ЛЕ́ТА пара года, кліматычны сезон паміж вясной і восенню. У астраноміі — перыяд ад дня летняга сонцастаяння да асенняга раўнадзенства (з 22 чэрв. да 23 вер. ў Паўн. паўшар’і, з 22 снеж. да 21 сак. ў Паўднёвым). Паводле календара летнія месяцы ў Паўн. паўшар’і чэрвень, ліпень, жнівень, у Паўд. — снеж., студз., люты. Працягласць Л. як кліматычнага і феналагічнага сезона скарачаецца ад нізкіх шырот да высокіх. У экватарыяльным поясе Л. ў кліматычным разуменні цягнецца ўвесь год, у субтропіках — каля 5 месяцаў, ва ўмераным поясе — каля 3 месяцаў, у палярных шыротах не больш як 1—2 месяцы. На тэр. Беларусі Л. пачынаецца з пераходу сярэдняй сутачнай т-ры паветра вышэй за 14 °C у 2—3-й дэкадах мая. Паводле феналагічных з’яў вылучаюць пачатак Л., поўнае Л., спад Л. На летні сезон прыпадае больш за палавіну гадавой працягласці сонечнага ззяння і сонечнай радыяцыі. Л. характарызуецца паслабленнем цыкланічнай дзейнасці, дастаткова высокімі т-рамі паветра, вады, паверхні глебы, бесперапыннай вегетацыяй раслін.
т. 9, с. 220
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)