ПЕРЫСТА́ЛЬТЫКА (ад грэч. peristaltikos які ахоплівае, сціскае),

скарачэнні сценак полых органаў (стрававода, страўніка, кішэчніка), якія хвалепадобна распаўсюджваюцца і ў норме садзейнічаюць перамяшчэнню змесціва да выхадной адтуліны. Перыстальтычныя рухі адбываюцца ў выніку каардынацыйнай дзейнасці падоўжнага і кальцавога слаёў мышцаў. У чалавека П. страўніка 2—3, дванаццаціперснай кішкі — 10—12 хваляў за мінуту. Рэгулюецца вегетатыўнай нерв. сістэмай, ц. н. с. і гумаральнымі фактарамі. На П. ўплываюць фіз. і хім. ўласцівасці ежы. Антыперыстальтыка — рух хвалі скарачэнняў у процілеглым напрамку (да ротавай адтуліны). Для тоўстага кішэчніка з’яўляецца фізіял. уласцівасцю (забяспечвае затрымку змесціва, паляпшэнне ўсмоктвання вады і электралітаў). Узнікае таксама з прычыны паталогіі (напр., спайкі) і пры рвоце. Перыстальтычныя рухі ўласцівы целу кольчатых чарвей.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)