МЕ́РКУРЫ, Мерк’юры (Mercury) Фрэдзі

[сапр. Балдасар (Baldassar) Фарух; паводле інш. звестак Балсара (Bulsara) Фрэдэрык; 5.9.1946, в-аў Занзібар, Танзанія — 24.11.1991],

англійскі рок-музыкант, кампазітар, спявак. З 1969 у Лондане, скончыў мастацкі каледж. Яго творчая індывідуальнасць фарміравалася пад уплывам зараастрызму. З 1970 саліст рок-групы «Смайлз», перайменаванай у 1971 у «Куін». Садзейнічаў развіццю рок-музыкі (пераважна меладычнага стылю). Валодаў голасам прыгожага тэмбру, вак. майстэрствам (выступаў з М.Кабалье). Яго кампазіцыі вылучаюцца маштабнасцю, маляўнічымі аранжыроўкамі, прыгажосцю вак. шматгалосся; у іх відавочны ўплыў класічнай музыкі. Удзельнічаў у запісах 24 альбомаў (часткова ў відэаверсіях), у т. л. аднаго з узораў сусв. рок-музыкі «Ноч у Оперы» (1975), дзе канчаткова акрэсліўся стыль групы — сінтэз рок-музыкі і оперы. Сусв. вядомасць набыла песня «Багемская рапсодыя», відэаверсія якой паклала пачатак мастацтву відэакліпа. Паводле волі М. правы на «Багемскую рапсодыю» перададзены фонду барацьбы са СНІД.

Літ.:

Скай Р Фредди Меркьюри: Пер. с англ. М., 1993.

т. 10, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)