РУЧА́Й,
невялікі пастаянны або часовы вадацёк, які ўтвараецца ад сцёку снегавых, дажджавых і грунтавых вод. Характарызуецца звілістым рэчышчам, вузкай поймай, слабавыразнай далінай; звычайна даўж. 3—5 км. Часта з’яўляецца вытокам ракі або прытокам вадаёмаў. Выразнай мяжы паміж Р. і малой ракой няма, але Р. звычайна не мае прытокаў. Найб. расход вады на Р. назіраецца пры летніх паводках, радзей у веснавое разводдзе. У засушлівую пару часта мялее і перасыхае, у моцныя маразы прамярзае. На Беларусі найчасцей да Р. адносяць вадацёкі даўж. да 10 км. У выніку меліярац. работ частка Р. ператворана ў меліярац. канавы і каналы.
т. 13, с. 478
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)