваёвых. Начная птушка. Нар. назвы начніца, лежань. Пуэртарыканскі ляляк (C. noctitherus) — у Чырв. кнізе МСАП.

Даўж. леляка звычайнага да 29 см, маса да 100 г. Апярэнне мяккае, рыхлае, буравата-шэрае, стракатае. Крылы і хвост доўгія. Дзюба кароткая, рот шырокі, абкружаны доўгімі шчацінкападобнымі пёрамі. Вочы вялікія. Ногі кароткія, слабыя. Корміцца насякомымі. Нясе 3 яйцы.

Да арт. Лелякападобныя. Ляляк звычайны.

т. 9, с. 197