Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУ́ПАР (галанд. roeper ад roepen крычаць),

адрэзак трубы звычайна круглага або прамавугольнага сячэння з плаўна павялічвальнымі папярочнымі памерамі. Прыстаўлены вузкім канцом да крыніцы гуку, Р. узмацняе яго (канцэнтруе гукавую энергію ў напрамку сваёй восі), а накіраваны шырокім канцом на прымаемы гук — канцэнтруе яго каля прыёмніка гуку (напр., вуха). Р. найчасцей выкарыстоўваюцца ў рупарных гучнагаварыцелях і мегафонах (прызначаны для ўзмацнення гучання галасу ў месцах з павышаным узроўнем шуму).

т. 13, с. 452

РУ́ПАРНА-ЛЮСТРА́НАЯ АНТЭ́НА накіраваная антэна ў выглядзе спалучэння рупара з адным ці больш люстэркамі. Сферычная хваля, узбуджаная на вяршыні рупара, пераўтвараецца ў плоскую хвалю пасля адбіцця люстэркамі. Найб. пашырана рупарна-парабалічная антэна, дзе рупар аб’яднаны з парабалічным люстэркам, у фокусе якога размешчана вяршыня рупара. Такія антэны выкарыстоўваюцца ў радыёрэлейных лініях сувязі, для сувязі з ШСЗ і інш.

Рупарна-люстраная антэна: 1 — рупарны апрамяняльнік; 2 — фронт хвалі, што падае на люстэрка; 3 — фронт адбітай хвалі; 4 — люстэрка; F — фокус люстэрка.

т. 13, с. 452

РУПА́САВА (Жанна Аляксандраўна) (н. 7.6.1944, г. Кустанай, Казахстан),

бел. вучоны ў галіне экалогіі і фізіялогіі раслін. Д-р біял. н. (1991), праф. (1999). Скончыла Маскоўскі ун-т (1966). З 1972 у Цэнтр. бат. садзе Нац. АН Беларусі (з 1982 заг. лабараторыі). Навук. працы па пытаннях трансфармацыі лясных экасістэм і міграцыйных патокаў у іх хім. элементаў пад уздзеяннем тэхнагенных і рэкрэацыйных нагрузак, фізіёлага-біяхім. аспектах развіцця інтрадукаваных лек. раслін.

Тв.:

Техногенное загрязнение лесных экосистем Беларуси. Мн., 1995 (у сааўт.);

Клюква крупноплодная в Беларуси: Биохим. состав, хранение, переработка. Мн., 1999 (разам з Т.​І.​Васілеўскай).

т. 13, с. 452

РУ́ПІЯ (Ruppia),

род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).

Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 452