ДЭЦЫМА́ЦЫЯ (лац. decimatio),
пакаранне, упершыню прадугледжанае стараж. рымскім ваенным заканадаўствам за ўдзел у калектыўных злачынствах. Паводле правіл Д. каралі (звычайна пакараннем смерцю) кожнага дзесятага. Пазней прыклад рымлян перанялі Швецыя пры Густаве Адольфу, Францыя пры Напалеоне I, Аўстра-Венгрыя пры Францу Іосіфу. У Расіі Д. ўпершыню выкарыстаў Пётр I за пакіданне войскам поля бою, назіралася яна і пры імператарах Аляксандру I і Мікалаю I. У гады 2-й сусв. вайны Д. ўжывалі ням. фашысты ў адносінах да ваеннапалонных і мірных жыхароў акупіраваных тэрыторый. Прычына ўзнікнення Д. — прынцып усеагульнага запалохвання, якога прытрымлівалася карная палітыка адпаведных дзяржаў.
ДЭЦЭБА́Л (Decebalus; ?—106),
цар дакаў [87—106]. Пасля перамогі над рымлянамі ў вайне пры імператару Даміцыяне ў 89 Д. заключыў мір, паводле якога Рым павінен быў штогод выплачваць дакам субсідыі. Умацаваў дзяржаву, устанавіў прагрэс. формы ўнутр. кіравання. У выніку войнаў з рым. імператарам Траянам (101—102 і 105—106) тэр. дакаў была заваявана і ўтворана рым. прав. Дакія. Пасля падзення сталіцы дакаў Д. уцёк у горы, нейкі час вёў партыз. вайну супраць рымлян. Пераканаўшыся ў беспаспяховасці барацьбы, скончыў самагубствам.
т. 6, с. 366
ДЭЦЭНТРАЛІЗА́ЦЫЯ (ад дэ... + цэнтралізацыя),
перадача функцый кіравання ад цэнтр. органаў улады мясц. органам, пашырэнне кола паўнамоцтваў ніжэйшых органаў кіравання за кошт вышэйшых; ліквідацыя або паслабленне цэнтралізацыі.
т. 6, с. 366
ДЭ́ШНЕР ((Deszner) Саламея) (1759, г. Беласток, Польшча — 20.3.1809),
польская актрыса драмы і оперы, рэжысёр і антрэпрэнёр. Выканаўца роляў маладых гераінь і субрэтак. У 1777—85 і 1790—94 у Варшаўскім т-ры. У 1785—90 працавала ў т-рах Львова, Вільні. З 1794 у Гродне, дзе ў 1802 стварыла першы пастаянны т-р, якім кіравала да канца жыцця (гл. Гродзенскі тэатр С.Дэшнер).
т. 6, с. 366
ДЭ́ШПАТЫ-ЗЯНО́ВІЧЫ,
шляхецкі род у ВКЛ; гл. Зяновічы.
т. 6, с. 366
ДЭШТ (перс. пустыня),
назва пустынных раўнін на Іранскім нагор’і, у Сярэдняй Азіі і Зах. Кітаі. Пераважаюць бязводныя, друзаватыя і галечнікавыя паверхні, саланчакі. Тэрмін «Д.» уваходзіць у састаў уласных назваў пустынь Дэштэ-Кевір, Дэштэ-Лут, Дашты-Марго і інш.
т. 6, с. 366
ДЭШТЭСТА́Н,
паласа прыбярэжных пустынных раўнін у Іране і Пакістане, тое, што Гермсір.
т. 6, с. 366
ДЭ́ШТЭ-КЕВІ́Р,
пустыня на Пн Іранскага нагор’я, у Іране. Даўж. каля 500 км. шыр. да 250 км. Пл. каля 55 тыс. км². Шэраг падзеленых вузкімі нізкімі градамі бяссцёкавых пласкадонных упадзін, дно якіх знаходзіцца на выш. 600—800 м. Упадзіны заняты саланчакамі, такырамі, перасыхаючымі салёнымі балотамі. У час дажджу ўтвараюцца азёры непраходнай гразі. Летам паверхня саланчакоў пакрыта саляной скарынкай, пад якой ляжыць пясчана-глеевая багністая маса. На паўн. ускраіне Д.-К. вял. аазісы. На вял. прасторах расліннасць адсутнічае. Абвадняецца перасыхаючымі вадатокамі, якія сцякаюць у асн. з паўд. схілаў Эльбурса. Нац. парк Кевір, на У пустыні — частка рэзервата Туран.
т. 6, с. 366
ДЭ́ШТЭ-ЛУТ,
пустыня ў цэнтры Іранскага нагор’я, на У Ірана. Даўж. каля 550 км, шыр. да 200 км. Пл. 80 тыс. км². Пераважныя выш. 500—600 м. Шэраг пласкадонных бяссцёкавых упадзін (дно на выш. 200—250 м) і горных перамычак выш. 1000—2000 м (да 2992 м). Паверхня ў асн. гліністая і друзаватая. Трапляюцца саланчакі, такыры. На Пд і У барханныя і градава-ўзгорыстыя пяскі, якія слаба замацаваны саксаулам, джузгунам і салянкамі. Фіз. выветрыванне ўтварыла шматлікія «стаўбы», «грыбы» і інш. формы рэльефу. Па ўскраінах зрэдку аазісы з фінікавымі пальмамі.
т. 6, с. 366
ДЭШТ-І-КІПЧА́К, Кіпчакскі стэп,
назва ў арабскіх і перс. крыніцах 11—15 ст. тэр. ад р. Іртыш да р. Дунай, ад Крыма да г. Балгар Вялікі (гл.
Балгарыя Волжска-Камская), дзе качавалі кіпчакі (полаўцы). У 13 ст. заваяваны манголамі. Падзяляўся мяжой па Урале і р. Яік (цяпер Урал) на Усх. і Заходні Кіпчак (вядомы ў рус. летапісах пад назвай Палавецкая зямля). У 16—18 ст. Д.-і-К. называлася толькі ўсх. частка (тэр. сучаснага Казахстана).
т. 6, с. 366