ЛЕ́МБЕРГ, Лембергс (Lehmbergs) Аляксандрс (25.3.1921, Рыга — 25.11.1985), латвійскі артыст балета, балетмайстар, педагог. Нар. арт. Латвіі (1971). Нар. арт. СССР (1982). Скончыў балетную школу пры Нац. оперы і балетную студыю А.​Фёдаравай у Рызе (1938). У 1939—68 (з перапынкам) артыст, з 1968 гал. балетмайстар Латв. т-ра оперы і балета. З 1956 выкладчык, у 1964—68 дырэктар Рыжскага харэагр. вучылішча. Сярод партый: Аўстрыс («Лайма» А.​Лепіньша), Тот («Сакта свабоды» А.​Скултэ), Лайманіс («Стабурагс» А.​Калніньша), Зігфрыд («Лебядзінае возера» П.​Чайкоўскага), Франдоса («Лаўрэнсія» А.​Крэйна), Базіль («Дон Кіхот» Л.​Мінкуса), Жан дэ Брыен («Раймонда» А.​Глазунова), Альберт («Жызэль» А.​Адана), Прынц, Рамэо і Тыбальд («Папялушка», «Рамэо і Джульета» С.​Пракоф’ева). Паставіў балеты; «Спрыдытыс» А.​Жылінскіса, «У агні» Ю.​Карлсана, «Пер Гюнт» на муз. Э.​Грыга, «Сабор Парыжскай Божай Маці» Ц.​Пуні, Р.​Дрыга, Р.​Глазупа, «Скарамуш» Я.​Сібеліуса, «Кармэн-сюіта» Ж.​Бізэ — Р.​Шчадрына, «Антоній і Клеапатра» Э.​Лазарава і інш.

т. 9, с. 197

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)