ДЫЯПА́ЎЗА (ад грэч. diapausis перапынак, прыпынак),

стан часовай паніжанай фізіял. актыўнасці жывёл. Характарызуецца рэзкім зніжэннем абмену рэчываў і прыпыненнем формаўтваральных працэсаў. Звычайна Д. назіраецца ў зімовы перыяд і служыць прыстасавальнай рэакцыяй. Вылучаюць формы Д.: эмбрыянальную — на стадыі яйца (напр., у калаўротак, ніжэйшых ракападобных, саранчовых), лічынкавую (зімуюць вусені і лічынкі ў многіх матылёў, жукоў-даўганосікаў, ручайнікаў і інш.), кукалкавую (зімуюць кукалкі капуснай бялянкі, капуснай соўкі і інш.), імагінальную (зімуюць дарослыя асобіны камароў, жукоў-лістаедаў і інш.). Для большасці жывёл умераных і высокіх шырот Д. звязана з даўж. светлавога дня.

т. 6, с. 314

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)