Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ДЫЯНІ́СІЙ (грэч. Dionysios),

імя правіцеляў-тыранаў (гл. Тыранія) стараж.-грэч. Сіракузаў.

Д. I Старэйшы (каля 432—367 да н.э.), тыран [406—367 да н.э.]. Вылучыўся ў час вайны з Карфагенам (408—405 да н.э.). Захапіўшы ўладу, рэарганізаваў армію і флот, праследаваў паліт. праціўнікаў, разбураў грэч. гарады, прадаваў насельніцтва ў рабства, канфіскоўваў землі. У 398—367 да н.э. (з перапынкамі) вёў войны з карфагенянамі за панаванне на тэр. Сіцыліі, Корсікі, Італіі. Ператварыў Сіракузы ў гандл. і культ. цэнтр. Аўтар шэрагу трагедый, вершаў, песень.

Д. II Малодшы, тыран [367—357 і 346—344 да н.э.]. Старэйшы сын Д. I. Праводзіў курс на ліквідацыю органаў нар. дэмакратыі. Спыніў вайну з Карфагенам, якую вёў яго бацька. Каля 357 змагаўся ў Паўд. Італіі з грэч. гарадамі і плямёнамі луканаў, але ўладу ў Сіракузах захапіў сваяк Дыён. У 346 да н.э. зноў авалодаў Сіракузамі, у 344 да н.э. здаў горад карынфскаму палкаводцу Тымалеёну. Быў жрацом багіні Кібелы. Памёр у выгнанні.

Літ.:

Фролов Э.Д. Сицилийская держава Дионисия (IV в. до н.э.). Л., 1979.

т. 6, с. 313

ДЫЯНІ́СІЙ (Балабан) (?, Падляшша — 1663),

праваслаўны царк. дзеяч Рэчы Паспалітай. Епіскап холмскі, луцкі, з 1650 зноў епіскап холмскі. Адстойваў праваслаўе ад уніяцкага ўціску. Мітрапаліт кіеўскі і ўсяе Русі (ліст. 1657—63). У жн. 1661 па рэкамендацыі канстанцінопальскага патрыярхата і гетмана Украіны І.Выгоўскага прызначыў епіскапам магілёўскім і мсціслаўскім Іосіфа Нелюбовіча-Тукальскага, аднак з мая 1661 кафедра была занята епіскапам Мяфодзіем, прызначаным маскоўскім патрыярхатам. Канфліктная сітуацыя прымусіла Д. адысці ад царк. і паліт. спраў. Апошні час жыў у Чыгірыне, застаючыся мітрапалітам намінальна.

Літ.:

Карташев А.В. Очерки по истории русской церкви. М., 1991. Т. 2. С. 294—295;

Яскевіч А.А. Праблема цэласнасці старабеларускай філалогіі XVI—XVII ст.: Адзінства экзэгезы і герменеўтыкі. Мн., 1996. С. 103—108.

А.​А.​Яскевіч.

т. 6, с. 313

ДЫЯПАЗІТЫ́Ў (ад дыя... + лац. positivus дадатны),

фатаграфічны каляровы ці чорна-белы пазітыўны відарыс на празрыстай аснове (шкле або плёнцы), які разглядаецца на прасвет ці праецыруецца на экран. Для вырабу Д. выкарыстоўваюць абарачальныя ці спец. дыяпазітыўныя фотаплёнкі або фотапласцінкі. Да Д. часта адносяць рысункі, карціны, чарцяжы, выкананыя на адфіксаваных фотапласцінках ці фотаплёнках. Д. выкарыстоўваюць для навуч., дэманстрацыйных і інш. мэт. Шэраг Д., аб’яднаных агульнай тэмай, складае дыяфільм.

т. 6, с. 313

ДЫЯПАЗО́Н [ад грэч. dia pasōn (chordōn) праз усе (струны)],

1) у музыцы — гукавы аб’ём пеўчага голасу ці муз. інструмента, гукарада, мелодыі, вак. ці інстр. партыі ў муз. творы і інш. Вызначаецца інтэрвалам паміж самым нізкім і самым высокім гукамі.

2) У фізіцы — вобласць змены якой-н. велічыні, аб’ём чаго-н. Напр., Д. вымярэнняў — вобласць значэнняў вымеранай велічыні, для якой вызначаны хібнасці сродкаў вымярэнняў; Д. паказанняў вымяральнай прылады — вобласць значэнняў шкалы, абмежаваных яе канцавым і пач. паказчыкамі; Д. радыёчастот (радыёхваль) — участкі, на якія ўмоўна падзелена ўся вобласць радыёчастот.

