ГУ́ШЧА
(Huszcza) Ян (24.12.1917, б. фальварак Загасцінне, Міёрскі р-н Гродзенскай вобл. — 26.6.1986),
польскі пісьменнік і перакладчык. Скончыў Віленскі ун-т (1939). Працаваў настаўнікам на Дзісеншчыне, потым у Маскве; з 1945 жыў у Польшчы. Аўтар кніг паэзіі («Балада пра падарожных», 1938; «Вершы і байкі», 1969), прозы («Мястэчка над Альшанкай», 1948; «З далёкіх дарог», 1957; «Кругі», 1964, і інш.). Складальнік анталогій «Беларускія вершы» (1971), «Анталогіі беларускай паэзіі» (1978), для якіх пераклаў на польскую мову большасць вершаў. Пераклаў творы М.Багдановіча (у зб. «Выбраныя вершы», 1974), кнігі У.Караткевіча «Блакіт і золата дня» (1976), Я.Брыля «Ніжнія Байдуны» (1979). У зб. эсэ «Аповесці ў чорных рамках» (1979) апісаў сваё падарожжа па Беларусі.
Тв.:
Бел. пер. — Пан Грацыян і іншыя. Мн., 1976.
А.Л.Верабей.
т. 5, с. 552
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)