МЕ́РГЕЛЬ (ням. Mergel),

асадкавая горная парода змешанага глініста-карбанатнага складу. Колер светлы, пераважна шэры, з рознымі адценнямі. Тэкстура сланцаватая, аалітавая, мелападобная, шчыльная, зямлістая, камякаватая. Парода глеістая, у вільготным стане пластычная, пасля высыхання рыхлая. Вылучаюцца гліністы М. (25—50% карбанатаў), уласна М. (50—75%) і вапнавы М. (75—95%). У залежнасці ад дамешак адрозніваюць М. даламітавыя, крэменязёмістыя, пясчаныя, глаўканітавыя і інш. Утвараецца пераважна ў марскіх умовах, а таксама на дне азёр, у тарфяных балотах, на вільготных лугах. Трапляецца ў адкладах ад верхняга пратэразою да антрапагену. Заляганне пластавое, радзей лінзападобнае. Шырока выкарыстоўваецца ў цэм. прам-сці. На Беларусі для вытв-сці цэменту, буд. матэрыялу і вапнавых угнаенняў здабываецца М. марскога паходжання. Найб. радовішча Камунарскае (Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл.), дзе прамысл. запасы складалі 386,5 млн. т (1999). Выяўлена таксама 300 пакладаў вапнавага прэснаводнага М. з агульнымі запасамі да 200 млн. т.

Літ.:

Копысов Ю.Г. Мергельно-меловые породы востока Белоруссии. Мн., 1968.

В.​С.​Акімец.

т. 10, с. 293

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)