Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

«МЕРКУ́РЫЙ»,

серыя першых амерыканскіх аднамесных касм. караблёў для палётаў па каляземнай арбіце, а таксама праграма іх распрацоўкі і запускаў.

«М.» мелі форму ўсечанага конуса, макс. маса (у палёце) 1,36 т, аб’ём кабіны 1,5 м³. Разлічаны на палёт па балістычнай траекторыі і арбітальны палёт з пасадкай на ваду. Першы арбітальны палёт «М.» вакол Зямлі здзейснены 20.2.1962 (Дж.Глен, «М.-6»), Усяго здзейснена 10 палётаў, у т. л. 6 пілатуемых (1961—63): А.​Шэпард і В.​Грысам — па балістычных траекторыях, Глен, М.​Карпентэр, У.​Шыра, Г.​Купер — арбітальныя палёты. Пілатуемыя «М.» мелі ўласныя назвы.

т. 10, с. 295

«МЕРКУ́РЫЙ»

(Mercury),

сям’я легкавых аўтамабіляў канцэрна «Форд мотар» (ЗША). Выпускаюцца з 1938. Мадэлі 2- ці 4-дзверныя, 5-месцавыя з кузавамі розных тыпаў. Магутнасць рухавіка 65—153 кВт; найб. скорасць 200 км/гадз.

Да арт. «Меркурый»; легкавы аўтамабіль «Меркурый-Сейбл».

т. 10, с. 295

МЕРЛО́-ПАНЦІ́ ((Merleau-Ponty) Марыс) (14.3.1908, г. Рашфор-сюр-Мер, Францыя — 4.5.1961),

французскі філосаф, прадстаўнік фенаменалогіі. Адукацыю атрымаў у Вышэйшай нармальнай школе. з 1945 праф. у Ліёне, у 1949—52 у Сарбоне, Калеж дэ Франс. Аўтар прац «Структура паводзін» (1942), «Фенаменалогія перцэпцыі» (1945), «Гуманізм і тэрор» (1947), «Прыгоды дыялектыкі» (1955) і інш. Быццё чалавека (яго экзістэнцыя), паводле М.-П., рэалізуецца ў дыялогу суб’екта са светам; свядомасць чалавека і ўся яго істота перажывае і асэнсоўвае свет, валодае спецыфічнай інтэнцыянальнасцю (здольнасць ствараць свой прадметны свет, напаўняць яго зместам, набываць сэнс і значэнне). Яго філас. ідэі знаходзяць адлюстраванне ў філас. герменеўтыцы, структуралізме, экзістэнцыялізме і інш.

В.​В.​Краснова.

т. 10, с. 295

МЕРЛЬ ((Merie) Рабер Жан Жорж) (н. 29.8.1908, г. Тэбеса, Алжыр),

французскі пісьменнік. Д-р літ.-знаўчых навук. Скончыў літ. ф-т у Парыжы. З 1949 праф. Рэнскага, пасля Тулузскага, Алжырскага (1962—64), Парыжскага ун-таў. Дэбютаваў як літ.-знавец («Оскар Уайльд», 1948). У раманах «Уік-энд на Паўднёвым беразе» (1949, Ганкураўская прэмія), «Смерць — маё рамяство» (1953), «Востраў» (1962), п’есе «Сізіф і смерць» (1950) даследуе псіхалогію фашызму, уздымае пытанні асабістай адказнасці чалавека перад грамадствам. У цэнтры раманаў «За шклом» (1970), «Мадрапур» (1976) актуальныя паліт. і маральныя праблемы сучаснасці. Аўтар рамана-антыутопіі «Мальвіль» (1972), гіст. дылогіі «Лёс Францыі» (1977), «У нашы маладыя гады» (1979), рамана-рэпартажу «Сонца ўзыходзіць не для нас» (1986), філас. п’ес, дакумент. твораў.

Тв.:

Рус. пер. — Смерть — мое ремесло. М., 1963;

Монкада. М., 1968;

Разумное животное. М., 1969;

За стеклом. М., 1972;

Мальвиль. М., 1990;

Остров. Уик-энд на берегу океана. Кишинев, 1990.

Е.​А.​Лявонава.

т. 10, с. 295

МЕ́РНІК, мернічы, мерчы, геаметр,

службовая асоба ў ВКЛ у 16—18 ст., якая займалася вызначэннем межаў і вымярэннем зямельных участкаў, з’яўлялася членам падкаморскага суда. Пасада М. стала асабліва пашыранай з пачаткам валочнай памеры. Звычайна М. назначалі з шляхціцаў, аселых у адпаведным павеце (гл. таксама Каморнік). У 18 ст. ўведзена пасада генеральнага М. ВКЛ. Пасля далучэння бел. зямель да Рас. імперыі (канец 18 ст.) мерніцтвам займаліся рас. землямеры, якія былі дзярж. службоўцамі. М. да часу скасавання Статута ВКЛ у 1840 выконвалі другарадныя дапаможныя абавязкі.

Я.​К.​Анішчанка.

