Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

МЕ́РА МНО́СТВА,

абагульненне паняцця даўжыні адрэзка, плошчы плоскай фігуры і аб’ёму цела на мноствы любой прыроды. Мае важнае значэнне ў функцыянальным аналізе, тэорыі імавернасцей, тэорыі гульняў і інш.

Найб. важнай з М.м. з’яўляецца мера Лебега, уведзеная А.Л.Лебегам пры абагульненні паняцця інтэграла (1902). Напр., на плоскасці меру Лебега квадрата лічаць роўнай яго плошчы. Асн. ўласцівасці: мера любога мноства неадмоўная; мера сумы канечнай або злічонай сістэмы папарна неперасякальных мностваў (не маюць агульных элементаў) роўная суме іх мер; пры перамяшчэнні мноства як цвёрдага цела яго мера не змяняецца.

т. 10, с. 291

МЕ́РА ПАКАРА́ННЯ ў крымінальным праве,

пакаранне пэўнага віду і памеру, якое назначана асуджанаму на падставе санкцыі канкрэтнай нормы крымін. закона, па якой кваліфікавана ўчыненае злачынства. КК Рэспублікі Беларусь прадугледжвае М.п.: арышт, пазбаўленне волі, папраўчыя работы без пазбаўлення волі, пазбаўленне права займаць пэўныя пасады або займацца пэўнай дзейнасцю, штраф, звальненне з пасады, грамадскае ганьбаванне. За некаторыя асабліва цяжкія злачынствы як выключная М.п. дапускаецца пакаранне смерцю (расстрэл). За асабліва цяжкія злачынствы дапускаецца таксама пажыццёвае зняволенне. Да ваеннаслужачых тэрміновай службы можа таксама выкарыстоўвацца як М.п. накіраванне ў дысцыплінарны батальён. Да асуджаных могуць ужывацца таксама дадатковыя М.п.: канфіскацыя маёмасці, пазбаўленне воінскага або спец. звання.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 291

МЕ́РА СТРЫМА́ННЯ ў крымінальным працэсе, прадугледжаныя законам меры працэсуальнага прымусу, якія ўжываюцца да абвінавачанага пры наяўнасці дастатковых падстаў лічыць, што ён можа схавацца ад следства або суда, перашкодзіць высвятленню ісціны па крымін. справе, займацца злачыннай дзейнасцю, а таксама для забеспячэння выканання прыгавору. Да М.с. ў бел. крымін. працэсе адносяцца: падпіска аб нявыездзе, асабістае паручыцельства або паручыцельства грамадскіх арг-цый і калектываў працоўных, узяцце пад варту, пад нагляд камандавання вайск. часцей (у адносінах да ваеннаслужачых), адданне непаўналетніх пад нагляд бацькоў або апекуноў. Узяцце пад варту робіцца толькі з санкцыі пракурора або па вызначэнні суда.

Э.​І.​Кузьмянкова.

т. 10, с. 291

МЕ́РБАЛЬД ((Merbold) Ульф) (н. 1936),

касманаўт ФРГ. Д-р н. у галіне механікі. Скончыў Бонскі ун-т (1960). Здзейсніў палёты ў складзе экіпажаў касм. караблёў (КК): 28.11—8.12.1983 — на КК «Калумбія», 22—31.1.1992 — на КК «Дыскаверы», 4.10—4.11.1994 — на КК «Саюз ТМ-20» і арбітальнай станцыі «Мір» (вярнуўся на Зямлю на КК «Саюз ТМ-19»). У космасе правёў 49,9 сут.

т. 10, с. 293

МЕРВ,

адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст. н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.

т. 10, с. 293

МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),

асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн. т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн. т.

Літ.:

Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 293

МЕРГУІ́,

горад у М’янме, гл. М’ей.

т. 10, с. 293

МЕРЖАЕ́ЎСКАЯ (Вольга Іванаўна) (12.11.1904, в. Бязуеў Рэчыцкага р-на Гомельскай вобл. — 13.5.1981),

бел. вучоны ў галіне энтамалогіі. Д-р біял. н. (1974). Скончыла БДУ (1931). З 1949 у Ін-це біялогіі, Аддзеле заалогіі і паразіталогіі АН Беларусі. Навук. працы па фауне, экалогіі, марфалогіі лускакрылых насякомых (совак) і нематод — шкоднікаў с.-г. культур.

Тв.:

Нематоды главнейшых полевых культур БССР. Мн., 1953;

Чешуекрылые (Lepidoptera) Белоруссии: Кат. Мн., 1976 (разам з А.​М.​Літвінавай, Р.​У.​Малчанавай).

т. 10, с. 293

МЕРЗЛАТАЗНА́ЎСТВА,

гл. Геакрыялогія.

т. 10, с. 293

МЕРЗЛЯКО́Ў (Аляксей Фёдаравіч) (28.3.1778, г. Далматава Курганскай вобл., Расія — 7.8.1830),

рускі паэт, крытык, перакладчык, педагог. Адзін з заснавальнікаў прафес. крытыкі ў Расіі. Скончыў Маскоўскі ун-т (1799), з 1802 выкладаў у ім (з 1804 праф., з 1817 дэкан). Паэзія М. спалучала грамадзянскасць з цікавасцю да нар. творчасці. У 1805—10 стварыў цыкл народных песень («Сярод даліны роўнае...», «Не ліпачка кучаравая...», «Чарнабровы, чарнавокі...» і інш.). Як крытык і тэарэтык л-ры быў блізкі да класіцызму, але выступаў супраць яго аўтарытэтаў. Аўтар лекцый і артыкулаў па эстэтыцы. Перакладаў грэч. і рым. паэтаў.

Тв.:

Стихотворения. Л., 1958;

Песни и романсы А.​Мерзлякова. М., 1988.

т. 10, с. 293