атрад насякомых. 2 падатр., 13—16 сям. (па інш. класіфікацыях да 30), больш за 5,5 тыс. відаў. Пашыраны паўсюдна. Дарослыя жывуць на сушы каля вады, лічынкі і кукалкі — пераважна ў вадзе. Водныя лічынкі Р. — індыкатары добрай якасці вады і высокай прадукцыйнасці вадаёма. На Беларусі найб. трапляюцца Р.: вялікі (Phryganea grandis), сеткаваты (Oligostomis reticulata) і інш. віды з родаў лімнафілюс (Limnophilus), маланна (Molanna), стэнафілакс (Stenophilax) і інш.; водныя лічынкі Р. наз.шыцікамі.
Даўж. да 3 см. Цела бурае ці шэрае. 2 пары перапончатых крылаў укрыты валаскамі. Дарослыя не кормяцца. Лічынкі (ротавы апарат грызучы) кормяцца рэшткамі раслін, ёсць драпежнікі; маюць 3 пары ног. У большасці відаў Р. растуць і развіваюцца ў трубках-чахольчыках («хатках») з пясчынак, ракавінак, ч. раслін, склееных павуціннем, што выдзяляецца спец. залозамі. Дыхаюць паверхняй цела і трахейнымі шчэлепамі. Рухаюцца разам з «хаткай». Кукалкі таксама рухомыя. Лічынкі і кукалкі Р. — корм для рыб.
Ручайнікі: 1 — сеткаваты; 2 — вялікі (лічынка ў «хатцы»); 3 — вялікі (дарослая асобіна); 4 (а, б, в, г) — «хаткі» лічынак.