ГІЛЯРО́ЎСКІ Уладзімір Аляксеевіч

(8.12.1853, маёнтак у Валагодскай губ., Расія — 1.10.1935),

рускі пісьменнік. Каля 10 гадоў вандраваў па Расіі, працаваў бурлаком, кручнікам, пажарным, табуншчыкам, цыркачом, правінцыяльным акцёрам; добраахвотна ўдзельнічаў у рус.-тур. вайне 1877—78. Як журналіст выступаў у друку з 1873. Супрацоўнічаў у многіх газетах; Гіляроўскага называлі «каралём рэпарцёраў» («Катастрофа на Хадынскім полі», 1896). Першая кніга нарысаў і апавяданняў «Трушчобныя людзі» (1887) спалена па загаду цэнзуры яшчэ да выхаду ў свет. Аўтар кніг вершаў «1914 год. Казакі» (1914), «Год вайны. Думы і песні» (1915), «Грозны год», кніг мемуараў пра дарэв. Расію, норавы і звычаі старой Масквы «Масква і масквічы» (1926), «Мае вандраванні» (1928), «Людзі тэатра» (выд. 1941), «Масква газетная» (выд. 1960).

Тв.:

Соч. Т. 1—4. М., 1989.

Літ.:

Морозов Н.И. Сорок лет с Гиляровским. М., 1963;

Есин Б.И. Репортажи В.А.Гиляровского. М., 1985.

т. 5, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)