Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ДЭТЭРГЕ́НТЫ (ад лац. detergeo ачышчаю),

група паверхневаактыўных рэчываў, што выкарыстоўваюцца пераважна як мыйныя сродкі. Маюць дэзінфіцыруючыя ўласцівасці, некат. выкарыстоўваюцца ў фармацэўтычнай, харч. і інш. галінах прам-сці, Д. з зараджанымі (дадэцылсульфат натрыю) або незараджанымі (трытоны) палярнымі канцамі — у біяхіміі пры растварэнні і ачыстцы мембранных бялкоў. Ачышчальны эфект Д. дасягаецца за кошт парушэння іх амфіпатычнымі малекуламі гідрафобных уласцівасцей малекул бялкоў, ліпідаў і інш. рэчываў. Прамысловыя Д., што трапляюць са сцёкавымі водамі ў прыроднае асяроддзе, — небяспечныя забруджвальнікі.

т. 6, с. 362

ДЭТЭРМІНА́НТ, вызначнік, алгебраічны выраз, складзены паводле пэўнага правіла з n​2 лікаў, дзе n — парадак дэтэрмінанта. Д. квадратнай матрыцы | a11 a12 ... a1n a21 a22 ... a2n . . ... . an1 an2 ... ann | з n​2 элементы aik (i — нумар радка, k — нумар калонкі, 1 ≤ in, 1 ≤ kn) наз. алг. сума ± a1j1 a2j2 ... anjn усіх здабыткаў элементаў гэтай матрыцы, узятых па аднаму з кожнага радка і з кожнай калонкі. Складаемаму a1j1, a2j2 ... anjn прыпісваецца знак «+», калі перастаноўка j1, j2, ..., jn лікаў 1, 2, ... n мае цотную колькасць інверсій, і знак «−», калі колькасць інверсій у ёй няцотная. Напр., Д. 2-га парадку | a11 a12 a21 a22 | = a11   a22 a12   a21 .

Лічаць, што: радок (калонка) Д. памнажаецца на лік α, калі кожны элемент гэтага радка (калонкі) памнажаецца на α; складваюцца 2 радкі (калонкі) Д., калі складваюцца адпаведныя элементы гэтых радкоў (калонак), якія стаяць у адной калонцы (радку); да i-га радка (калонкі) Д. дадаецца яго k-ы радок (калонка), калі i-ы радок (калонка) замяняецца сумай i-га і k-га радкоў (калонак); робіцца лінейная камбінацыя радкоў (калонак) Д., калі кожны i-ы радок (калонка) множыцца на адвольны лік ai і складваюцца атрыманыя радкі (калонкі). Д. мае шэраг уласцівасцей, якія аблягчаюць яго вылічэнне: калі элементы akj k-га радка Д. d ёсць сумы двух складаемых akj = bj + cj, то Д. d роўны суме двух Д. d = d1 + d2, якія адрозніваюцца ад d толькі k-м радком: b1, b2 ..., bnk-ы радок Д. d1, c1, c2..., cn k-ы радок Д. d2 калі які-н. радок (калонка) Д. памнажаецца на лік α, то і Д. памнажаецца на α; Д. не зменіцца, калі да якога-н. яго радка (калонкі) дадаецца адвольная лінейная камбінацыя інш. радкоў (калонак); для таго, каб Д. быў роўны нулю, неабходна і дастаткова, каб які-н. яго радок (калонка) быў лінейнай камбінацыяй іншых радкоў (калонак). Тэорыя Д. створана ў асноўным у 2-й пал. 18 ст. і 1-й пал. 19 ст. ў працах матэматыкаў: швейц. Г.Крамера, франц. А.Вандэрмонда, П.С.Лапласа, А.Кашы, ням. К.Гаўса і К.Якобі. Франц. матэматык Ж.Дзьеданэ ўвёў паняцце Д. матрыцы над целам (мае важнае значэнне для сучаснай алгебры). Шматлікія дастасаванні Д. да розных пытанняў матэматыкі і фізікі, напр. пры рашэнні лінейных ураўненняў.

Літ.:

Курош А.Г. Курс высшей алгебры. 10 изд. М., 1971;

Артин Э. Геометрическая алгебра: Пер. с англ. М., 1969;

Милованов М.В., Тышкевич Р.И., Феденко А.С. Алгебра и аналитическая геометрия. Ч. 1. Мн., 1984.

Р.І.Тышкевіч.

