Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

ПЕРГАМІ́Н,

1) дахавы і гідраізаляцыйны матэрыял, які атрымліваюць насычэннем дахавага кардону нафтавымі бітумамі. Выкарыстоўваецца пры будаванні рулоннага даху і параізаляцыі буд. канструкцый.

2) Тонкая трывалая папера з беленай цэлюлозы без напаўняльніка для вырабу натуральнай папяровай калькі і ўпакоўкі харч. прадуктаў.

т. 12, с. 293

ПЕРГА́МСКАЕ ЦА́РСТВА, Пергам (грэч. Pergamos),

старажытная дзяржава ў паўн.-зах. частцы М. Азіі (283—133 да н.э.) з цэнтрам у г. Пергам (адсюль назва). Засн. грэкам Філетэрам — пачынальнікам дынастыі Аталідаў — правіцеляў П.ц. Насялялі царства мясц. плямёны (місійцы, масдыёны, пафлагонцы), а таксама грэкі і македонцы. Яго эканам. ўздыму спрыялі прыродныя багацці (лес, мармур, руды), зручнае геагр. становішча на ўзбярэжжы Міжземнага м. Найб. росквіту дасягнула пры Эўмене I [263—241 да н.э.] і Эўмене II [197—159 да н.э.[. П.ц. падтрымлівала добрыя адносіны з Егіптам, ваявала з Галатыяй, Македоніяй, дзяржавай Селеўкідаў. Саюзнік Рыма ў 2-й Македонскай (200—197 да н.э.) і Сірыйскай (192—188 да н.э.) войнах, за што атрымала Херсанес, Лідыю, Фрыгію, ч. Карыі і Памфіліі, некаторыя грэч. гарады М.​Азіі. З узмацненнем рым. ўплыву паступова страціла самастойнасць. У 133 да н.э. цар Атал III завяшчаў царства Рыму, чым забяспечыў свабоду некаторым яго гарадам і ў першую чаргу сталіцы. У 133 (ці 132 да н.э.) у П.ц. адбылося антырым. паўстанне пад кіраўніцтвам Арыстоніка. Пасля яго задушэння (129 да н.э.) П.ц. стала рым. правінцыяй Азія.

т. 12, с. 293

ПЕРГІДРО́ЛЬ,

гл. ў арт. Пераксід вадароду.

т. 12, с. 293

ПЕ́Р’ЕВЫЯ КЛЯШЧЫ́ (Analgesoidea),

надсямейства акарыформных кляшчоў. Каля 2000 відаў. Пашыраны ўсюды. Паразітуюць на пер’і, скуры (німфы часам пранікаюць пад скуру) дзікіх і свойскіх птушак. Выклікаюць выпадзенне пер’я ў птушак-гаспадароў; узбуджальнікі кнемідакаптозаў. На Беларусі найб. трапляюцца П.к.: вераб’іны (Analgopsis passerius), качыны (Freyana anatina), курыны (Knemidocoptes gallinae), нажны кароставы (K. mutans) і інш.

Даўж. да 0,6 мм. Цела падзелена на пратэрасому (з 2 парамі пярэдніх ног) і гістэрасому (з 2 парамі задніх ног). Ротавы апарат грызучы. Кормяцца тлушчавай змазкай пёраў, часцінкамі эпідэрмісу і пер’я. Выражаны палавы дымарфізм. У развіцці праходзяць стадыі: яйцо—лічынка—пранімфа—тэлеанімфа—імага. Іл. гл, да арт. Кляшчы.

А.​С.​Гембіцкі, І.​В.​Чыкілеўская.

