ПО́РЫ (ад грэч. poros адтуліна). У раслін — паглыбленні ў другаснай клетачнай абалонцы. Фарміруюцца ў абалонках сумежных клетак адна супраць адной. Адрозніваюць П. простыя — у клетачных абалонках парэнхімных і мех. тканак і абкружаныя — у водаправодных элементах. Адыгрываюць важную ролю ў правядзенні вады і пажыўных рэчываў. У жывёл П. — адтуліны вывадных пратокаў потавых залоз на паверхні эпідэрмісу (потавыя П.); адтуліны каналаў, якімі смакавыя органы злучаюцца з паверхняй эпітэлію слізістай абалонкі ротавай поласці (смакавыя П.). У марфалогіі П. — круглыя ўчасткі ў абалонцы клетачнага ядра, запоўненыя складана арганізаванымі глабулярнымі і фібрылярнымі структурамі. Адыгрываюць важную ролю ў транспарце буйных малекул з ядра ў цытаплазму і назад.
А.С.Леанцюк.
т. 12, с. 516
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)