ГУСЬ БЕЛАЛО́БАЯ
(Anser albifrons),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Жыве ў сырых тундрах і лесатундрах Еўразіі, Паўн. Амерыкі, на астравах Паўн. Ледавітага ак. На Беларусі нешматлікі від, трапляецца на веснавым (крас.) і асеннім (кастр.—ліст.) пралётах.
Даўж. цела 66—76 см, маса 2—3,2 кг. Апярэнне зверху буравата-шэрае, знізу святлейшае, на бруху чорныя папярочныя плямы. На лбе вакол дзюбы белая пляма (адсюль назва). Дзюба аранжава-жоўтая, ногі светла-аранжавыя. Добра ходзіць і плавае, пры небяспецы нырае, хутка бегае. Гняздо будуе на сухім месцы — узгорку, высокім беразе ракі. Нясе 4—6 яец. Корміцца маладымі раслінамі (злакі, асокі і інш.). На зіму адлятае на Пд. Аб’ект палявання.
т. 5, с. 547
ГУСЬ ШЭ́РАЯ
(Anser anser),
птушка сям. качыных атр. гусепадобных. Пашырана ў Еўразіі па рачных поймах, азёрах, ліманах, балотах, мокрых лугах з густымі зараснікамі расліннасці. На Беларусі трапляецца пераважна на пралётах, месцамі гняздуецца на Палессі і ў Бел. Паазер’і.
Даўж. цела 76—89 см, маса 2,5—4,4, зрэдку да 6 кг. Апярэнне светла-шэрае, падхвосце белае, на бруху чорныя плямы. Дзюба і лапы шаравата-ружовыя. Гняздо — кучка з раслінных рэшткаў. Нясе 4—12, найчасцей 4—5 яец. Корміцца травамі, парасткамі, насеннем, клубнямі. Продак многіх парод гусей свойскіх. Аб’ект палявання.
т. 5, с. 548
ГУСЯЛА́ПКА
(Alchemilla),
род кветкавых раслін сям. ружавых. Каля 300 відаў. Пашыраны пераважна ва ўмераным поясе Еўропы, таксама ў Азіі, Паўн. Афрыцы і ў Амерыцы. На Беларусі больш за 20 відаў. Найб. вядомыя і пашыраныя: вастралопасцевая (А. acutiloba Opiz), горная (А. monticola), шызаватая (А. glaucescens), зграбная (А. gracilis), гусялапка балтыйская (А. baltica), голасцябловая (А. glabricaulis). Зрэдку трапляюцца: гусялапка караткалопасцевая (А. breviloba), хвалісталістая (А. cymatophylla), бугрыстая (А. gibberulosa), голая (А. glabra) і інш. Растуць на лугах, у светлых лясах, на высечках, узлесках, па берагах рэк і ручаёў, каля дарог і на пустках.
Шматгадовыя травяністыя расліны пераважна з паўзучым дравяністым карэнішчам. Сцёблы прыўзнятыя, густа ўкрытыя валаскамі, рэдка амаль голыя. Лісце лопасцевае або далонепадобна рассечанае, круглаватае, складкаватае накшталт гусінай лапкі (адсюль назва), прыкаранёвае на доўгіх чаранках, у разетцы. Кветкі дробныя, зялёныя або жаўтаватыя, сабраныя ў шчыткападобна-мяцёлчатае суквецце. Плод — арэшкападобны. Характэрны апаміксіс. Амаль усе віды тэхн. (фарбавальныя, дубільныя) і лек. (мачагонны, адхарквальны, кроваспыняльны, процізапаленчы сродак), некаторыя — кармавыя і дэкар. расліны.
Г.У.Вынаеў.
т. 5, с. 548
ГУ́ТА
(ад лац. gutta кропля),
старая назва шклозаводаў. Будаваліся пераважна на берагах рэк з якаснымі пяскамі, мелам, глінай, паліўнымі рэсурсамі. Выраб шкла на Беларусі вядомы з 12 ст. У 16—18 ст. на тэр. Беларусі дзейнічала каля 70 гут. Яны сталі базай, на якой утвараліся шкляныя мануфактуры. У канцы 18 — пач. 19 ст. самымі буйнымі былі Налібоцкая шкляная мануфактура, Урэцкая шкляная мануфактура. З удасканаленнем шкларобнай тэхналогіі ў 19 ст. мануфактуры саступілі месца шклозаводам.
