Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Галіна Іосіфаўна) (н. 9.10.1935, г. Чэрвень Мінскай вобл.),

бел. географ. Д-р геагр. н. (1993), праф. (1994). Скончыла БДУ (1958), дзе працуе з 1963. Навук. працы па ландшафтазнаўстве, прыродакарыстанні і ахове навакольнага асяроддзя, экалагічнай адукацыі.

Тв.:

Антропогенизированные ландшафты Белоруссии и Болгарии. София, 1982 (у сааўт.);

Ландшафты Белоруссии. Мн., 1989 (у сааўт.);

Аэрокосмические исследования ландшафтов Беларуси. Мн., 1994 (разам з Ю.М.Абухоўскім, В.М.Губіным).

т. 10, с. 147

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),

бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.В.Гётэ і М.Лермантава; А.Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).

Тв.:

Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;

[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.

Літ.:

Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;

Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;

Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.

Г.В.Кісялёў.

т. 10, с. 147

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна

(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),

бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В. Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т.л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.Гумеля, Ф.Ліста, Ф.Шапэна і ўласныя, у т.л. варыяцыі на тэму песні А.Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.

Літ.:

Ахвердава А Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;

Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;

Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.

В.П.Пракапцова.

т. 10, с. 147

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Уладзімір Мікалаевіч) (22.3.1896, г. Крупкі Мінскай вобл. — 30.7.1944),

генерал-маёр (1941), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Вышэйшую ваен. школу старшага камсаставу (1923), курсы ўдасканалення камсаставу пры Ваен.-гасп. акадэміі (1937). У арміі з 1915, з лют. 1918 камандзір 1-га Маладзечанскага партыз. атрада, потым у Чырв. Арміі. Удзельнік сав.-фінл. вайны 1939—40. У Вял. Айч. вайну на Паўд., Закаўказскім, Волхаўскім і 1-м Бел. франтах. Стралк. дывізія на чале з М. вызначылася ў ліп. 1944 пры фарсіраванні Зах. Буга, Віслы. Загінуў у баі. У Крупках М. пастаўлены бюст.

У.М.Марцінкевіч.

т. 10, с. 147

МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Фелікс Станіслававіч) (1.2.1920, в. Машчонае Дзяржынскага р-на Мінскай вобл. — 13.8.1992),

бел. вучоны-эканаміст. Акад. АН Беларусі (1969, чл.-кар. 1966). Д-р эканам. н. (1964), праф. (1965). Скончыў БДУ (1946). З 1947 у Ін-це эканомікі АН Беларусі (у 1964—80 дырэктар). Адначасова ў 1966—70 у Бел. ін-це нар. гаспадаркі. Навук. працы па развіцці і размяшчэнні прадукц. сіл Беларусі, эфектыўнасці с.-г. вытворчасці. Даследаваў заканамернасці размяшчэння галін сельскай гаспадаркі і фарміравання с.-г. зон. Удзельнічаў у распрацоўцы навук. прагнозаў па комплексным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і развіцці прадукц. сіл Палесся. Адзін з аўтараў і навук. рэдактар кн. «Эканамічная геаграфія Беларускай ССР» (1956), «Беларуская ССР» (1957), «Сацыяльна-эканамічныя пераўтварэнні ў Беларускай ССР за гады Савецкай улады» (1970).

Тв.:

Измерение эффективности работы сельскохозяйственных предприятий. Мн., 1975 (разам з А.І.Мяцельскім);

Факторный анализ эффективности сельскохозяйственного производства. Мн., 1983 (у сааўт.);

Социально-экономическая эффективность сельскохозяйственного производства в АПК. Мн., 1986 (у сааўт.).

Ф.С.Марцінкевіч.

т. 10, с. 147

МАРЦІНКЯ́ВІЧУС ((Marcinkevičius) Іонас) (26.12.1900, г. Радвілішкіс, Літва — 31.7.1953),

літоўскі пісьменнік. Друкаваўся з 1925. Аўтар рэаліст. раманаў «Ён павінен памерці», «Беньямінас Кардушас» (абодва 1937), «Нёман разліўся» (1939), зб. апавяд. «Срэбныя званы» (1938) і інш. У 2-ю сусв. вайну пісаў патрыят. нарысы і апавяданні (зб-кі «Адпомшчу», 1942; «Зорка», 1943). У пасляваен. гады выступіў як драматург (п’есы «Кавалюнасы», паст. 1947; «Па шырокім бальшаку», «Сям’я Шылгалісаў», абедзве 1948).

Тв.:

Рус. пер. — Беньяминас Кордушас. Вильнюс, 1961.

А.Лапінскене.

Ю.Марцінкявічус.

т. 10, с. 147

МАРЦІНКЯ́ВІЧУС ((Marcinkevičius) Юсцінас) (н. 10.3.1930, Важаткеміс Каўнаскага пав., Літва),

