ДЭФАЛЯ́ЦЫЯ (ад дэ... + лац. folium ліст),

абязлісценне, перадуборачнае выдаленне лісця з раслін з мэтай паскарэння выспявання і аблягчэння ўборкі ўраджаю. Для Д. выкарыстоўваюць хім. рэчывы — дэфаліянты, якія выклікаюць у раслін працэсы, падобныя да прыроднага лістападу: зніжаецца колькасць хларафілу і вады, парушаецца працэс утварэння арган. рэчыва, павялічваецца колькасць прадуктаў распаду бялкоў і інш. злучэнняў, якія перамяшчаюцца з ліставой пласцінкі ў чаранок, што выклікае адасабленне клетак каля асновы ліста і яго ападанне. Выкарыстоўваюць часцей на пасевах бавоўніку, лубіну, тэхн. сартоў вінаграду.

т. 6, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)