МАРЦІНКЕ́ВІЧ (Геранім Францавіч) (14.7.1816, в. Тулава Віцебскага р-на — пасля 1864),
бел. і польскі пісьменнік. Скончыў Віцебскую губ. гімназію (1835), вучыўся ў Маскоўскім ун-це. Да 1860-х г. служыў чыноўнікам у Віцебску. Літ. дзейнасць пачаў у 1830-я г. У 1858 напісаў па-беларуску драм. паэму «Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі)», якая, паводле некаторых звестак, ставілася ў 1862 у Віцебску. На польск. мове выдаў 2 зб. «Паэзія» (Вільня, 1845 і 1848) і кн. «Творы, напісаныя між іншым» (Вільня, 1857). Драма «Падарожны» (нап. 1859) не апублікавана. Творы прасякнуты трывогай за лёс народа, надзеяй на лепшую будучыню, сатырай на чыноўніцтва. Перакладаў на польск. мову бел. нар. песні, вершы І.В.Гётэ і М.Лермантава; А.Вярыгу-Дарэўскаму і яго брату Сямёну прысвяціў верш «Заход сонца» (1843).
Тв.:
Адвячорак (Аказія ў карчме пад Фальковічамі): [П’еса] // Беларуская літаратура XIX ст. Мн., 1988;
[Вершы] // Раса нябёсаў на зямлі тутэйшай. Мн., 1998.
Літ.:
Мальдзіс А. Падарожжа ў XIX ст. Мн., 1969. С. 159—161;
Кісялёў Г. Загадка беларускай «Энеіды». Мн., 1971. С. 161—163;
Мархель У. Шчыры, але не камерны: Геранім Марцінкевіч: Вяртанне спадчыны // Роднае слова. 1998. № 2.
Г.В.Кісялёў.
т. 10, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)