Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́РУ (Meru),

дзеючы вулкан у межах Усх.-Афр. зоны разломаў, у Танзаніі. Выш. 4567 м. Апошняе вывяржэнне ў 1910.

т. 10, с. 296

МЕРЦВЯЕ́ДЫ (Silphidae),

сямейства насякомых атр. цвердакрылых, або жукоў. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 14 відаў; найб. вядомыя жукі з роду магільшчыкі, М. матавы, або тоўстагалоўка матавая (Aclypaea opaca), М. цёмны (Silpha obscura), М. чатырохкрапінкавы (Xylodrepa quadripunctata), падлавік маршчыністы (Thanatophilus rugosus) і інш.

Даўж. да 40 мм. Вусікі 11-членікавыя, булавападобныя. Лапкі 5-членікавыя. Надкрылы часта ўкарочаныя. Лічынкі плоскія, рухомыя. Большасць М. корміцца мярцвячынай, спрыяюць ліквідацыі жывёльных рэшткаў, некат. — драпежнікі, расліннаедныя, якія шкодзяць агародным культурам (бульба, буракі, капуста, морква), прамежкавыя гаспадары гельмінтаў.

Мерцвяеды: 1 — матавы; 2 — чатырохкрапінкавы; 3 — цёмны; 4 — магільшчык чорны.

т. 10, с. 296

МЕ́РЧЫНГ ((Merczyng) Генрык) (5.2.1860, г. Згеж Люблінскага ваяв., Польшча — 14.9.1916),

польскі гісторык, інжынер. Скончыў Варшаўскі ун-т (1882), Ін-т інжынераў шляхоў зносін у Пецярбургу (1885), дзе пасля выкладаў, праф. з 1904. Член Ядноты евангелічна-рэфармаванага касцёла ў Вільні, па яго ініцыятыве сінод царквы пачаў выдаваць зб-кі дакументаў па гісторыі Рэфармацыі «Monumenta Reformationes Polonicae et Lithuanicae», асабіста падрыхтаваў сшытак 1 серыі 1 (1911), куды ўвайшлі дакументы 16 ст. Аўтар прац пра кальвінісцкую і арыянскую цэрквы ў ВКЛ, дзейнасць С.​Буднага, гісторыю педагогікі, па дэмаграфіі.

Тв.:

Szymon Budny jako kiytyk tekstdw biblijnych. Kraków, 1913;

Mapa Litwy z r. 1613 ks. Radziwiłla Sierotki, pod względem matematycznym i kartograficznym // Sprawozdania Towarzystwa Naukowego Warszawskiego. Wydział. 3. Warszawa. 1913.

т. 10, с. 296

МЕ́РЧЫСАН (Murchison),

мыс на п-ве Бутыя (Канада), самы паўн. пункт мацерыка Паўн. Амерыкі (71°50 паўн. ш. і 94°45 з.д.).

т. 10, с. 296

МЕ́РЧЫСАН (Murchison),

рака на З Аўстраліі. Даўж. каля 700 км. Пачынаецца на схілах хр. Робінсан, упадае ў Індыйскі ак. Сцёк толькі зімой, у перыяд дажджоў, летам перасыхае і распадаецца на шэраг азёр.

т. 10, с. 296

МЕ́РЧЫЦЫ,

вёска ў Пінскім р-не Брэсцкай вобл., на правым беразе р. Ясельда. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 23 км на ПнЗ ад горада і чыг. ст. Пінск, 180 км ад Брэста. 414 ж., 162 двары (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, клуб, 2 б-кі, амбулаторыя, камбінат быт. абслугоўвання, аддз. сувязі. Помнік землякам, якія загінулі ў Вял. Айч. вайну. Каля вёскі селішча жал. веку і эпохі Кіеўскай Русі.

т. 10, с. 296

МЕ́РЫ,

сродкі вымярэнняў, прызначаныя для ўзнаўлення і захоўвання фізічных велічынь зададзенага памеру. Вывучаюцца метралогіяй. Існуюць М. для даўжыні, масы, аб’ёму, эл. супраціўлення, частаты, т-ры і інш.; не маюць М. скорасць руху, мех. сіла, ціск, сіла эл. току, час, энергія, магутнасць. М. выкарыстоўваюць у якасці эталонаў, узорных сродкаў вымярэнняў і рабочых сродкаў вымярэнняў.