т. 6, с. 362

ДЭТЭРМІНА́ЦЫЯ (ад лац. determinatio абмежаванне, вызначэнне) у эмбрыялогіі ўзнікненне якасных адрозненняў паміж часткамі зародка на стадыях развіцця, якія папярэднічаюць з’яўленню ў іх марфалагічна выразных закладак органаў і тканак; адно з асн. паняццяў тэорыі антагенезу. Вылучаюць Д. тканкавую (спецыфічнасць тканак) — абумоўленую філагенетычна ўласцівасць тканкавых структур змяняцца пад уплывам розных уздзеянняў у акрэсленых межах, захоўваючы якасныя адрозненні адна ад адной і Д. полу, якая абумоўлена наяўнасцю Y-храмасомы. Д. прыводзіць да марфалагічна бачнай дыферэнцыроўкі. На Д. арганізма, які развіваецца, асн. ўплыў аказваюць генетычныя фактары, з’явы экспрэсіі генаў пад уплывам індукцыйных уздзеянняў, уплыў навакольнага асяроддзя, узаемадзеянне клетак і ўзровень інтэграцыі цэласнага арганізма.

А.С.Леанцюк.

т. 6, с. 362

ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),

вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.Бэкан, Г.Галілей, Р.Дэкарт, І.Ньютан, М.В.Ламаносаў, К.Лышчынскі, Б.Спіноза, С.Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.

Літ.:

Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;

Исторические типы философии. М., 1991;

Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.

С.Ф.Дубянецкі.

т. 6, с. 362

ДЭТЭРЫЯРАЦЫ́ЙНЫ КАДА́СТР,

сістэматызаваны збор звестак пра пагаршэнне складу і стану навакольнага прыроднага асяроддзя; адзін з відаў кадастраў. У Д.к. уваходзяць звесткі пра ўзроўні і крыніцы забруджання вод, глеб і атмасферы, парушаныя землі, іншыя негатыўныя змены, што ўзніклі ў прыродзе (у т. л. пагоршанне навакольнага прыроднага асяроддзя, што адбываецца пад уздзеяннем антрапагенных фактараў — дэтэрыяцыя асяроддзя). Д.к. складаецца па рэгіёнах; матэрыялы, якія змяшчаюцца ў ім, асабліва каштоўныя пры распрацоўцы мерапрыемстваў па рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, аптымізацыі ўмяшання ў навакольнае асяроддзе, вызначэнні кола неабходных прыродаахоўных мерапрыемстваў і шляхоў паляпшэння якасці навакольнага асяроддзя. Складанне Д.к. патрабуе навук. вывучэння прыродных аб’ектаў і з’яў.

т. 6, с. 362

ДЭУ́ЛІНСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1618.

Заключана 1 снеж. ў в. Дэуліна (цяпер г. Сергіеў Пасад Маскоўскай вобл.) тэрмінам на 14,5 года; спыніла вайну Рэчы Паспалітай з Расіяй 1609—1S. Прадугледжвала перадачу Расіяй (з рас. боку дэлегацыю ўзначальваў баярын Ф.І.Шарамецеў, ВКЛ і Польшчу прадстаўлялі А.Навадворскі, Л.Сапега, Я.Гансеўскі) у склад ВКЛ смаленскіх зямель (акрамя Вязьмы), а ноўгарад-северскіх і чарнігаўскіх зямель з 29 гарадамі Польскаму каралеўству, абмен палоннымі (у ходзе абмену ў Маскву вярнуўся з палону і бацька цара М.Ф.Раманава патрыярх Філарэт) і інш. Нявырашаным засталося пытанне аб захаванні польск. каралевічам Уладзіславам тытула «цара маскоўскага і ўсяе Расіі». Умовы і вынікі Д.п. ліквідаваны пасля войнаў Расіі з Рэччу Паспалітай 1632—34 і 1654—67 (гл. Андросаўскае перамір’е 1667, «Вечны мір» 1686).

