ДЭТЭРМІНІ́ЗМ (ад лац. determino вызначаю),
вучэнне аб сувязі і ўзаемаабумоўленасці з’яў рэчаіснасці. Ядром Д. з’яўляецца палажэнне пра існаванне прычыннасці, г. зн. такой сувязі з’яў, у якой адна з’ява (прычына) пры пэўных умовах з неабходнасцю нараджае іншую з’яву (вынік). Ідэя Д. ўзнікла ў стараж.-грэч. філасофіі (Геракліт, Дэмакрыт, Эпікур) і найб. ярка выявілася ў ант. атамістыцы. Далейшае развіццё і абгрунтаванне Д. набыла ў прыродазнаўстве і матэрыяліст. філасофіі новага часу (Ф.Бэкан, Г.Галілей, Р.Дэкарт, І.Ньютан, М.В.Ламаносаў, К.Лышчынскі, Б.Спіноза, С.Шадурскі і інш.). Механістычны, абстрактны характар Д. гэтага перыяду знайшоў сваё выяўленне ў абгрунтаванні формы прычыннасці законамі механікі, адмаўленні аб’ектыўнага характару выпадковасці, што ў канчатковым выніку вяло да фаталізму. У розных кірунках Д. абгрунтоўваецца першапачатковая вызначальнасць усіх з’яў у свеце, уключаючы ўсе працэсы чалавечага жыцця, з боку Бога (тэалагічны Д.), або толькі з’яў прыроды (касмалагічны Д.), або спецыяльна чалавечай волі (антрапалагічны Д.). Прыхільнікі дыялект. матэрыялізму лічылі, што сувязі паміж з’явамі абумоўлены матэрыяльнымі працэсамі. Пра наяўнасць такіх узаемасувязей, на іх думку, сведчаць устанаўленне дакладнага становішча, прычыны і законаў руху цел у механіцы і класічнай фізіцы, устанаўленне верагоднаснай узаемасувязі паміж мікрачасціцамі ў квантавай механіцы, паміж асобінамі ў біял. папуляцыях, адкрыццё самарэгулявальных і самакіравальных сістэм у кібернетыцы і інш. Паводле гэтай канцэпцыі, гістарычна абумоўленым ва ўсіх сваіх праяўленнях з’яўляецца і грамадства, стан якога ў кожны дадзены момант з’яўляецца вынікам папярэдніх станаў і ўмоў, з якіх вынікае наступнае развіццё. Процілегласць Д. — індэтэрмінізм, які адмаўляе ўсеагульны характар прычыннасці або не прызнае яе наогул.
Літ.:
Детерминизм: системы, развитие. Мн., 1985;
Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986;
Исторические типы философии. М., 1991;
Стереотипы и динамика мышления. Мн., 1993.
С.Ф.Дубянецкі.
т. 6, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)