Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

ПО́РУБАЎ (Мікалай Іванавіч) (н. 19.7.1932, г. Туапсэ, Краснадарскі край, Расія),

бел. вучоны-юрыст; адзін з заснавальнікаў бел. навук. школы крыміналістыкі. Д-р юрыд. н. (1978), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1998). Скончыў Маскоўскі ун-т (1955). Працаваў следчым у органах пракуратуры. З 1976 нач. кафедры Мінскай Вышэйшай школы міліцыі. З 1992 у Акадэміі МУС Беларусі. Навук. працы па крыміналістыцы і юрыд. псіхалогіі, крыміналістычнай тактыцы і методыцы расследавання і прадухілення асобных відаў злачынстваў.

Тв.:

Психологические основы допроса. Мн., 1966;

Допрос в советском уголовном судопроизводстве. 2 изд. Мн., 1973;

Криминалистика. Мн., 1997 (разам з І.​С.​Андрэевым, Г.​І.​Грамовічам);

Тактика допроса на предварительном следствии. М., 1998;

Курс криминалистики. Мн., 2000 (з імі ж).

т. 12, с. 515

ПО́РХАЎКА (Bovista),

род базідыяльных грыбоў парадку дажджавіковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі трапляюцца на адкрытых месцах, сярод травы, радзей у лясах з чэрв. па вер. П. чарнеючая (B. nigrescens) і свінцова-шэрая (B. leumbea).

Пладовыя целы — шарападобныя, дыям. да 6 см. Абалонка (перыдый) двухслойная, вонкавы слой напачатку белы, потым шараваты, унутраны — танкаскурысты свінцова-шэры ці чорны. Мякаць (глеба) белая, потым аліўкава-бурая, парошыстая. Споры шарападобныя, з доўгім прыдаткам. У маладым узросце ядомыя.

Порхаўка чарнеючая.

т. 12, с. 515

ПО́РЦІК (лац. porticus),

галерэя, якая ўтвараецца калонамі ці слупамі і завяршаецца франтонам ці атыкам; звычайна афармляе гал. ўваход у будынак. Вядомы з эпохі антычнасці (у храмах Стараж. Грэцыі, ўзводзіліся і як асобныя збудаванні), пашыраны ў стылях рэнесансу, барока, асабліва характэрныя для класіцызму. На Беларусі П. розных арх. ордэраў адыгрывалі значную ролю ў кампазіцыі палацавых, сядзібных і культавых пабудоў стылю класіцызму. П. дарычнага ордэра ўпрыгожвалі гал. фасад Дзярэчынскага палаца, Магілёўскага Іосіфаўскага сабора, аздабляюць фасады Віцебскага палаца губернатара, Гродзенскага дома віцэ-губернатара, сядзібнага дома ў г.п. Обаль Шумілінскага р-на, Гомельскага Петрапаўлаўскага сабора. П. іанічнага ордэра выкарыстаны ў палацах Сноўскага палацава-паркавага ансамбля і ў в. Хальч Веткаўскага р-на, Магілёўскім касцёле кармелітаў і інш. Своеасаблівае арх. аблічча надаюць П. карынфскага ордэра палацам у Гомелі і в. Жылічы Кіраўскага р-на. Арыгінальна трактаваны класічныя формы ў драўляных П. палаца Радзівілімонтаўскага палацава-паркавага комплексу і інш. У архітэктуры 1930—50-х г. П., у якіх творча перапрацаваны класічныя ўзоры, выкарыстоўваліся як асн. элементы кампазіцыі гал. фасадаў грамадскіх будынкаў (Рэспубліканскі палац культуры прафсаюзаў у Мінску, будынкі абл. драм. т-ра і Палаца культуры і тэхнікі чыгуначнікаў у Гомелі). Буйныя стылізаваныя П. маюць будынкі Белдзяржфілармоніі ў Мінску, чыг. вакзала ў г. Баранавічы і інш.

Г.​С.​Ларкін.

Порцік будынка Вялікага тэатра ў г. Познань (Польшча).
Порцік сядзібнага дома ў в. Хальч Веткаўскага раёна Гомельскай вобл.

т. 12, с. 515

ПО́РШНЕВАЯ МАШЫ́НА,

прыстасаванне для пераўтварэння энергіі рабочага цела (газу, пары, вадкасці) з дапамогай поршня, які робіць зваротна-паступальны рух у цыліндры. Пры руху поршня аб’ём, што займаецца рабочым целам, перыядычна мяняецца разам з інш. параметрамі (ціскам, т-рай і г.д.), у сувязі з чым энергія рабочага цела паніжаецца (П.м. — рухавік) або павышаецца (П.м. — кампрэсар, помпа). Да П.м. адносяцца большасць рухавікоў унутранага згарання, паравыя машыны, поршневыя кампрэсары і помпы.

т. 12, с. 515

ПО́РШНІ,

тое, што пасталы.