літоўскі пісьменнік. Засл. дз. маст. Літвы (1975). Нар. пісьменнік Літвы (1978). Скончыў Вільнюскі ун-т (1954). Першы зб. вершаў «Прашу слова» (1955). У паэме «Дваццатая вясна» (1956, Дзярж. прэмія Літвы 1957) жыццё літ. моладзі ў пасляваен. перыяд; паэма «Кроў і попел» (1960) пра трагічны лёс спаленай гітлераўцамі вёскі. Маральныя праблемы, жыццё і лёсы сучаснікаў у цэнтры аповесці «Сасна, якая смяялася» і «Публіцыстычнай паэмы» (абедзве 1961), зб-каў вершаў «Рукі, якія дзеляць хлеб» (1963), «Драўляныя масты» (1966), «Палымнеючы куст» (1968), «Ласкавае дакрананне жыцця» (1978), «Будзь і блаславі» (1980), «Адзіная зямля» (1984), «Вершы з дзённіка» (1993), «Крок» (1998) і інш. Драм. трылогія «Міндаўгас» (1968, Дзярж. прэмія Літвы 1969), «Сабор» (1971), «Мажвідас» (1977), зб. «Шэсць паэм» (1973) пра гіст. мінулае літ. народа. Аўтар драм. паэм «Паэма Праметэя» (1973), «Ікар» (паст. 1981), аповесці «Даўкантас» (1984), кн. эсэ «Дзённік, што не мае датаў» (1981), «Еднасць ракі, якая цячэ» (1995), паэзіі для дзяцей. На бел. мову асобныя яго творы пераклалі Г.Бураўкін, В.Вітка, А.Вольскі, С.Грахоўскі, Х.Жычка, А.Звонак, В.Лукша, Л.Луцкевіч, П.Марціновіч, У.Паўлаў, А.Разанаў, Я.Семяжон, Я.Сіпакоў, М.Танк, Н.Тулупава, У.Шахавец і інш.

Тв.:

Бел. пер. — Трава і камень. Мн., 1981;

Дзённік, што не мае датаў // Братэрства, 83. Мн., 1983;

у кн.: Поціск рукі. Мн., 1991;

у кн.: На зорных шляхах. Мн., 1991;

Рус. пер.Избр. произв. Т. 1—2. М., 1985;

Книга поэм. М., 1978;

Жизнь, сладкий июль. М., 1982.

Літ.:

Ланкутис Й. Поэтический мир Юстинаса Марцинкявичюса. М., 1980.

А.П.Лапінскене.

т. 10, с. 147

МАРЦІНО́ВІЧ (Аляксандр Андрэевіч) (н. 18.8.1946, в. Казловічы Слуцкага р-на Мінскай вобл.),

бел. літаратуразнавец, крытык, публіцыст. Скончыў БДУ (1968). Працаваў у раённым друку. З 1972 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва». Друкуецца з 1964. Даследуе сучасную бел. л-ру, творчасць З.Бядулі, П.Галавача, І.Пташнікава, Б.Сачанкі, І.Шамякіна, І.Навуменкі, І.Чыгрынава і інш. Выдаў зб-кі літ.-крытычных артыкулаў «Далучанасць», «Пад небам вечнасці» (абодва 1990), «Дарога ў запаветнае» (1992), «Шляхам праўды», «Сувязь» (абодва 1994), «Дзе ж ты, храм праўды?» (1996), «Святло чароўнага ліхтарыка» (кн. 1—2, 1997—98). Аўтар краязнаўчай кнігі «Ля Каменкі бруістай» (1992), зб-каў гістарычных нарысаў і эсэ «Зерне да зерня» (1996, Дзярж. прэмія Беларусі імя К.Каліноўскага 1998), «Хто мы, адкуль мы...» (ч. 1—2, 1996—98), кніг для дзяцей «Віця Неслух у краіне Мурашоў» (1995, з Т.Мушынскай), «Святая Еўфрасіння» (1999). Складальнік кніг публіцыстыкі «Свабоднае» грамадства зблізку» (1986), паэзіі «Мы і яны» (1986) і «Слова міру і праўды» (1987) і інш.

Тв.:

Іван Чыгрынаў. Мн., 1999;

У часе прасветленыя твары: Гіст. эсэ, нарысы. Мн., 1999.

В.А.Войніч.

Аляксандр Марціновіч.

т. 10, с. 148

МАРЦІНО́ВІЧ (Анатоль Андрэевіч) (н. 10.3.1937, г. Слуцк Мінскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне хірургіі. Скончыў Мінскі мед. ін-т (1960). З 1966 у Мінскай абл. клінічнай бальніцы (у 1970—97 заг. Рэсп. цэнтра сасудзістай хірургіі). Навук. працы па сасудзістай хірургіі. Дзярж. прэмія Беларусі 1992.

Тв.:

Хирургическое лечение осложненного истинного варикоза нижних конечностей с коррекцией перфорантных вен (разам з І.Б.Аляшкевічам, М.М.Хомчанкам) // Заболевания сосудов нижних конечностей. Гродно, 1970.

т. 10, с. 148

МАРЦІНО́ВІЧ (Аркадзь Нічыпаравіч) (н. 10.3.1920, в. Барбарова Глускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культ. Беларусі (1980). Скончыў Рэсп. парт. школу пры ЦК КП(б)Б (1950), БДУ (1955). Працаваў у рэдакцыях газет, з 1957 у штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», з 1964 у выд-ве «Беларусь». У 1974—81 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура». Дэбютаваў у 1938 вершамі. Піша ў жанры лірызаванай аповесці. У цэнтры ўвагі маральна-этычная праблематыка. Выдаў кнігі аповесцей і апавяданняў «Надзея» (1960), «Водгулле» (1963), «Прасека» (1967), «Панарама» (1970), «Няхай ідзе дождж» (1973), «Сцюжа» (1976), зб. вершаў «Чырвоныя ветразі» (1965). Раманы «Не шукай слядоў сваіх» (1979), «Груша на Голым Полі» (1985), «Цень крумкачовага крыла» (1991) пра пакаленне, юнацтва якога прыпала на суровыя выпрабаванні вайны і першыя пасляваен. гады; у іх рэтраспектыўна адлюстраваны значныя пласты нар. жыцця цэлай гіст. эпохі. На бел. мову пераклаў аповесць Х.Мянд «Вецер у галаве» (1971), аповесці і адпавяданні С.Баруздзіна (зб. «Месяц і сонца», 1972), К.Паустоўскага (зб. «Белая вясёлка», 1976) і інш.

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1980.

А.Н.Марціновіч.

т. 10, с. 148