МЕРКАНТЫЛІ́ЗМ (франц. mercantilisme ад італьян. mercante гандляр, купец),
першая школа паліт. эканоміі; эканам. палітыка т.зв.першапачатковага накаплення капіталу. Выяўлялася ў актыўным умешванні дзяржавы ў гасп. жыццё і праводзілася ў інтарэсах купецтва. Прадстаўнікі ранняга М. (апошняя трэць 15 — сярэдзіна 16 ст.) У.Стафард (Англія), Г.Скаруфі (Італія) прапанавалі тэорыю грашовага балансу, якая абгрунтоўвала палітыку, накіраваную на павелічэнне грашовага багацця заканад. шляхам. Гал. элементам пазней шага М., які дасягнуў росквіту ў 17 ст., была сістэма актыўнага гандл. балансу. Асн. прынцып яго прадстаўнікоў Т.Мена (Англія), А.Сера (Італія), А.Манкрэцьена (Францыя) — купляць танней, прадаваць даражэй. Палітыка М. заключалася ў актыўным пратэкцыянізме, у падтрымцы экспансіі гандл. капіталу, заахвочванні развіцця айч. прам-сці, асабліва мануфактурнай.
МЕРКАПТА́НЫ [ад лац. nierc(urius) ртуць + captans які захоплівае],
тыолы, арганічныя злучэнні, у малекуле якіх сульфгідрыльная група (—S—H) непасрэдна злучана з вуглевадародным радыкалам. З’яўляюцца сярністымі аналагамі спіртоў агульная ф-ла R—SH, дзе R — аліфатычны або араматычны (Ar) радыкал. М. з Ar-радыкаламі наз. тыяфеноламі (гл.Тыяфенол).
Аліфатычныя М., за выключэннем метантыолу CH3SH (tкіп 6,02 °C), — вадкасці; ніжэйшыя вызначаюцца моцным і непрыемным пахам, які адчуваецца ў паветры пры вельмі нізкіх канцэнтрацыях (~2∙10−9мг/л). М. — слабыя к-ты: са шчолачамі і цяжкімі металамі ўтвараюць солі — меркаптыды, у прыватнасці, нерастваральныя меркаптыды ртуці (RS)2Hg (адсюль назва М.). Выкарыстоўваюць у сінтэзе пестыцыдаў, лек. сродкаў, стабілізатараў палімераў, для адарызацыі паліва, у т. л. бытавога газу (пераважна этантыол і прапантыол), як рэгулятары полімерызацыі ў вытв-сці каўчуку (аліфатычныя М. з 8—16 атамамі вугляроду). ГДК для ніжэйшых М. 0,8—1 мг/м³.
МЕРКА́ТАР [Mercator, лацінізаванае прозвішча Крэмера (van Kremer)] Герард (5.3.1512—2.12.1594), фламандскі картограф. Па заканчэнні ун-та ў Лувене займаўся вырабам дакладных аптычных прылад і выданнем картаў. У 1552 эмігрыраваў у Дуйсбург (Германія). Прапанаваў новыя прынцыпы пабудовы картаў, у т. л. некалькі картаграфічных праекцый, з якіх найб. вядома цыліндрычная роўнавугольная праекцыя карты свету (1569). Яе выкарыстоўваюць пры складанні картаў, дзе патрэбна дакладнае адлюстраванне вуглоў. Даследаваў зямны магнетызм і вылічыў каардынаты магнітнага полюса. Асн. праца — зборнік карт еўрап. краін, названых «Атласам» (1595).
слаявінны юнгерманіевы пячоначны мох сям. палавічыніевых. Пашырана ў Еўразіі, Паўн. Амерыцы. На Беларусі адзначана ў наваколлі г.п. Лельчыцы Гомельскай вобл., занесена ў Чырв. кнігу як рэдкі барэальны еўрасібірска-амерыканскі від. Трапляецца на лясным подсціле ў вільготных цяністых лясах.
Слаявіна распасцёртая, зялёная або жаўтавата-зялёная з кучаравым краем. Сярэдняе рабро патоўшчанае, знізу мае рызоіды. Вонкавая абгортка спарагонія глыбокаразрэзаная, складаецца з лісцікаў, зрослых каля асновы. Каробачка на ножцы, авальная, чырв.-бурая, раскрываецца падоўжнымі створкамі.
бельгійскі спартсмен (веласпорт, шашэйныя гонкі). Чэмпіён свету сярод аматараў (1964) у асабістым заліку. З 1966 — прафесіянал. Чэмпіён свету (1967, 1971, 1974). Устанавіў рэкорд свету па скорасці (49,431 км за 1 гадз; 1972, Мехіка).
вёска ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля аднайм. вадасховішча і р. Чачора, на аўтадарозе Гомель—Магілёў. Цэнтр сельсавета і эксперым. базы «Меркулавічы». За 22 км на ПнЗ ад г. Чачэрск, 66 км ад Гомеля, 37 км ад чыг. ст. Буда-Кашалёўская. 596 ж., 227 двароў (1999). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, амбулаторыя, аптэка, аддз. сувязі.
