МЕ́РТАН ((Merton) Роберт Кінг) (н. 5.7.1910, г. Філадэльфія, ЗША),
амерыканскі сацыёлаг. Даследаваў праблемы акад. сацыялогіі ЗША, у т. л. ў тэорыі і метадалогіі структурнага функцыяналізму, сацыялогіі навукі, вывучэнні сац. структуры, з’яў сац. дэзарганізацыі і бюракратыі. Вынікі даследаванняў выкладзены ў працах «Сацыяльная тэорыя і сацыяльная структура» (1957, 1968), «Сацыялогія навукі» (1973), «Структурны аналіз у сацыялогіі» (1975) і інш. М. распрацаваў паняцце дысфункцыі і правёў дыферэнцыяцыю паміж «відавочнымі» і «латэнтнымі» (скрытымі) функцыямі, што ў працэсе аналізу механізмаў забеспячэння «сацыяльнага парадку» дае магчымасць выяўляць дысфункцыянальныя з’явы, якія ўзнікаюць у выніку супярэчнасцей і напружанасці ў сац. структуры грамадства. Сфармуляваў асновы сацыялаг. аналізу навукі, які характарызуецца ўласнымі каштоўнасна-нарматыўнымі рэгулятывамі (універсалізм, агульнасць, бескарыслівасць, арганізаваны скептыцызм). Услед за франц. сацыёлагам Э.Дзюркгеймам развіваў тэорыю анаміі, якую разумеў як асаблівы маральна-псіхал. стан індывід. і грамадскай свядомасці, абумоўлены распадам сістэмы маральных каштоўнасцей і «вакуумам ідэалаў».
В.Л.Боўш.
т. 10, с. 295
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)