РУЧНІ́К,

прадаўгаваты кавалак тканіны абрадавага, дэкар, і утылітарнага прызначэння. Бытуе ў краінах Цэнтр. Еўропы. Шырыня звычайна 25—45 см, даўж. 1—3 м.

На Беларусі вядомы з глыбокай старажытнасці, са з’яўленнем ткацтва. Р.-ўціральнікі служылі для быт. патрэб, у Р.-трапкачах насілі ў поле абед. Да пач. 20 ст. Р. шырока ўжывалі ў дэкар. і абрадавых мэтах. Вернікі Р. прыбіралі абразы; яны былі абавязковым атрыбутам у вясельных, радзінных, пахавальных і інш. абрадах: на іх прымалі народжаных, яны ўваходзілі ў пасаг нявесты, былі неабходнай часткай падарункаў нявесты жаніху, сватам, родным жаніха; іх перавязвалі цераз плячо свата, пасцілалі пад ногі маладым у час вянчання; на Р. апускалі труну ў магілу, іх павязвалі на магільны крыж. У часы засухі, войнаў, эпідэмій жанчыны адной вёскі за дзень ці ноч ткалі Р.-абыдзённік, які вешалі на прыдарожны крыж, абносілі вакол вёскі, праганялі па ім хатнюю жывёлу.

Р. ткалі на кроснах, аздаблялі ўзорыстым натыканнем (браным, пераборным, выбраным, закладным), вышыўкай, вязанымі і плеценымі карункамі, прошвамі, махрамі. Тэхніка выканання, характар дэкору, яго размяшчэнне адметныя ў кожным гісторыка-этнагр. рэгіёне. Традыц. Р. Панямоння пераважна манахромныя, выкананыя шматнітовай тэхнікай: геам. ўзоры, раўнамерна размешчаныя па ўсім полі, утвараюцца чаргаваннем адбеленых і суравых нітак пражы і ўтку. Р. Паазер’я, арнаментаваныя браным ці выбраным натыканнем, вызначаюцца буйным (часам паліхромным) малюнкам з дрэвам жыцця, вазонам, антрапаморфнымі фігурамі (гл. Віцебскія ручнікі); нярэдкія тут і ажурныя вырабы. Асаблівасць Р. Падняпроўя — буйны ромба-геам. дэкор, які шырокімі шчыльнымі палосамі размяшчаецца па канцах і паступова разрэджваецца да сярэдзіны Р. (Пн Падняпроўя) або выразна ад яе аддзяляецца (гл. Неглюбскія ручнікі). Падобны дэкор і Р. Усходняга Палесся; тут таксама пашыраны вырабы з выразнымі папярочнымі палосамі аднолькавай шырыні па ўсім полі (гл. Калінкавіцкія ручнікі). Для Р. Заходняга Палесся (гл. Дадатак) характэрны дэкор з гладкіх палос рознай шырыні, раўнамерна размешчаных па ўсім полі; далікатным дробнаўзорыстым дэкорам з вузенькіх палосак вызначаюцца мотальскія ручнікі. У цэнтральнай Беларусі значную частку складаюць шматнітовыя Р. з буйнарапортным шашачным бела-шэрым малюнкам поля і ўзорыстымі чырв. палосамі таго ж малюнку па канцах. Вылучаюцца капыльска-клецкія Р. з буйным лаканічным арнаментам па канцах, вытканым закладной тэхнікай. У традыц. Р. пераважае спалучэнне чырв. дэкору з белым фонам, з канца 19 ст. дадаўся чорны, з сярэдзіны 20 ст. пануючае становішча заняла паліхромія; ромбагеам. арнаментыка стараж. сімвалічнага характару саступіла месца расліннаму гладзеваму дэкору. На аснове традыц. Р. вырабы падарункавага, сувенірнага, маст. прызначэння ствараюць сучасныя нар. майстры, прадпрыемствы маст. прам-сці (гл. Мастацкіх вырабаў вытворчасць).

Літ.:

Фадзеева В.Я. Беларускі ручнік. Мн., 1994;

Кацар М.С. Беларускі арнамент: Ткацтва. Вышыўка: Пер. з рус. Мн., 1996;

Ручнік у прасторы і часе: Матэрыялы Міжнар. навук.-практыч. канф. Мн., 2000.

Я.​М.​Сахута.

Ручнік. Клімавіцкі раён Магілёўскай вобл. 1960-я г.
Ручнікі з г. Косаў Івана-Франкоўскай вобл. Украіна. 1970.
Ручнік. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1930-я г.
Ручнік. Сяло Верашчакі Бранскай вобл. Расія. 1973.
Ручнік. Капыльскі раён Мінскай вобл. 1950-я г.
А.​Бяляева. Браны ручнік. Сяло Карпагары Архангельскай вобл. Расія. 1976.

т. 13, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)