Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад грэч. peristaltikos які ахоплівае, сціскае),

скарачэнні сценак полых органаў (стрававода, страўніка, кішэчніка), якія хвалепадобна распаўсюджваюцца і ў норме садзейнічаюць перамяшчэнню змесціва да выхадной адтуліны. Перыстальтычныя рухі адбываюцца ў выніку каардынацыйнай дзейнасці падоўжнага і кальцавога слаёў мышцаў. У чалавека П. страўніка 2—3, дванаццаціперснай кішкі — 10—12 хваляў за мінуту. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай, ц. н. с. і гумаральнымі фактарамі. На П. ўплываюць фіз. і хім. ўласцівасці ежы. Антыперыстальтыка — рух хвалі скарачэнняў у процілеглым напрамку (да ротавай адтуліны). Для тоўстага кішэчніка з’яўляецца фізіял. уласцівасцю (забяспечвае затрымку змесціва, паляпшэнне ўсмоктвання вады і электралітаў). Узнікае таксама з прычыны паталогіі (напр., спайкі) і пры рвоце. Перыстальтычныя рухі ўласцівы целу кольчатых чарвей.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 321

ПЕРЫСТАШЧЭ́ЛЕПНЫЯ, крылашчэлепныя (Pterobranchia),

клас другаснаротых жывёл тыпу паўхордавых. 2 атр., 3 роды: атубарыі — Athubaria (пашыраны каля берагоў Японіі), рабдаплеўры — Rhabdopleura (ва ўсіх акіянах) і цэфаладыскусы — Cephalodiscus (у Антарктыцы), 22 віды. Трапляюцца на глыб. 100—650 м. Жывуць прымацаванымі да субстрату, утвараюць калоніі (акрамя атубарый).

Цела даўж. да 1,4 см. Змяшчаецца ў доміку або трубцы, па паверхні якіх жывёлы могуць перамяшчацца. Расшыраны залозісты галаўны шчыток на пярэднім канцы цела (хабаток) служыць для поўзання і выдзяляе рэчыва для пабудовы доміка. На сярэднім аддзеле цела — каўнерыку 1—8 пар перыстых шчупальцаў, пакрытых раснічкамі, якія выконваюць функцыю дыхання (адсюль назва) і збірання кармавых часцінак. Рот на брушным баку цела. Кішэчнік петлепадобны. Кормяцца фіта- і зоапланктонам. Раздзельнаполыя, размнажэнне палавое і бясполае (пачкаванне), ёсць гермафрадыты. Лічынкі свабоднаплаваючыя і поўзаючыя.

А.​М.​Петрыкаў.

т. 12, с. 321

ПЕ́РЫСТА-КУЧАВЫ́Я ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrocumulus (Cc)],

грады або слаі тонкіх белых воблакаў у верхняй трапасферы. Складзеныя з вельмі дробных элементаў у выглядзе зерняў, камякоў або рабізны, суцэльных або адасобленых, часткова па краях валакністыя. Утвараюцца пераважна з ледзяных крышталёў. Узнікаюць у выніку канвекцыйных і хвалевых рухаў, а таксама ў сувязі з франтамі, асабліва халоднымі. Ападкаў не даюць. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

ПЕ́РЫСТА-СЛАІ́СТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар. назва Cirrostratus (Cs)],

бялявае паўпразрыстае покрыва, звычайна валакністае, у верхняй трапасферы. Утвараюцца з дробных ледзяных крышталёў, што звязана з узыходным рухам паветра. Характэрны для воблачных сістэм цёплых франтоў або франтоў аклюзіі, зрэдку ўзнікаюць у выніку трансфармацыі інш. тыпаў воблакаў. Ападкаў не даюць. Часта вакол іх назіраецца гало. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

ПЕ́РЫСТЫЯ ВО́БЛАКІ [міжнар назва Cirrus(Ci)],

тонкія валакністыя воблакі белага колеру з шаўкавістым бляскам, складзеныя з асобных перыстападобных элементаў, у верхняй трапасферы, зрэдку на вышыні трапапаўзы. Утвараюцца з буйных ледзяных крышталёў. Характэрны для пярэдняга краю воблачнай сістэмы цёплага фронту або фронту аклюзіі. Часта развіваюцца і ў антыцыкланальных умовах, зрэдку з’яўляюцца часткамі або рэшткамі ледзяных вяршынь кучава-дажджавых воблакаў. Ападкі з П.в. амаль заўсёды выпараюцца на вял. вышынях, утвараюць толькі палосы падзення. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 321

ПЕРЫТАНІ́Т,

запаленне брушыны. Узнікае пераважна як ускладненне запаленчага працэсу ў органах брушной поласці (апендыцыт, халецыстыт, прабадная язва страўніка ці 12-перснай кішкі). Радзей сустракаецца як першаснае захворванне (пнеўмакокавы П. у дзяўчынак). Бывае інфекц. (выклікаецца кішэчнай палачкай, стрэптакокам, стафілакокам і інш.), асептычны (ад пападання ў брушную поласць крыві, жоўці, мачы). Адрозніваюць П. востры і хранічны. Найб. характэрныя прыкметы вострага П.: боль у жываце, напружанне (потым расслабленне) мышцаў брушной сценкі, ірвота. Пры П. адбываецца цяжкая інтаксікацыя. Класіфікуецца паводле гадзінных фактараў: першыя 24 гадзіны, пасля 72 гадзін, тэрмінальная стадыя. У першыя гадзіны ўсмоктванне ў кроў рэзка нарастае, што мае ахоўны характар (асабліва, калі змесціва перытанеальнай поласці не таксічнае, яно нейтралізуецца ў крыві і П. працякае лёгка); калі таксічнае (напр., у абадочнай кішцы), арганізм хутка гіне. Улічваецца таксама пашыранасць працэсу: мясцовы, дыфузны, агульны (пры якім смяротнасць дасягае 60—80%). Лячэнне тэрапеўт., хірургічнае.

І.​М.​Грышын.

т. 12, с. 321

ПЕРЫТЭ́ЦЫЙ (ад перы... + грэч. thēkē ёмішча, сумка),

мікраскапічнае пладовае цела некат. грыбоў аскаміцэтаў (напр., пірэнаміцэтаў). Форма звычайна грушападобная з вывадной адтулінай на верхавінцы, праз якую выкідваюцца аскаспоры. Утвараецца пераважна на міцэліі.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФЕРЫ́ЧНАЯ НЕРВО́ВАЯ СІСТЭ́МА,

гл. ў арт. Вегетатыўная нервовая сістэма.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФЕРЫ́Я (ад грэч. periphereia акружнасць),

1) ускраіна, аддаленая ад цэнтра мясцовасць, а таксама мясц. ўстановы ў адрозненне ад цэнтральных.

2) Аддаленая ад цэнтра частка чаго-н., напр., нервовая П.

т. 12, с. 322

ПЕРЫФІТО́Н,

гл. Абрастанні.

т. 12, с. 322