т. 12, с. 515

«ПО́РШЭ»

(Porsche),

сям’я спартыўных і турыстычных аўтамабіляў аднайменнай герм. фірмы. Выпускаецца з 1948. Вырабляюцца мадэлі задне- ці поўнапрывадныя з кузавамі тыпу купэ і кабрыялет. Магутнасць рухавіка да 316 кВт, найб. скорасць да 295 км/гадз.

«Поршэ» мадэль Карэра серыі 911.

т. 12, с. 515

ПО́РЫ (ад грэч. poros адтуліна). У раслін — паглыбленні ў другаснай клетачнай абалонцы. Фарміруюцца ў абалонках сумежных клетак адна супраць адной. Адрозніваюць П. простыя — у клетачных абалонках парэнхімных і мех. тканак і абкружаныя — у водаправодных элементах. Адыгрываюць важную ролю ў правядзенні вады і пажыўных рэчываў. У жывёл П. — адтуліны вывадных пратокаў потавых залоз на паверхні эпідэрмісу (потавыя П.); адтуліны каналаў, якімі смакавыя органы злучаюцца з паверхняй эпітэлію слізістай абалонкі ротавай поласці (смакавыя П.). У марфалогіі П. — круглыя ўчасткі ў абалонцы клетачнага ядра, запоўненыя складана арганізаванымі глабулярнымі і фібрылярнымі структурамі. Адыгрываюць важную ролю ў транспарце буйных малекул з ядра ў цытаплазму і назад.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 516

ПО́РЫ ГО́ДА,

перыяды года (вясна, лета, восень, зіма), змена і паслядоўнасць якіх абумоўлены рухам Зямлі вакол Сонца і нахілам яе восі да плоскасці арбіты (пад вуглом 66°33). Нахіл восі і пастаянства яе напрамку ў прасторы прыводзяць да таго, што ў адзін перыяд года Сонца асвятляе больш Паўн. паўшар’е, у другі — Паўд. паўшар’е і адбываецца змена П.г. Астранамічны пачатак П.г. ў Паўн. паўшар’і супадае з момантамі праходжання Сонца праз пункт веснавога раўнадзенства (20 або 21 сак.), пункт летняга сонцастаяння (21 або 22 чэрв.), пункт асенняга раўнадзенства (23 вер.) і пункт зімовага сонцастаяння (21 або 22 снеж.). З-за эліптычнасці зямной арбіты і нераўнамернасці руху Зямлі вакол Сонца П.г. маюць неаднолькавую працягласць. У Паўн. паўшар’і астр. працягласць вясны 92,8 сут.; лета 93,6; восені 89,8; зімы 89 сут. П.г. ў прыродзе могуць не супадаць з каляндарнымі, што залежыць ад перамяшчэння паветр. мас атмасферы. Таму побач з астр. вылучаюцца феналагічныя сезоны, якія не маюць цвёрдых каляндарных межаў і вызначаюцца ўмовамі надвор’я, рознымі феналагічнымі з’явамі. На Беларусі (56—51° паўн. ш.) вясна пачынаецца ў канцы сак. і цягнецца да сярэдзіны мая, лета канчаецца ў сярэдзіне вер., зіма пачынаецца ў сярэдзіне лістапада.

Да арт. Поры года. Рух зямлі па арбіце і асветленасць яе паверхні сонечнымі прамянямі ў дні сонцастаянняў і раўнадзенстваў.

т. 12, с. 516

ПОР-РАЯ́ЛЬ, Пор-Руаяль (Port-Royal),

жаночы кляштар у Францыі, які ў 17 ст. быў цэнтрам асветы і л-ры. Засн. ў 1204 каля Парыжа. У 1625 ад яго аддзяліўся кляштар, які размяшчаўся ў Парыжы; кляштар у старым будынку стаў называцца П-Р. дэ Шан. Намаганнямі абатысы Анжэлікі Арно і яе братоў у 17 ст. абодва кляштары сталі цэнтрамі франц. л-ры і філас. думкі. У 1630-я г. П.-Р. — цэнтр янсенізму. Сюды з’язджалася моладзь для навук. заняткаў. Для выкладання ў П.-Р. былі складзены лепшыя на той час падручнікі па лац. і грэч. мовах, логіцы. З П.-Р. дэ Шан былі цесна звязаны філосафы, вучоныя, пісьменнікі — Б.Паскаль, Ж.Расін, да яго быў блізкі Р.Дэкарт. П.-Р. удзельнічаў у барацьбе супраць езуітаў. У 1710 П.-Р. дэ Шан паводле загаду караля Людовіка XIV разбураны. Парыжскі П.-Р. існаваў да 1790. Ш.​А.​Сент-Бёў напісаў «Гісторыю Пор-Раяля» (т. 1—5, 1840—59).

т. 12, с. 512

ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,

лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.​Арно і К.​Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл. Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат. сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл. Універсаліі лінгвістычныя). А.​Я.​Міхневіч.

т. 12, с. 512