Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),

бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.​Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.

Літ.:

Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;

Прокошина Е.​С.​Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;

Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.

І.​В.​Саверчанка.

А.У.Руцкі.

т. 13, с. 477

РУЧАЁЎКА,

вёска ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., на р. Песачанка, на аўтадарозе Лоеў—Брагін. Цэнтр сельсавета і саўгаса. За 25 км на ПдЗ ад г.п. Лоеў, Ш км ад Гомеля, 63 км ад чыг. ст. Рэчыца. 366 ж., 132 двары (2001). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў.

т. 13, с. 478

РУЧА́Й,

невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.

т. 13, с. 478

РУЧА́Й,

вёска ў Шаркаўшчынскім р-не Віцебскай вобл., на аўтадарозе Шаркаўшчына—Дзісна. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 8 км на ПнУ ад гар. пасёлка і чыг. ст. Шаркаўшчына, 210 км ад Віцебска. 90 ж., 43 двары (2001). Дом культуры, б-ка, камбінат быт. абслугоўвання.

т. 13, с. 478

РУЧА́ЙНІКІ, валасакрылыя (Trichoptera),

атрад насякомых. 2 падатр., 13—16 сям. (па інш. класіфікацыях да 30), больш за 5,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. Дарослыя жывуць на сушы каля вады, лічынкі і кукалкі — пераважна ў вадзе. Водныя лічынкі Р. — індыкатары добрай якасці вады і высокай прадукцыйнасці вадаёма. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі (Phryganea grandis), сеткаваты (Oligostomis reticulata) і інш. віды з родаў лімнафілюс (Limnophilus), маланна (Molanna), стэнафілакс (Stenophilax) і інш.; водныя лічынкі Р. наз. шыцікамі.

Даўж. да 3 см. Цела бурае ці шэрае. 2 пары перапончатых крылаў укрыты валаскамі. Дарослыя не кормяцца. Лічынкі (ротавы апарат грызучы) кормяцца рэшткамі раслін, ёсць драпежнікі; маюць 3 пары ног. У большасці відаў Р. растуць і развіваюцца ў трубках-чахольчыках («хатках») з пясчынак, ракавінак, ч. раслін, склееных павуціннем, што выдзяляецца спец. залозамі. Дыхаюць паверхняй цела і трахейнымі шчэлепамі. Рухаюцца разам з «хаткай». Кукалкі таксама рухомыя. Лічынкі і кукалкі Р. — корм для рыб.

Ручайнікі: 1 — сеткаваты; 2 — вялікі (лічынка ў «хатцы»); 3 — вялікі (дарослая асобіна); 4 (а, б, в, г) — «хаткі» лічынак.

т. 13, с. 478

РУЧНІ́К,

прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар, і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.

На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл. Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл. Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл. Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;

Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус. Мн., 1996;

Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар. навук.-практыч. канф. Мн., 2000.

Я.​М.​Сахута.

Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.
Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.
Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.
Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.
А.​Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.

т. 13, с. 478

«РУЧНІКІ́»,

бел. сцэнічны жаночы танец, блізкі да карагода. Муз. памер ​3/4. Тэмп умераны. Створаны балетмайстрам Л.Алексютовіч на традыц. бытавой аснове пад мелодыю папулярнай аднайм. песні М.Пятрэнкі (часам суправаджаецца хар. выкананнем; рытміка песні некалькі зменена). Імітуецца вышыванне ручнікоў з паступовым пераходам да плаўнага лірычнага карагода з ручнікамі. Уваходзіць у рэпертуар шматлікіх самадз. калектываў.

Л.​К.​Алексютовіч.

т. 13, с. 479

РУЧНІ́ЦА (польск. rusznica),

адзін з першых узораў ручной агнястрэльнай зброі ў краінах Усх. і Цэнтр. Еўропы. У ВКЛ з’явілася ў 2-й пал. 14 ст.; прызначалася ў асн. для пяхоты. Складалася з гладкасценнага кованага жалезнага ствала, прымацаванага да драўлянай ложы. Зараджалася са ствала кулямі з жалеза або свінцу. Калібр 12,5—25 мм, маса да 8 кг, прыцэльная далёкасць стральбы да 150 м. У пач. 16 ст. заменена мушкетам (гл. таксама Самапал).

Ручніца.

т. 13, с. 479

РУЧНЫ́Я МАШЫ́НЫ,

механізаваны (з убудаваным рухавіком) інструмент, які пры рабоце поўнасцю або часткова ўтрымліваецца аператарам. Для прывядзення ў дзеянне рабочага органа карыстаюцца пнеўматычным, эл., радзей гідраўл. прыводам ці рухавіком унутр. згарання, парахавым зарадам.

Паводле прызначэння адрозніваюць Р.м.: дрэва- і металарэзныя (гл. Дрэварэзальны інструмент, Металарэзны інструмент), свідравальныя (дрылі), рэзьбанаразныя і закручвальныя (рэзьбанаразны інструмент, гайка-, шурупа-, шпілька-, муфтавёрты і інш.), шліфавальныя (для шліфавання, паліравання і зачысткі паверхняў), пілы (нажоўкі, дыскавыя, ланцуговыя пілы і інш.), нажніцы (дыскавыя, рычажныя, высечныя і інш.), малаткі (адбойныя малаткі, рубачныя, зачышчальныя, кляпальныя, цвіка- і скобазабіўныя і інш.), фрэзерныя (для ўтварэння пазоў, гнёздаў, розных паглыбленняў у метал., драўляных, пластмасавых ці інш. вырабах).

Ручныя машыны: 1 — рэзьбанаразальнік; 2 — пнеўматычны шабер; 3 — электрамалаток; 4 — свідравальная машына; 5 — пнеўматрамбоўка; 6 — электрычная машына для шліфавання падлогі; 7 — электрадаўбёжнік; 8 — электрычная машына для стругання падлогі.

т. 13, с. 479

РУЧНЫ́ МЯЧ,

тое, што гандбол.

т. 13, с. 479