т. 10, с. 295

«МЕРСЕДЭ́С-БЕНЦ»

(Mercedes-Benz),

сям’я аўтамабіляў і аўтобусаў канцэрна «Даймлер-Бенц». Выпускаюцца з 1926. Маюць пераважна дызельныя рухавікі. Легкавыя аўтамабілі сярэдняга, вял. і вышэйшага класаў з кузавамі розных тыпаў маюць рухавікі магутнасцю ад 55 да 290 кВт; найб. скорасць 250 км/гадз. Грузавыя аўтамабілі рознага прызначэння з рухавікамі магутнасцю 55—390 кВт і поўнай масай да 35 т. Пасажыраўмяшчальнасць аўтобусаў ад 9 да 174 чал.

Да арт. «Мерседэс-Бенц»: а — легкавы аўтамабіль класа Е; 6 — грузапасажырскі мікрааўтобус «Мерседэс-Бенц-Спрынтэр-314»; в — седлавы цягач «Мерседэс-Бенц-1838 LSSK» у аэрадынамічным выкананні.

т. 10, с. 295

МЕРСЕРЫЗА́ЦЫЯ [ад імя англ. вынаходніка Дж.​Мерсера (J.Merceir; 1791—1866)],

1) першая стадыя тэхнал. працэсу вытв-сці віскозы. Ажыццяўляюць апрацоўкай цэлюлозы водным растворам гідраксіду натрыю. Пры М. ўтвараецца шчолачная цэлюлоза, адначасова адбываецца набраканне цэлюлозы і растварэнне яе нізкамалекулярных фракцый.

2) Апрацоўка баваўняных і цэлюлозных тканін водным растворам гідраксіду натрыю. Надае тканінам бляск, павышае гіграскапічнасць, мех. трываласць і паляпшае іх здольнасць афарбоўвацца.

т. 10, с. 295

МЕРСІ́Н (Mersin),

Ічэль, горад на Пд Турцыі. Адм. ц. іля Ічэль. Каля 500 тыс. ж. (1999). Порт на Міжземным м., вузел аўтадарог і чыгунак. Прам-сць: тэкст., харч., нафтаперапр., аўтазборачная.

т. 10, с. 295

МЕ́РТАН ((Merton) Роберт Кінг) (н. 5.7.1910, г. Філадэльфія, ЗША),

амерыканскі сацыёлаг. Даследаваў праблемы акад. сацыялогіі ЗША, у т. л. ў тэорыі і метадалогіі структурнага функцыяналізму, сацыялогіі навукі, вывучэнні сац. структуры, з’яў сац. дэзарганізацыі і бюракратыі. Вынікі даследаванняў выкладзены ў працах «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» (1957, 1968), «Сацыялогія навукі» (1973), «Структурны аналіз у сацыялогіі» (1975) і інш. М. распрацаваў паняцце дысфункцыі і правёў дыферэнцыяцыю паміж «відавочнымі» і «латэнтнымі» (скрытымі) функцыямі, што ў працэсе аналізу механізмаў забеспячэння «сацыяльнага парадку» дае магчымасць выяўляць дысфункцыянальныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку супярэчнасцей і напружанасці ў сац. структуры грамадства. Сфармуляваў асновы сацыялаг. аналізу навукі, які характарызуецца ўласнымі каштоўнасна-нарматыўнымі рэгулятывамі (універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм). Услед за франц. сацыёлагам Э.Дзюркгеймам развіваў тэорыю анаміі, якую разумеў як асаблівы маральна-псіхал. стан індывід. і грамадскай свядомасці, абумоўлены распадам сістэмы маральных каштоўнасцей і «вакуумам ідэалаў».

В.​Л.​Боўш.

т. 10, с. 295

МЕ́РТЭНС (Станіслаў Адамавіч) (парт. псеўд. Стэфан Скульскі; 3.5.1892, г. Лодзь, Польшча — жн. 1937),

дзеяч рэв. руху ў Польшчы і Зах. Беларусі. Чл. СДКПІЛ з 1909, чл. РКП(б) з 1928, чл. КПП з 1921. Вёў рэв. дзейнасць у Варшаве, Лодзі, Калішы. У 1913—14 зняволены ў турму. У 1918 старшыня павятовага к-та РКП(б) і ЧК у Мсціславе. У 1919 у Чырв. Арміі, у 1920 нам. старшыні Смаленскага губвыканкома і чл. губкома РКП(б); потым у Часовым польрэўкоме ў Беластоку, старшыня Навагрудскага рэўкома. У 1921 нарком унутр. спраў і чл. калегіі ЧК БССР, чл. ЦБ КП(б)Б, чл. Прэзідыума ЦВК БССР. З канца 1921 на нелегальнай рабоце ў Польшчы. Адзін з арганізатараў КЛЗБ і Мінскай школы КПЗБ. У 1923—25 упаўнаважаны ЦК КПП пры ЦК КПЗБ. У кастр. 1925 зняволены польск. ўладамі. Са студз. 1928 у СССР. Чл. ЦК КПП у 1923—27 і з 1931. Чл. Палітбюро ЦК КПП у 1923—25 і ў 1935. Чл. Бюро ЦК КПЗБ і яго прадстаўнік пры ЦК КП(б)Б у 1934—35. У 1937 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны.

т. 10, с. 296