ЛЕ́ЛЬЧЫЦЫ,

гарадскі пасёлак, цэнтр Лельчыцкага р-на Гомельскай вобл., на р. Убарць. За 215 км ад Гомеля, 67 км ад чыг. ст. Ельск на лініі Калінкавічы—Оўруч. Аўтадарогамі злучаны з Мазыром, Туравам, Глушкавічамі. 9,4 тыс. ж. (1998).

Вядомы з 16 ст. як сяло Мазырскага пав. Кіеўскага, з 1569 — Мінскага ваяв. ВКЛ. З 1793 у Рас. імперыі, цэнтр воласці ў Мазырскім пав. З 1863 мястэчка, прыватнае ўладанне. У 1874 было 6 вадзяных млыноў, карчма. У 1886—425 ж., 67 двароў, валасное праўленне, царква, школа, сінагога, яўр. малітоўная школа. У 1897—890 ж., у 1909—1216 ж., 170 двароў. У 1919—20 у Гомельскай губ., з 1921 у Мазырскай акрузе. З 17.7.1924 цэнтр Лельчыцкага раёна. З 27.9.1938 — гар. пасёлак Палескай вобласці. З 23.9.1941 да 23.1.1944 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Л. і раёне 2148 чал. У ноч на 26.11.1942 партыз. злучэнне С.А.Каўпака пры ўдзеле Ельскага партыз. атрада разграміла ў Л. варожы гарнізон. З 1954 у Гомельскай вобл. У 1962—65 у Мазырскім р-не. У 1972—5,4 тыс. ж.

Прадпрыемствы буд. матэрыялаў, харч. прам-сці, 2 сярэднія школы, школа мастацтваў, 5 дашкольных устаноў, 2 б-кі, Лельчыцкі краязнаўчы музей. Дом культуры, кінатэатр, бальніца. Касцёл прасвятога сэрца Ісуса і Дзевы Марыі з Фацімы (1999). Брацкая магіла членаў аператыўнай групы ЦК ВЛКСМ, лётчыкаў і партызана; магіла ахвяр фашызму.

В.М.Князева.

Лельчыцы. Забудова вуліцы Перамогі.

т. 9, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)