Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУ́СА ((Roosa) Сцюарт) (н. 16.8.1933, г. Дуранга, ЗША),

касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (з 1976 у адстаўцы). Скончыў Каларадскі ун-т (1962), школу падрыхтоўкі пілотаў для аэракасм. даследаванняў (1965). З 1966 у групе касманаўтаў НАСА. 31.1—9.2.1971 з А.Шэпардам і Э.Мітчэлам здзейсніў палёт вакол Месяца як пілот асн. блока касм. карабля «Апалон-14». У космасе правёў 9 сут. Медаль НАСА «За выдатныя заслугі».

У.​С.​Ларыёнаў.

т. 13, с. 454

РУСА́К,

гл. ў арт. Зайцы.

т. 13, с. 454

РУСА́К (Адам Герасімавіч) (24.5.1904, в. Пясочнае Капыльскага р-на Мінскай вобл. — 21.3.1987),

бел. паэт. Засл. дз. культ. Беларусі (1964). Скончыў Бел. муз. тэхнікум (1930), Ленінградскую кансерваторыю (1934). Працаваў салістам аркестра Ленінградскага Малога опернага тэатра (1932—49), Бел. філармоніі (1949—59). Друкаваўся з 1927. Аўтар кніг паэзіі «На родных палетках» (1946), «Песні і вершы» (1951), «Песні» (1954), «Пад голас баяна» (1957), «Звонкія крыніцы» (1965), «Закрасуйся, Нёман» (1978), «Песні на словы А.​Русака» (1980). У яго вершах услаўляюцца жыццё і праца свайго народа, яго гасціннасць і шчырасць, ім характэрны светлыя фарбы, мажорнае гучанне і лёгкі смутак, напеўнасць і прастата, гумар і вобразнасць, блізкія да фальклору. Песня на яго словы «Бывайце здаровы» (музыка У.​Захарава і І.​Любана) стала народнаю. Шырокую вядомасць і папулярнасць набылі інш. песні (каля 300) на тэксты вершаў Р.: «Толькі з табою» і «Не шукай» (муз. Любана), «Лясная песня» (муз. У.​Алоўнікава), «Не за вочы чорныя» (муз. Ю.​Семянякі), «Узнялося сонца яснае» (муз. Дз.​Лукаса), «Дзе ты, зорка мая» (муз. І.​Лучанка), «Сярожка» (муз. К.​Паплаўскага), «Як той Зосі давялося» (муз. Г.​Цітовіча), «Чырвоная вяргінечка» (муз. Н.​Сакалоўскага), «Як правёў мяне Цімох» (муз. М.​Ларкова) і інш. Для дзяцей выдаў зб-кі паэзіі «У Буслаўцы» (1967), «Добра ведаю ўрок» (1981), «Дружбакі» (1987).

Тв.:

Выбранае. Мн., 1972;

Толькі з табою. Мн., 1960. Засцілайце сталы. Мн., 1984.

Літ.:

Цішчанка І. Жыццё песні. Мн., 1984;

Бачыла А. Крыло неспакою. Мн., 1985;

Вайткевіч В. Выбіраць словы, як кветкі для букета // Мастацтва Беларусі. 1984. №6.

Л.​М.​Гарэлік.

А.Г.Русак.

т. 13, с. 454

РУСА́К (Валянцін Мікалаевіч) (н. 10.8.1936, в. Затур’я Нясвіжскага р-на Мінскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1988), праф. (1989). Скончыў БДУ (1959), дзе і працуе з 1962. Навук. працы па матэм. аналізе і выліч. матэматыцы. Распрацаваў прамыя метады ў рацыянальнай апраксімацыі са свабоднымі полюсамі, знайшоў дакладныя парадкі для найлепшых рацыянальных набліжэнняў на шэрагу класаў функцый, атрымаў экстрэмальныя няроўнасці для вытворных рацыянальных функцый у розных метрыках.

Тв.:

Рациональные функции как аппарат приближения. Мн., 1979;

Курс вышэйшай матэматыкі. Мн., 1997 (у сааўт.);

Математическая физика. Мн., 1998.

П.​М.​Бараноўскі.

