Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУЧКО́Ў Аляксандр Іванавіч

(26.10.1862, Масква — 14.2.1936),

расійскі паліт. і дзярж. дзеяч, прадпрымальнік. Скончыў Маскоўскі ун-т (1885), працягваў адукацыю ў Берлінскім, Цюбінгенскім і Венскім ун-тах (1888—91). У 1885—87 і 1897—99 на вайск. службе, у 1893—97, 1901—07 у Маскоўскай гар. думе. Дырэктар Маскоўскага ўліковага банка (з 1901). Адзін з заснавальнікаў і кіраўнікоў партыі акцябрыстаў. Дэп. (з 1907) і старшыня (1910—11) 3-й Дзярж. думы, выступаў за аднаўленне ваен. магутнасці Расіі, у падтрымку дзейнасці П.А.Сталыпіна, супраць правага крыла думы і інш. У 1915—17 старшыня Цэнтр. ваен.-прамысл. к-та, удзельнік апазіц. «Прагрэсіўнага блока». Ваен. і марскі міністр у 1-м складзе Часовага ўрада (15.3—12.5.1917). Пасля 1918 у эміграцыі, падтрымліваў белы рух.

Тв.:

«Корабль потерял свой курс»: [Полит. речи 1912—1913 гг.]. М., 1991.

Літ.:

Сенин А.С. А.И.Гучков // Вопр. истории. 1993. № 7.

І.Ф.Раманоўскі.

т. 5, с. 552

ГУЧНАГАВАРЫ́ЦЕЛЬ,

электраакустычная ці мех. прылада для моцнага ўзнаўлення гукаў (мовы, музыкі і інш.). Бывае эл.-дынамічны (найб. пашыраны), эл.-магн., п’езаэл., кандэнсатарны, пнеўматычны, рупарны. Эл.-акустычны гучнагаварыцель пераўтварае падведзеныя эл. ваганні ў гукавыя з дапамогай рухомай мех. сістэмы (дыфузара, дыяфрагмы). Асн. параметры: намінальная магутнасць і паласа ўзноўленых частот, сярэдні гукавы ціск і інш.; накіраванасць выпрамянення ствараецца рупарам ці выкарыстаннем гукавых калонак. Па эл.-акустычных параметрах адрозніваюць шырока- і вузкапалосныя, высока- і нізкачастотныя, нізка- і высакаомныя, паводле канструкцыі — адно- і двухдыфузарныя, кааксіяльныя, круглыя і інш.

А.П.Ткачэнка.

т. 5, с. 552

ГУЧО́К Пётр Іосіфавіч

(18.3.1923, в. Лысоўшчына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1945),

Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1940), Батайскую ваен. авіяц. школу (1942). У Вял. Айч. вайну са жн. 1943 на 4, 2, 1-м Укр. франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гучок зрабіў 209 баявых вылетаў, правёў 56 паветр. баёў, асабіста збіў 20 самалётаў ворага. Загінуў у баі пад Берлінам.

т. 5, с. 552

ГУ́ЧЫ

(Gucci) Санці (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),

італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).

т. 5, с. 552

ГУ́ШЧА

(Huszcza) Ян (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),

польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.

Тв.:

Бел. пер. — Пан Грацыян і іншыя. Мн., 1976.

А.Л.Верабей.

т. 5, с. 552

ГУЭ́,

горад у В’етнаме, гл. Хюэ.

т. 5, с. 553

ГУЯ́Н,

горад на Пд Кітая, на р. Наньмінхэ (бас. Янцзы), у цэнтр. ч. Гуйчжоўскага нагор’я. Ада. цэнтр прав. Гуйчжоў. 1360 тыс. ж. (1994). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: машынабудаванне (гарнаруднае, трансп., хім., с.-г., радыёэлектроннае), хім., шкляная, цэм., дрэваапр., папяровая, тэкстыльная. Філіял АН. Ун-т.

т. 5, с. 553

ГУ КАЙЧЖЫ́

(каля 344, г. Усі, Кітай — каля 406),

кітайскі жывапісец і тэарэтык мастацтва. Яго творчасць увасабляе канфуцыянскія ідэі маральнага ўдасканалення (гл. Канфуцыянства). Скруткі Гу Кайчжы, вядомыя па пазнейшых копіях, складаюцца з асобных дыдактычных паводле зместу жанравых сцэн (часам на фоне пейзажу); павольная рытміка ліній звязвае вытанчана акрэсленыя фігуры ў выразныя групы («Павучанне прыдворным дамам», 9 жанравых сцэн, копія 6 ст.; цыкл «Легенда пра фею ракі Ло», копіі 10—11 ст.).

т. 5, с. 524