МАРЦІНКЕ́ВІЧ (па мужу Асіповіч) Каміла Вінцэнтаўна
(1837 ?, Мінск ? — пасля 1890),
бел. піяністка, кампазітар, педагог; удзельніца нац.-вызв. руху на Беларусі ў 1860-я г. Дачка В. Дуніна-Марцінкевіча. Ігры на фп. вучылася ў Мінскім пансіёне Мантэграндзі. З 1847 канцэртавала ў Мінску, Слуцку, Кіеве, Варшаве, у т.л. з братам Міраславам. Выконвала творы І.Гумеля, Ф.Ліста, Ф.Шапэна і ўласныя, у т.л. варыяцыі на тэму песні А.Варламава «Чырвоны сарафан», фантазію «У летуценні мінулага». Удзельнічала ў спектаклях Дуніна-Марцінкевіча тэатра. Выкладала музыку ў прыватных пансіёнах. На пач. 1860-х г. арганізавала ў Мінску і мяст. Гарадок на Маладзечаншчыне школы для дзяцей беднаты. У яе доме збіраліся члены мінскай арг-цыі Літоўскага правінцыяльнага камітэта. За ўдзел у дэмакр. руху праследавалася царскімі ўладамі. Ў 1863 саслана пад строгі нагляд паліцыі ў г. Салікамск Пермскай вобл. У 1880-я г. вярнулася на радзіму.
Літ.:
Ахвердава А Пачынальнікі беларускага піянізму // Мастацтва Беларусі. 1985. № 2;
Кісялёў Г. Сейбіты вечнага. Мн., 1963. С. 148—174;
Барышев Г. Из истории семьи В.И. Дунина-Марцинкевича // Неман. 1961. № 1.
В.П.Пракапцова.
т. 10, с. 147
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)