сямейства насякомых атр. цвердакрылых, або жукоў. Каля 2 тыс. відаў. Пашыраны ўсюды, пераважна ва ўмеранай зоне. На Беларусі 14 відаў; найб. вядомыя жукі з роду магільшчыкі, М. матавы, або тоўстагалоўка матавая (Aclypaea opaca), М. цёмны (Silpha obscura), М. чатырохкрапінкавы (Xylodrepa quadripunctata), падлавік маршчыністы (Thanatophilus rugosus) і інш.
Даўж. да 40 мм. Вусікі 11-членікавыя, булавападобныя. Лапкі 5-членікавыя. Надкрылы часта ўкарочаныя. Лічынкі плоскія, рухомыя. Большасць М. корміцца мярцвячынай, спрыяюць ліквідацыі жывёльных рэшткаў, некат. — драпежнікі, расліннаедныя, якія шкодзяць агародным культурам (бульба, буракі, капуста, морква), прамежкавыя гаспадары гельмінтаў.