М. падзяляюцца на адназначныя, якія ўзнаўляюць фіз. велічыню аднаго памеру (ripa, вымяральная колба), мнагазначныя, што ўзнаўляюць шэраг аднайм. велічынь аднаго памеру (лінейка з дзяленнямі, кандэнсатар пераменнай эл. ёмістасці), наборы М. для ступеньчатага ўзнаўлення шэрагу значэнняў велічыні ў пэўных межах (наборы плоскапаралельных канцавых мер). Разнавіднасцю М. з’яўляюцца стандартныя ўзоры і ўзорныя рэчывы — целы або пробы рэчыва пэўнага саставу, адно з якіх пры належных умовах характарызуецца велічынёй з вядомым значэннем (узоры цвёрдасці, шурпатасці і да т.п.). М., прызначаная для параўнання з ёю памераў, формы і размяшчэння паверхняў дэталей з мэтай вызначэння іх годнасці, наз. калібрам. Значэнне дадзенай фіз. велічыні, абазначанае на М., з’яўляецца намінальным значэннем М. Сапраўднае значэнне М. атрымліваюць пры яе вымярэнні з выключэннем сістэматычных хібнасцей і давядзеннем да мінімуму выпадковых хібнасцей. Хібнасць вызначэння сапраўднага значэння наз. хібнасцю атэстацыі М. Хібнасць М. — гэта рознасць паміж намінальным і сапраўдным значэннем М. У залежнасці ад хібнасці атэстацыі М. падзяляюцца на разрады, а хібнасць М. з’яўляецца асновай для падзелу іх на класы.

У.​Л.​Саламаха.

т. 10, с. 296

МЕ́РЫ ((Meri) Ленарт-Георг) (н. 29.3.1929, Талін),

эстонскі дзярж. дзеяч, дыпламат, пісьменнік. Сын эст. дыпламата Г.​Меры, які да 2-й сусв. вайны знаходзіўся з сям’ёй у Берліне і Парыжы. Скончыў Тартускі ун-т (1953). У 1941 разам з маці і братам дэпартаваны сав. ўладамі ў Сібір, адкуль вярнуўся ў Эстонію ў 1946. З-за забароны працаваць па спецыяльнасці (гісторыя) займаўся драматургіяй, кінадакументалістыкай, радыёжурналістыкай, перакладамі; удзельнічаў у этнагр. экспедыцыях па вывучэнні фіна-угорскіх і народаў Сярэдняй Азіі. З 1986 сакратар праўлення Саюза пісьменнікаў Эстоніі. З крас. 1990 міністр замежных спраў Эстоніі, з крас. 1992 пасол у Фінляндыі. З кастр. 1992 прэзідэнт Эст. Рэспублікі (у вер. 1996 перавыбраны). Аўтар кніг лірычных і філас. падарожных дзённікаў: «У краіну вулканаў» (1964; пра Камчатку), «Зорная ваколіца» (1974; пра падарожжа па паўн. узбярэжжы Еўразіі), «Серабрысты світанак» (1976; гісторыя фіна-угорскіх плямён).

т. 10, с. 296

МЕ́РЫДА (Mérida),

горад на ПдУ Мексікі, на п-ве Юкатан. Адм. ц. штата Юкатан. Засн. ў 1542 на месцы стараж. горада індзейцаў майя. Каля 600 тыс. ж. (1999). Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: тэкст., харч., металаапрацоўчая. Саматужныя промыслы (выраб самбрэра, упрыгожанняў з панцыраў чарапах). Ун-т (з 1624). Археал. і гіст. музей Юкатана. Сабор, дом Ф. дэ Мантэха (16 ст.), цэрквы (17—18 ст.).

т. 10, с. 296

МЕРЫДЫЯНА́ЛЬНЫ ХРЫБЕ́Т У Цэнтральным Цянь-Шані, пагранічны паміж Кыргызстанам, Казахстанам і Кітаем; паўн. працяг хр. Какшааал-Тоо. Даўж. каля 80 км, сярэдняя выш. каля 6300 м, найб. — 6995 м (г. Хан-Тэнгры). На стыку М.х. і хр. Какшаал-Тоо — найвышэйшы пункт Цянь-Шаня — Пік Перамогі (7439 м). Скалы, восыпы, значныя зледзяненні (з М. сцякае ледавік Энгільчэк).

т. 10, с. 297