Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГІЛЬ-РАДЗІЁНАЎ Уладзімір Уладзіміравіч

(18.7.1906, в. Дараганава Асіповіцкага р-на Магілёўскай вобл. — 14.5.1944),

адзін з кіраўнікоў партыз. руху на Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Скончыў Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1939). З 1941 на фронце, нач. штаба стралк. дывізіі. Паранены трапіў у палон, з 1942 быў камандзірам «дружыны», палка, брыгады «Рускай нац. нар. арміі», сфарміраванай гітлераўцамі з ваеннапалонных. Падрыхтаваў і арганізаваў 16.8.1943 пераход гэтага фарміравання ў поўным складзе на бок партызан, якое атрымала назву 1-я Антыфаш. партыз. брыгада. Фарміраванне правяло Вілейскі бой 1943, Докшыцка-Крулеўшчынскую аперацыю 1943 і інш. 16.9.1943 Гіль-Радзіёнаў узнагароджаны ордэнам Чырв. Зоркі, атрымаў званне палкоўніка. У цяжкіх баях у час карнай аперацыі «Веснавое свята» ў ходзе Полацка-Лепельскай бітвы 1944 брыгада панесла вял. страты, Гіль-Радзіёнаў быў смяротна паранены.

т. 5, с. 245

ГІЛЯ́РАЎ Меркурый Сяргеевіч

(6.3.1912, Кіеў — 1985),

савецкі заолаг; стваральнік глебавай заалогіі. Акад. АН СССР (1974, чл.-кар. 1966). Скончыў Кіеўскі ун-т (1933). З 1944 у Ін-це эвалюцыйнай марфалогіі і экалогіі АН СССР (адначасова з 1949 праф. Маскоўскага пед. ін-та). Навук. працы па эвалюцыі членістаногіх, аб ролі беспазваночных у глебаўтварэнні, заканамернасцях натуральнага адбору. Дзярж. прэміі СССР 1951, 1967, 1980.

Тв.:

Зоологический метод диагностики почв. М., 1965;

Закономерности приспособлений членистоногих к жизни на суше. М., 1970.

т. 5, с. 246

ГІЛЯ́РАЎ-ПЛАТО́НАЎ Мікіта Пятровіч

(4.6.1824, г. Каломна, Расія — 25.10.1887),

расійскі публіцыст, філосаф, гісторык рэлігіі. Скончыў Маскоўскую акадэмію (1848). У 1856—62 працаваў у Маскоўскім цэнзурным к-це, з 1863 кіраўнік Маскоўскай сінадальнай друкарні, з 1867 выдаваў «Современные известия» — першую маскоўскую штодзённую газету, у якой змяшчаў артыкулы па царк. і бягучых паліт. пытаннях. Навук. дзейнасць Гілярава-Платонава рознабаковая: распрацоўваў эканам. тэорыі («Асноўныя пачаткі эканоміі», 1889), вёў даследаванні ў галіне слав. мовазнаўства («Экскурсіі ў рускую граматыку», 1884). Асн. яго філас. праца прысвечана крытычнаму разгляду філасофіі Гегеля. Аўтар успамінаў «З перажытага» (1886).

Тв.:

Сборник соч. Т. 1—2. М., 1899;

Вопросы веры и церкви: Сб. статей 1868—1887 гг. Т. 1—2. М., 1905—06.

т. 5, с. 246

ГІЛЯРО́ЎСКІ Уладзімір Аляксеевіч

(8.12.1853, маёнтак у Валагодскай губ., Расія — 1.10.1935),

рускі пісьменнік. Каля 10 гадоў вандраваў па Расіі, працаваў бурлаком, кручнікам, пажарным, табуншчыкам, цыркачом, правінцыяльным акцёрам; добраахвотна ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Як журналіст выступаў у друку з 1873. Супрацоўнічаў у многіх газетах; Гіляроўскага называлі «каралём рэпарцёраў» («Катастрофа на Хадынскім полі», 1896). Першая кніга нарысаў і апавяданняў «Трушчобныя людзі» (1887) спалена па загаду цэнзуры яшчэ да выхаду ў свет. Аўтар кніг вершаў «1914 год. Казакі» (1914), «Год вайны. Думы і песні» (1915), «Грозны год», кніг мемуараў пра дарэв. Расію, норавы і звычаі старой Масквы «Масква і масквічы» (1926), «Мае вандраванні» (1928), «Людзі тэатра» (выд. 1941), «Масква газетная» (выд. 1960).

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1989.

Літ.:

Морозов Н.И. Сорок лет с Гиляровским. М., 1963;

Есин Б.И. Репортажи В.А.Гиляровского. М., 1985.

т. 5, с. 246