т. 13, с. 454

РУСА́К (дзявочае Родзька) Галіна

(24.5.1930, г. Навагрудак Гродзенскай вобл. — 14.9.2000),

мастачка, мастацтвазнаўца, грамадскі дзеяч бел. дыяспары ў ЗША, удзельніца агульнаамер. руху за правы жанчын. Праф. (1993). З 1949 жыла ў ЗША. Скончыла Ратгерскі ун-т (штат Нью-Джэрсі) са ступенямі магістра бібліятэчных навук (1956) і магістра гісторыі мастацтва (1976). Працавала дырэктарам маст. б-кі гэтага ун-та. Удзельніца маст. выставак з 1969; творы экспанаваліся ў ЗША, Канадзе, Беларусі (1992, адзіная персанальная выстаўка на радзіме). Малявала ў манеры імпрэсіянізму сродкамі жывапісу і графікі пейзажы («Курган», «Папараць—кветка шчасця», «Буслы ў палёце» і інш., 1970—80-я г.), творы, якія адлюстроўваюць постаці і падзеі бел. гісторыі, паданні і легенды, катастрофу на Чарнобыльскай АЭС («Ефрасіння Полацкая», «Пагоня», «Чужанецкія крумкачы», «Голас продкаў», «Неспрыяльныя вятры», 1990-я г.). Уваходзіла ў склад кіраўніцтва Згуртавання беларускіх мастакоў і ўмельцаў. Аўтар навук. публікацый пра мастацтва жанчын, ахову гіст. спадчыны Беларусі, па гісторыі бел. архітэктуры і інш.

В.​А.​Трыгубовіч.

Г.Русак. Бусел. Акрыл.

т. 13, с. 454

РУСА́К (Іван Міхайлавіч) (н. 26.5.1950, в. Заастравечча Клецкага р-на Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне мікраэлектронікі і выліч. тэхнікі. Канд. тэхн. н. (1978), праф. (2000). Скончыў Мінскі радыётэхн. ін-т (1971). З 1971 у Бел. ун-це інфарматыкі і радыёэлектронікі. Навук. працы па стварэнні элементнай базы радыёэлектронных і электронна-выліч. сродкаў і праектаванні ўстройстваў на яе аснове. Аўтар падручнікаў і навуч. дапаможнікаў для ВНУ.

Тв.:

Конструирование и технология производства ЭВМ. Мн., 1996 (разам з М.​І.​Пікулем, М.​А.​Цыральчуком);

Технические средства ПЭВМ. Мн., 1996 (разам з У.​П.​Лугоўскім).

т. 13, с. 454

РУСА́К (Ніна Аляксандраўна) (14.8.1937, в. Яршэвічы Валожынскага р-на Мінскай вобл. — 8.12.1999),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1991), праф. (1992). Скончыла Бел. ін-т нар. гаспадаркі (1962). З 1963 у Бел. эканам. ун-це. Навук. працы па эканам. і фін. аналізе дзейнасці суб’ектаў гаспадарання. Распрацавала тэарэт. асновы і практычныя рэкамендацыі па ўдасканаленні прагнознага, шматварыянтнага і аператыўнага эканам. аналізу дзейнасці прамысл. прадпрыемстваў ва ўмовах пераходу да рыначнай эканомікі.

Тв.:

Совершенствование экономического анализа и учета в кондитерской промышленности. М., 1986;

Основы финансового анализа. Мн., 1995 (разам з В.​А.​Русаком);

Анализ хозяйственной деятельности в промышленности. 4 изд. Мн., 1999 (у сааўт.);

Теория анализа хозяйственной деятельности. Мн., 2001 (у сааўт.).

М.​П.​Савік.

т. 13, с. 454

Русакевіч Уладзімір Васілевіч

т. 18, кн. 1, с. 443

РУСАКО́ВА,

стаянка нёманскай культуры каля в. Русакова Слонімскага р-на Гродзенскай вобл. Датуецца 4—3-м тыс. да н.э. Выяўлены рэшткі агнішчаў, трохвугольныя наканечнікі стрэл, лістападобныя наканечнікі дзідаў, разнастайныя скрабкі, разцы і інш. прылады працы, кераміка дубічайскага тыпу і інш. Знойдзены таксама рэчы, якія адносяцца да бронзавага і жал. веку, часоў сярэдневякоўя, што сведчыць пра засяленне Р. і ў пазнейшыя часы.

т. 13, с. 454

РУСАКО́ВІЧЫ,

стаянкі каменнага і бронзавага вякоў каля в. Русаковічы Стаўбцоўскага р-на Мінскай вобл. Пры даследаванні стаянкі-1 эпохі неаліту знойдзены крамянёвыя прылады працы і фрагменты вастрадонных гаршкоў, арнаментаваных пераважна грабеньчатымі адбіткамі. Трапляюцца знаходкі тшцінецкай культуры. На стаянцы-4 эпохі мезаліту знойдзены крамянёвыя пласцінкі, канцавыя скрабкі, аднапляцовачныя нуклеусы. На стаянках 7, 8 і 9 эпохі мезаліту і бронзы знойдзены крамянёвыя прылады і кераміка трох этапаў нёманскай культуры і бронзавага веку.

т. 13, с. 454