вадасховішча ў Чачэрскім р-не Гомельскай вобл., каля в. Меркулавічы. Створана ў 1973 на р. Чачора. Пл. 0,79 км², даўж. 2,4 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 4 м, аб’ём вады 1,03 млн.м³. Берагі спадзістыя, пад хмызняком. У вярхоўі частка берага забалочана. Сярэдні шматгадовы сцёк 9,3 млн.м³. Выкарыстоўваецца для арашэння с.-г. зямель, рыбагадоўлі, адпачынку.
[сапр. Балдасар (Baldassar) Фарух; паводле інш. звестак Балсара (Bulsara) Фрэдэрык; 5.9.1946, в-аў Занзібар, Танзанія — 24.11.1991],
англійскі рок-музыкант, кампазітар, спявак. З 1969 у Лондане, скончыў мастацкі каледж. Яго творчая індывідуальнасць фарміравалася пад уплывам зараастрызму. З 1970 саліст рок-групы «Смайлз», перайменаванай у 1971 у «Куін». Садзейнічаў развіццю рок-музыкі (пераважна меладычнага стылю). Валодаў голасам прыгожага тэмбру, вак. майстэрствам (выступаў з М.Кабалье). Яго кампазіцыі вылучаюцца маштабнасцю, маляўнічымі аранжыроўкамі, прыгажосцю вак. шматгалосся; у іх відавочны ўплыў класічнай музыкі. Удзельнічаў у запісах 24 альбомаў (часткова ў відэаверсіях), у т. л. аднаго з узораў сусв. рок-музыкі «Ноч у Оперы» (1975), дзе канчаткова акрэсліўся стыль групы — сінтэз рок-музыкі і оперы. Сусв. вядомасць набыла песня «Багемская рапсодыя», відэаверсія якой паклала пачатак мастацтву відэакліпа. Паводле волі М. правы на «Багемскую рапсодыю» перададзены фонду барацьбы са СНІД.
у старажытнарымскай міфалогіі бог гандлю, апякун падарожнікаў. Стараж. скульптары і мастакі паказвалі М. юнаком з крылатымі сандалямі, у дарожным капелюшы і з жазлом у руках. Атаясамліваўся з грэч.Гермесам, што ў наступных міфах прывяло да надання М. таксама функцый правадніка ў царстве мёртвых, вестуна багоў, апекуна рамёстваў, знаўцы таямніц магіі і астралогіі.
першая ад Сонца планета Сонечнай сістэмы, астр. знак .
Сярэдняя адлегласць ад Сонца 57,91 млн.км. Арбіта вельмі выцягнутая: адлегласць у перыгеліі 46 млн.км, у афеліі 70 млн.км (эксцэнтрысітэт 0,206). Перыяд абарачэння вакол Сонца 87,97 зямных сутак. вакол восі — 58,65 зямных сутак (2/3 перыяду арбітальнага абарачэння). Сонечныя суткі на М. роўныя 176 зямным суткам. Сярэдняя скорасць руху па арбіце 47,9 км/с. Нахіл плоскасці экватара да плоскасці арбіты невялікі (~3°), таму сезонныя змены на М. практычна адсутнічаюць. Дыяметр М. 4879,4 км, маса 3,303∙1023кг (0,055 масы Зямлі), сярэдняя шчыльнасць 5420 кг/м³.
Т-ра паверхні ў поўдзень 430 °C, ноччу да -173 °C. Атмасфера ў асноўным вадародна-геліевая, вельмі разрэджаная (ціск на паверхні ~0,2 нПа). Паверхня М. нагадвае паверхню Месяца (шмат кратэраў), існуюць характэрныя для М. ўтварэнні — эскарпы, або абрывы. Сярэдняя адбівальная здольнасць паверхні М. ў адносінах да сонечнага выпрамянення нізкая (6%). Бляск мяняецца ад -1 да 1/3 зорнай велічыні. У М. назіраюцца фазы, аналагічныя фазам Месяца. Спадарожнікі адсутнічаюць. Магнітнае поле прыблізна ў 100 разоў меншае, чым у Зямлі. Аптычныя назіранні М. ўскладняюцца блізкасцю да Сонца (найб. вуглавая адлегласць для зямнога назіральніка 28°). Даследаванні М. праводзяцца радыёастр. метадамі, радыёлакацыяй. Найб грунтоўныя і дакладныя звесткі атрыманы пры дапамозе касм. апарата «Марынер-10» (гл.«Марынер»).
Літ.:
Уипл Ф.Л. Семья Солнца: Пер. с англ.М., 1984.
А.А.Шымбалёў.
Агульны выгляд планеты Меркурый (мазаіка з фатаграфій, зробленых пры дапамозе аўтаматычнай міжпланетнай станцыі «Марынер-10»; 1974, ЗША).