т. 6, с. 362

ДЭ́ЎРЫЕ́НТ ((Devrient) Людвіг) (15.12.1784, Берлін — 30.12.1832),

нямецкі акцёр. З 1804 гастраляваў з тэатр. трупай па Цюрынгіі, выступаў у прыдворным т-ры ў Дэсаў, Брэслаўскім т-ры. З 1814 у Берлінскім каралеўскім т-ры. Мастацтва Д. вызначалася ўменнем ствараць жыццёва праўдзівыя і рамантычныя характары, перадаваць адценні пачуццяў і думак сваіх герояў. Сярод лепшых роляў: Лір, Шэйлак, Фальстаф («Кароль Лір», «Венецыянскі купец», «Генрых IV» У.Шэкспіра), Франц Моар, Геслер («Разбойнікі», «Вільгельм Тэль» Ф.Шылера), Гарпагон («Скупы» Мальера). Вобраз Д. стварыў Э.Т.А.Гофман у кнізе «Незвычайныя пакуты аднаго тэатральнага дырэктара» (1819).

т. 6, с. 363

ДЭФАЛІЯ́НТЫ,

хімічныя рэчывы, што паскараюць ападанне лісця ў раслін. Д. стымулююць утварэнне этылену — прыроднага рэгулятара росту, які садзейнічае фарміраванню аддзяляльнага слоя ў аснове чаранка, што выклікае ападанне лісця (штучны лістапад). Д. з’яўляюцца некат. дэсіканты (хларат магнію, хларат-хларыд кальцыю). Выкарыстоўваюць Д. для перадуборачнага пазбаўлення ад лісця (дэфаліяцыя) на пасевах бавоўніку, бульбы, насеннага лубіну і інш. с.-г. раслін.

т. 6, с. 363

ДЭФАЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. folium ліст),

абязлісценне, перадуборачнае выдаленне лісця з раслін з мэтай паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэфаліянты, якія выклікаюць у раслін працэсы, падобныя да прыроднага лістападу: зніжаецца колькасць хларафілу і вады, парушаецца працэс утварэння арган. рэчыва, павялічваецца колькасць прадуктаў распаду бялкоў і інш. злучэнняў, якія перамяшчаюцца з ліставой пласцінкі ў чаранок, што выклікае адасабленне клетак каля асновы ліста і яго ападанне. Выкарыстоўваюць часцей на пасевах бавоўніку, лубіну, тэхн. сартоў вінаграду.

т. 6, с. 363

ДЭФАРМА́ЦЫЯ (ад лац. deformatio скажэнне),

змена ўзаемнага размяшчэння часціц (частак) цела, якая вядзе да скажэння яго формы і памераў і ўзнікнення напружанняў механічных. Узнікае ад мех. нагрузак, цеплавога расшырэння, уздзеяння эл. і магн. палёў, інерцыйных і гравітацыйных сіл і інш. Найпрасцейшыя віды Д. — выгін, зрух, кручэнне, расцяжэнне-сцісканне.

У цвёрдых целах адрозніваюць Д. пругкую (узнікае і знікае адначасова з нагрузкай), пластычную (захоўваецца пасля зняцця напружання) і вязка-пругкую (залежыць ад працэсу нагрузкі ў часе, пасля зняцця нагрузкі самаадвольна імкнецца да нуля). Д. бываюць таксама лінейныя (са зменай лінейных памераў цела) і аб’ёмныя (са зменай аб’ёму); агульныя для ўсяго цела (напр., абс. падаўжэнне) і лакальныя (мясцовыя); аднародныя (аднолькавыя ў любым пункце цела) і неаднародныя (змяняюцца ад аднаго пункта цела да другога, уласцівыя рэальным матэрыялам). Д. заўсёды звязана з затратай энергіі, якая пры пругкай Д. пераходзіць у патэнцыяльную, пры пластычнай — у цеплыню. Калі лакальная Д. дасягае гранічнага для дадзенага матэрыялу значэння, адбываецца яго разбурэнне. Пругкія Д. падпарадкоўваюцца законам пругкасці тэорыі (для іх выконваецца Гука закон), пластычныя — пластычнасці тэорыі і паўзучасці тэорыі. Пластычная Д. ў крышталічных целах звязана з паняццем дыслакацый. Вымярэнне Д. робяць пры выпрабаванні матэрыялаў, даследаванні збудаванняў у натуры або на мадэлях. Пругкія Д. ўлічваюць пры разліках дэталей машын, інж. канструкцый і збудаванняў; пластычныя — у тэхналогіі металаў (пры пракатцы, штампоўцы, коўцы, валачэнні, прасаванні і інш.), вытв-сці пластмас і керамічных вырабаў. Гл. таксама Супраціўленне матэрыялаў.

І.І.Леановіч.

Дэфармацыі: 1 — расцяжэння; 2 — сціскання; 3 — зруху; 4 — кручэння; 5 — выгіну.

т. 6, с. 363