3) У пераносным сэнсе — аб’ём ведаў, здольнасцей, шырыня інтарэсаў, кругагляду, размаху дзейнасці.

т. 6, с. 313

ДЫЯПАЗО́ННАЯ АНТЭ́НА,

тып антэны, асн. эл. параметры якой (дыяграма накіраванасці, уваходнае супраціўленне і інш.) застаюцца практычна нязменнымі ў шырокім дыяпазоне частот (без падстройкі). Такая ўласцівасць Д.а. абумоўлена выбарам схем і канструктыўных памераў; яе маюць рамбічныя, рупарныя, спіральныя і інш. антэны. Выкарыстоўваюць для радыёсувязі, тэле- і радыёвяшчання.

т. 6, с. 313

ДЫЯПАРТА́ЛЬНЫЯ (Diaporthales),

парадак сумчатых грыбоў з групы парадкаў пірэнаміцэтаў. Вядома больш за 450 відаў. Пашыраны ў Еўропе і Паўн. Амерыцы. Сапратрофы на раслінных рэштках, некат. — паразіты (пераважна ў канідыяльнай стадыі) пладовых і ягадных культур. На Беларусі адзначаны віды з родаў гнамонія, дыяпортэ, гламерэла, вальса.

Пладовыя целы (перытэцыі) цёмна-бурыя ці чорныя, шчыльныя, скурыстыя, з носікам для выхаду аскаспор, паглыбленыя ў субстрат або строму (міцэліяльнае спляценне). Сумкі булавападобныя або цыліндрычныя, з часовай ножкай, якая потым знікае, у спелых перытэцыях размешчана свабодна ў слізі. Сумкаспоры адна- або двухклетачныя, бясколерныя.

т. 6, с. 314

ДЫЯПА́ЎЗА (ад грэч. diapausis перапынак, прыпынак),

стан часовай паніжанай фізіял. актыўнасці жывёл. Характарызуецца рэзкім зніжэннем абмену рэчываў і прыпыненнем формаўтваральных працэсаў. Звычайна Д. назіраецца ў зімовы перыяд і служыць прыстасавальнай рэакцыяй. Вылучаюць формы Д.: эмбрыянальную — на стадыі яйца (напр., у калаўротак, ніжэйшых ракападобных, саранчовых), лічынкавую (зімуюць вусені і лічынкі ў многіх матылёў, жукоў-даўганосікаў, ручайнікаў і інш.), кукалкавую (зімуюць кукалкі капуснай бялянкі, капуснай соўкі і інш.), імагінальную (зімуюць дарослыя асобіны камароў, жукоў-лістаедаў і інш.). Для большасці жывёл умераных і высокіх шырот Д. звязана з даўж. светлавога дня.

т. 6, с. 314

ДЫЯПІРЫ́ЗМ,

працэс утварэння геал. структур. Купалы, антыкліналі ўтвараліся ў выніку нагнятанняў у ядро расплаву магмы, парод паніжанай шчыльнасці і высокай пластычнасці (соль, гіпс, гліна і інш.) з наступным выпіраннем перакрываючых адкладаў або пратыканнем іх з разрывам. Складкі дыяпіравага тыпу падзяляюцца на глыбінныя (магматычныя дыяпіры), покрыўныя (саляныя, гліністыя і інш. дыяпіры; гл. Саляная тэктоніка) і паверхневыя ледавіковых парушэнняў (гл. Гляцыядыслакацыі, Гляцыятэктоніка).

т. 6, с. 314

ДЫЯПРАЕ́КТАР,

тое, што дыяскоп.

т. 6, с. 314

ДЫЯПСІ́Д (ад ды... + грэч. opsis выгляд),

мінерал з групы піраксенаў, сілікат кальцыю і магнію, CaMg[Si2O6]. Крайні член ізаморфнага раду Д. — гедэнбергіт. Прымесь хрому Cr2O3 (да 2% у хромдыяпсідзе). Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі прызматычныя, кароткаслупкаватыя. Агрэгаты зярністыя або радыяльна прамяністыя. Колер белы да светла-зялёнага.

Празрысты да паўпразрыстага. Бляск шкляны. Цв. 5—6. Шчыльн. 3,3—3,4 г/см³. Пародаўтваральны мінерал асн. і ультраасн. вывергнутых парод, а таксама кантактава-метасаматычны ў скарнах. Празрыстыя разнавіднасці выкарыстоўваюцца як каштоўныя камяні.

Дыяпсід.

т. 6, с. 314