Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

РУ́ЦКАЯ (Алена Віталеўна) (н. 11.1.1950, в. Дзякаўцы Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса, педагог. Засл. настаўніца Беларусі (1987). Скончыла БДУ (1971). Настаўнічала на Слонімшчыне, Магілёўшчыне, у 1977—93 у Слонімскай СШ № 2. З 1993 выкладае ў Гродзенскім ун-це. Друкуецца з 1966. Выдала зб-кі вершаў «Надзея» (1983), «Роздум» (1988), у якіх эмац. тонкае і па-народнаму мудрае ўспрыманне маральных каштоўнасцей, сатырычна трапнае адчуванне духоўных заган жыцця. У паэме «Вытокі» (1999) усведамленне арганічнай лучнасці лёсу чалавека з лёсам народа Зах. Беларусі ў 20 ст. Аўтар навучальна-метадычных дапаможнікаў для настаўнікаў «Тыдзень беларускай мовы і літаратуры ў школе» (1999), «Пазакласная праца па беларускай літаратуры» (2000).

А.​М.​Пяткевіч.

т. 13, с. 477

РУ́ЦКІ (Аляксандр Уладзіміравіч) (н. 27.1.1932, в. Бартнікі Баранавіцкага р-на Брэсцкай вобл.),

бел. вучоны ў галіне траўматалогіі і артапедыі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р мед. н. (1975), праф. (1977). Засл. дз. нав. Беларусі (1982). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1955). З 1961 у Бел. НДІ ўдасканалення ўрачоў (з 1966 рэктар, з 1998 заг. кафедры). Навук. працы па праблемах артапедыі і траўматалогіі, накіраваныя на зніжэнне траўматызму, скарачэнне тэрмінаў лячэння, памяншэння інваліднасці і смяротнасці, па вывучэнні тканкавага крывацёку і абменных працэсаў. Выканаў фундаментальныя даследаванні, прапанаваў шэраг метадаў дыягностыкі і лячэння траўматалагічных пашкоджанняў і захворванняў апорна-рухальнага апарату. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Постоянное вытяжение в травматологии и ортопедии. Мн., 1970;

Рентгенодиагностический атлас. Ч. 1—2. Мн., 1987 (разам з А.​М.​Міхайлавым);

Нейроортопедические и ортопедо-неврологические синдромы у детей и подростков. Мн., 1998 (разам з Г.​Г.​Шанько).

т. 13, с. 477

РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),

бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.​Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.

Літ.:

Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;

Прокошина Е.​С.​Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;

Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.

І.​В.​Саверчанка.

А.У.Руцкі.

т. 13, с. 477