ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНАЯ ЎСПРЫІ́МЛІВАСЦЬ,
велічыня, якая характарызуе палярызацыю дыэлектрыка пад уздзеяннем эл. поля. Колькасна Д.ў. — безразмерны каэф. прапарцыянальнасці x у формуле
, дзе — электрычная пастаянная, — напружанасць эл. поля, — палярызаванасць дыэлектрыка. Звязана з дыэлектрычнай пранікальнасцю суадносінамі: ε = x + 1 і мае з ёй аднолькавыя ўласцівасці.
т. 6, с. 305
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫЯ СТРА́ТЫ,
частка энергіі пераменнага эл. поля, якая ў дыэлектрыку пераходзіць у цеплавую. Складаюцца са страт праводнасці (джоўлевы страты; гл. Джоўля—Ленца закон) і страт, абумоўленых актыўнай кампанентай току зрушэння ў дыэлектрыку; сегнетаэлектрыкі, акрамя таго, маюць страты на пераарыентацыю даменаў (гл. Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс). У сінусаідальным полі характарызуюцца тангенсам вугла Д.с. tgδ, які вызначае долю эл. энергіі, што пераходзіць у цеплавую за 1 перыяд ваганняў эл. поля. Д.с. вымяраюцца, як правіла, разам з вымярэннем дыэлектрычнай пранікальнасці рэчыва. Змяншэнне страт мае важнае значэнне ў вытв-сці кандэнсатараў і эл.-ізаляцыйнай тэхніцы. Д.с. суправаджаюцца разаграваннем дыэлектрыка (дыэлектрычны нагрэў), што выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў з малой цеплаправоднасцю (драўніны, паперы, керамікі і інш).
А.У.Шэлег.
т. 6, с. 306
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ ГІСТЭРЭ́ЗІС,
запазненне змянення палярызаванасці дыэлектрыка і яе неадназначная залежнасць ад напружанасці знешняга эл. поля. Назіраецца ў сегнетаэлектрыках і антысегнетаэлектрыках. Гл. ў арт. Сегнетаэлектрычны гістэрэзіс.
т. 6, с. 306
ДЫЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ НАГРЭ́Ў,
награванне дыэлектрыкаў у пераменным эл. полі. Абумоўлены дыэлектрычнымі стратамі. Мае высокую хуткасць і раўнамернасць разагравання матэрыялаў з нізкай цеплаправоднасцю. Пры частотах да 300 МГц праводзіцца ў полі кандэнсатара; пры звышвысокіх частотах — у полі аб’ёмнага рэзанатара ці выпрамяняльніка; напружанасць эл. поля ў прамысл. устаноўках да 3000 кВ/м. Выкарыстоўваецца для высушвання матэрыялаў (драўніны, паперы, керамікі і інш.), зваркі пластмас, награвання пластмас перад прасаваннем, пры склейванні драўніны і інш.
т. 6, с. 306
ДЫЭНЦЭФА́ЛЬНЫ СІНДРОМ,
гіпаталамічны сіндром, комплекс сімптомаў, абумоўленых пашкоджаннем глыбінных аддзелаў галаўнога мозга (гіпаталамуса, гіпофіза). Бывае ад інфекцый, траўмаў і пухлін галаўнога мозга, хранічных хвароб печані, нырак, страўніка і інш. Прыкметы: парушэнне сну, тэрмарэгуляцыі, тлушчавага, водна-салявога, вугляводнага і інш. відаў абмену, дзейнасці сардэчна-сасудзістай сістэмы і залоз унутр. сакрэцыі — гіпофіза, палавых, шчытападобнай, наднырачнікаў, нязначныя арган. неўралагічныя сімптомы. Лячэнне тэрапеўтычнае.
Г.Дз.Сітнік.
т. 6, с. 306
ДЫЭТЫ́ЛАВЫ ЭФІ́Р, этылавы эфір, серны эфір, эфір,
аліфатычны просты эфір, H5C2OC2H5. Бясколерная вадкасць са своеасаблівым пахам, tкіп 34,5 °C, шчыльн. 713,8 кг/м³ (20 °C). Атрыманы ў 16 ст. В.Кордусам дэгідратацыяй этанолу ў прысутнасці сернай к-ты (гэтым спосабам карыстаюцца і цяпер).
Д.э. змешваецца са спіртам, бензолам і інш. арган. растваральнікамі, абмежавана — з вадой (6,5% пры 20 °C); выбухова- і вогненебяспечны (т-ра загарання -41 °C). У прам-сці атрымліваюць як пабочны прадукт пры вытв-сці этылавага спірту гідратацыяй этылену. Выкарыстоўваюць як растваральнік нітратаў цэлюлозы (у т. л. ў вытв-сці бяздымнага пораху), жывёльных і раслінных тлушчаў, прыродных і сінт. смол, алкалоідаў і інш.; экстрагент, анестэзіруючы сродак у медыцыне. Злёгку раздражняе дыхальныя шляхі, пры атручэнні настае ўзбуджэнне, потым санлівасць і страта прытомнасці, ГДК 300 мг/м³.
Я.Г.Міляшкевіч.
т. 6, с. 306
ДЫЭТЫЛЕНГЛІКО́ЛЬ, дыгліколь, 2,2-дыгідроксіэтылавы эфір,
просты эфір з канцавымі гідраксільнымі групамі, (HOCH2CH2)2O.
Бясколерная вязкая гіграскапічная вадкасць без паху, салодкая на смак, tкіп 245,8 °C, шчыльн. 1116,1 кг/м³ (20 °C) Змешваецца з вадой, спіртам, гліколямі, ацэтонам, хлараформам. Мае хім. ўласцівасці гліколяў і эфіраў. Выкарыстоўваюць як сыравіну ў вытв-сці поліурэтанаў, алігаэфіракрылатаў, складаных эфіраў, кампанент антыфрызаў, гідраўл. тармазных і змазачных вадкасцей, растваральнік нітратаў цэлюлозы, поліэфірных смол, асушальнік газаў і інш. Раздражняе скуру, уздзейнічае на ц. н. с. і ныркі (пры пападанні ўнутр), ГДК 10 мг/м³, у вадзе вадаёмаў — 1 мг/л.
т. 6, с. 306
ДЫЯ... (грэч. dia), прыстаўка, якая абазначае праходжанне праз што-н. ад пачатку і да канца ў прасторы і часе, поўнае завяршэнне дзеяння, раздзяленне, аддзяленне, напр., дыягенез, дыяпаўза, дыяскоп.
т. 6, с. 306
ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 306