ДЭЦЫМА́ЦЫЯ (лац. decimatio),
пакаранне, упершыню прадугледжанае стараж. рымскім ваенным заканадаўствам за ўдзел у калектыўных злачынствах. Паводле правіл Д. каралі (звычайна пакараннем смерцю) кожнага дзесятага. Пазней прыклад рымлян перанялі Швецыя пры Густаве Адольфу, Францыя пры Напалеоне I, Аўстра-Венгрыя пры Францу Іосіфу. У Расіі Д. ўпершыню выкарыстаў Пётр I за пакіданне войскам поля бою, назіралася яна і пры імператарах Аляксандру I і Мікалаю I. У гады 2-й сусв. вайны Д. ўжывалі ням. фашысты ў адносінах да ваеннапалонных і мірных жыхароў акупіраваных тэрыторый. Прычына ўзнікнення Д. — прынцып усеагульнага запалохвання, якога прытрымлівалася карная палітыка адпаведных дзяржаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)