ДЫЯБА́З (ад грэч. diabasis пераход),
поўнакрышталічная палеатыпная магматычная горная парода з групы габрабазальтаў. Складзены з плагіяклазаў і аўгіту з прымессю магнетыту, ільменіту, другасных мінералаў, радзей алівіну, кварцу. Колер цёмна-шэры ці зеленавата-чорны. Шчыльн. 2700—3300 кг/м³. Трываласць на сцісканне да 300 МПа. Т-ра плаўлення 1005—1250 °C. Трапляецца ў магматычных формах складкавых абласцей і платформ. Формы залягання Д. — патокі, покрывы, дайкі, сілы і інш. Пашыраны ў пародах, якія складаюць крышт. фундамент Беларусі (г. Жыткавічы, р.п. Мікашэвічы, г. Шчучын). Выкарыстоўваецца як будматэрыял і сыравіна для каменнага ліцця, як напаўняльнік бетону, штучных камянёў і інш.
У.Я.Бардон.
т. 6, с. 306
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)