РУ́ПІЯ (Ruppia),

род кветкавых раслін сям. рупіевых. Каля 10 відаў. Пашыраны ва ўмераных і субтрапічных паясах і ў гарах тропікаў. Растуць на мелкаводдзі марскіх узбярэжжаў і ўнутр. салёных ці саланаватых вадаёмаў. Найб. вядомыя Р.: марская (R. maritima) і вусіканосная (R. cirrhosa).

Шматгадовыя травы з тонкімі паўзучымі карэнішчамі, поўнасцю, акрамя суквеццяў, апушчаныя ў ваду. Лісце чаргаванае або супраціўнае, вузкалінейнае, часам ніткападобнае. Кветкі дробныя, двухполыя, без калякветніка, у 2-кветкавым коласе. Плод з 4—6 касцянкападобных доляў. Корм вадаплаўных птушак.

В.​М.​Прохараў.

т. 13, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)