ЛЕ́БЕДЗЕЎ (Віктар Цімафеевіч) (н. 13.1.1932, г. Арол, Расія),

бел. акцёр. Нар. арт. Беларусі (1992). Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1955). З 1956 працуе ў Бел. т-ры юнага гледача. Акцёр шырокага творчага дыяпазону. Яго творчасць адметная спалучэннем псіхал. аналізу з выразным знешнім малюнкам. Ролі будуе на эмацыянальных кантрастах, тонка адчувае жанравыя асаблівасці твора. Сярод роляў: Трахім («Прымакі» Я.​Купалы), Кароль, Самахвальскі («Цудоўная дудка», «Несцерка» В.​Вольскага), Халімон («Подых навальніцы» І.​Мележа), Кароль («Сярэбраная табакерка» З.​Бядулі), Анатоль, Андрэй («Папараць-кветка», «Над хвалямі Серабранкі» І.​Козела), Круціцкі, Рыспаложанскі («На ўсякага мудраца хапае прастаты», «Банкрут» А.​Астроўскага), Румін («Дачнікі» М.​Горкага), Хлестакоў («Рэвізор» М.​Гогаля), Фёдар («У пошуках радасці» В.​Розава), Пратэй, Мальволіо («Два веронцы», «Дванаццатая ноч» У.​Шэкспіра), Панталоне («Зялёная птушка» К.​Гоцы), Трэлані, Ліўсі («Востраў скарбаў» Р.​Стывенсана), Артур («Авадзень» паводле Э.​Войніч), Юліус («Новыя прыгоды Карлсана» паводле А.​Ліндгрэн) і інш. Здымаецца ў кіно і на тэлебачанні.

В.​А.​Ракіцкі.

В.Лебедзеў у ролі Трэлані.

т. 9, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)