т. 12, с. 294

ПЕ́РКІН (Навум Саламонавіч) (15.2.1912, г.п. Тураў Жыткавіцкага р-на Гомельскай вобл. — 2.10.1976),

бел. літ.-знавец і крытык. Д-р філал. н. (1964), праф. (1965). Скончыў Мінскі пед, ін-т (1936). З 1946 у Ін-це л-ры АН Беларусі. Аўтар кніг «Аркадзь Куляшоў» (1951), «Творчасць Петруся Броўкі» (1952), «Шляхі развіцця беларускай савецкай літаратуры 20—30-х гг.» (1960), «У сям’і братніх літаратур» (1967), «Нацыянальнае і інтэрнацыянальнае ў літаратуры» (1971), «Чалавек у савецкім рамане» (1975). Аўтар падручнікаў для 9—10-га кл. (з Ю.​С.​Пшырковым) «Беларуская савецкая літаратура»; аўтабіягр. аповесцей «Я стаў партызанам» (выд. 1979), «Хлопчык з мястэчка» (выд. 1981). За ўдзел у 2-томным даследаванні «Гісторыя беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «Гісторыя беларускай савецкай літаратуры» (1977, на рус. мове). Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.​Коласа 1980.

Тв.:

Абсягі думкі. Мн., 1980.

т. 12, с. 294

ПЕ́РКІН ((Perkin) Уільям Генры) (12.3.1838, Лондан — 14.7.1907),

англійскі хімік-арганік і прамысловец; пачынальнік анілінафарбавай прам-сці ў Англіі. У 1853—55 вучыўся ў Каралеўскім хім. каледжы ў Лондане. Навук. працы па даследаванні сінт. фарбавальнікаў. Атрымаў першы сінт. анілінавы фарбавальнік — мавеін (1856) і арганізаваў яго прамысл. вытв-сць. Адкрыў рэакцыю атрымання араматычных ненасычаных кіслот (1868, рэакцыя П.), сінтэзаваў кумарын і карычную к-ту.

т. 12, с. 294

ПЕРЛ,

тое, што жэмчуг.

т. 12, с. 294

ПЕРЛ ((Perl) Марцін Льюіс) (н. 24.6.1927, Нью-Йорк),

амерыканскі фізік. Чл. Нац. АН ЗША (1990), Амер. акадэміі навук і мастацтваў (1997). Бацька нарадзіўся ў г. Пружаны Брэсцкай вобл. Скончыў Політэхн. ун-т у Брукліне (1948). З 1950 у Калумбійскім, з 1955 у Мічыганскім ун-тах, з 1963 праф. Стэнфардскага лінейнага паскаральнікавага цэнтра (у 1991—97 дэкан ф-та фізікі высокіх энергій). Навук. працы па фізіцы элементарных часціц. Эксперыментальна адкрыў цяжкі τ-лептон (1975). Нобелеўская прэмія 1995 (разам з Ф.Райнесам).

Тв.:

Рус. пер. — Открытие новой элементарной частицы — тяжелого τ-лептона // Успехи физ. наук. 1979. Т. 129, вып. 4;

Размышления об открытии τ-лептона // Там жа. 1996. Т. 166, вып. 12.

М.​М.​Касцюковіч.

М.​Л.​Перл.

т. 12, с. 294

ПЕРЛАМУ́ТР (ням. Perlmutter ад Perle жамчужына + Mutter маці),

унутраны слой ракавіны бруханогіх, двухстворкавых і чатырохшчэлепных галаваногіх малюскаў, які выдзяляецца эпітэліяльнымі клеткамі мантыі. Складаецца з тонкіх пласцінак араганіту (разнавіднасць вуглякіслай вапны) і канхіяліну, размешчаных паралельна паверхні ракавіны. Мае вясёлкавы бляск, які залежыць ад інтэрферэнцыі святла, што адбіваецца ад паверхні П. Выкарыстоўваюць для вырабу ўпрыгожанняў, гузікаў і інш. Разнавіднасць П. — жэмчуг. На Беларусі П. атрымлівалі з ракавін перлавак і жамчужніц.

т. 12, с. 294

ПЕРЛАМУ́ТРАВЫЯ ВО́БЛАКІ,

тонкія, паўпразрыстыя воблакі, якія ўзнікаюць у стратасферы на выш. 20—30 км. Па форме нагадваюць перыстыя і перыста-кучавыя воблакі, з вельмі моцнай ірызацыяй (вясёлкавай афарбоўкай па краях, прыкмета кропельна-вадкай будовы). Назіраюць зрэдку зімой, пераважна ў Паўн. Еўропе і на Алясцы. Гл. Воблакі, Воблачнасць.

т. 12, с. 294