РУ́ЦКІ (Іосіф Вельямін) (свецкае Іван Феліксавіч; 1574, маёнтак Рута, Навагрудчына — 5.2.1637),

бел. царкоўны дзеяч, пісьменнік, педагог, філосаф. У Віленскай кальвінскай школе вывучаў латынь, грэч. мову, іўрыт. Вучыўся ў Празе, скончыў Вюрцбургскі ун-т. Каля 1600 паступіў у Грэчаскі калегіум у Рыме. Каля 1601 вярнуўся на радзіму. З 1602 рэктар Віленскай уніяцкай семінарыі, у якой правёў рэформы ў сістэме адукацыі, напісаў навукова-пед. трактат «Дыскурсус» (каля 1605). У Вільні зблізіўся з І.Кунцэвічам. У 1607 стаў манахам уніяцкага манастыра, выкладаў багаслоўе, лац. і царк.-слав. мовы. З 1608 мітрапаліт І.​Пацей прызначыў яго сваім намеснікам. Намаганнямі Р. засн. манастыры ў Быцені, Жыровічах, Навагрудку. З 1609 архімандрыт, з 1613 уніяцкі мітрапаліт. Вёў палеміку з М.Сматрыцкім, праваслаўнымі. У палемічных творах «Падвойная віна», «Экзамен абароны» (абодва 1621), «Дадатак да экзамена абароны» (1622) і інш. выявіўся як майстар мастацка-публіцыст. слова, пісьменнік-аналітык. Схіляўся на бок дактрыны аб прыярытэтнасці свецкіх улад у краіне.

Літ.:

Турук Ф. Униатский митрополит Иосиф Вельямин Рутский (1613—1617) и его значение в истории униатской Западной русской церкви. Пг., 1916;

Прокошина Е.​С.​Мелетий Смотрицкий. Мн., 1966;

Саверчанка І.В. Апостал яднання і веры: Язэп Руцкі. Мн., 1994.

І.​В.​Саверчанка.

А.У.Руцкі.

т. 13, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)