ДЭ́ШТЭ-КЕВІ́Р,

пустыня на Пн Іранскага нагор’я, у Іране. Даўж. каля 500 км. шыр. да 250 км. Пл. каля 55 тыс. км². Шэраг падзеленых вузкімі нізкімі градамі бяссцёкавых пласкадонных упадзін, дно якіх знаходзіцца на выш. 600—800 м. Упадзіны заняты саланчакамі, такырамі, перасыхаючымі салёнымі балотамі. У час дажджу ўтвараюцца азёры непраходнай гразі. Летам паверхня саланчакоў пакрыта саляной скарынкай, пад якой ляжыць пясчана-глеевая багністая маса. На паўн. ускраіне Д.-К. вял. аазісы. На вял. прасторах расліннасць адсутнічае. Абвадняецца перасыхаючымі вадатокамі, якія сцякаюць у асн. з паўд. схілаў Эльбурса. Нац. парк Кевір, на У пустыні — частка рэзервата Туран.

т. 6, с. 366

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)