т. 5, с. 548
ГУ́ТАВА,
вёска ў Драгічынскім р-не Брэсцкай вобл. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на У ад горада і 21 км ад чыг. ст. Драгічын, 124 км ад Брэста. 504 ж., 201 двор (1997). Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, аддз. сувязі. Магіла ахвяр фашызму.
т. 5, с. 548
ГУТАПЕ́РЧА
(англ. guttapercha ад малайскага getah смала + pertjah дрэва, якое выдзяляе гэту смалу),
цвёрды шаравата-белы ці жаўтавата-руды скурападобны прадукт каагуляцыі млечнага соку некат. трапічных раслін.
Гутаперча мае гуту (50—90%), прыродныя смолы, бялкі, вільгаць. Гута — транс-поліізапрэн (геам. ізамер макрамалекулы каўчуку натуральнага), малекулярная маса 35 000—50 000, шчыльн. 940—960 кг/м³. Гутаперча раствараецца ў араматычных вуглевадародах, серавугляродзе. Пры т-ры 50—70 °C размягчаецца і становіцца пластычнай. Вулканізуецца серай. Вулканізаты — добрыя дыэлектрыкі, устойлівыя да ўздзеяння вады (вільгацепаглынанне на працягу 2 гадоў не перавышае 0,2%), канцэнтраваных кіслот, у т. л. салянай і плавікавай. Выкарыстоўваюць для электраізаляцыі падводных і падземных кабеляў, у электра- і радыёпрамысловасці, вытв-сці кляёў і інш. Атрымліваюць сінт. гутаперчу — транс-поліхларапрэн, які па будове і тэхн. уласцівасцях аналагічны гутаперчы натуральнай. На Беларусі для атрымання гутаперчы доўгі час выкарыстоўвалі брызгліну.
Я.І.Шчарбіна.
т. 5, с. 548
ГУТАПЕ́РЧАВАЕ ДРЭ́ВА,
агульная назва розных відаў дрэвавых раслін, з млечнага соку якіх атрымліваюць гутаперчу. Найчасцей гутаперчавым дрэвам называюць віды дрэў з трапічных родаў палаквіум, пайена сям. сапотавых, басія сям. лебядовых, таксама з родаў брызгліна сям. брызглінавых, эўкомія сям. эўкоміевых і інш.
т. 5, с. 548
ГУ́ТАРАЎ Іван Васілевіч
(15.4.1906, в. Воўкаўка Мсціслаўскага р-на Магілёўскай вобл. — 8.2.1967),
бел. літ.-знавец і фалькларыст. Чл.-кар. АН Беларусі (1953), д-р філал. н., праф. (1949). Скончыў БДУ (1928). Выкладаў у паліт.-асв. і пед. ін-тах г. Магілёў. З 1947 у ЦК КП(б)Б, з 1951 у БДУ, з 1957 заг. сектара фальклору Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН Беларусі. Даследаваў пытанні эстэтыкі, тэорыі і гісторыі рус. і бел. л-ры, фалькларыстыкі.
Тв.:
Борьба и творчество народных мстителей. Мн., 1949;
Эстетические основы советской литературы. Мн., 1950;
Философско-эстетические взгляды А.С.Пушкина. Мн., 1957;
Основы советского литературоведения. 3 изд. Мн., 1967;
Беларуская народная вусна-паэтычная творчасць. Мн., 1967 (у сааўт.).
т. 5, с. 548
ГУ́ТАРКА,
мастацка-публіцыстычны, найчасцей ананімны твор, у якім ставяцца актуальныя пытанні нар. жыцця ці грамадскай маралі; жанр бел. літаратуры 19 ст. Гутаркі найб. пашырыліся ва ўмовах актывізацыі вызв. барацьбы народа, асабліва напярэдадні сял. рэформы 1861 і паўстання 1863—64 («Гутарка Данілы са Сцяпанам», «Вось цяпер які люд стаў», «Гутарка двух суседаў» і інш.). Пазней гутарку выкарыстоўвалі рэв. народнікі для прапаганды сваіх ідэй. Напісаныя ў белетрызаванай форме або ў форме размовы 2 ці больш асоб, гутаркі тлумачылі простаму народу праблемы грамадскага жыцця, вострай крытыкай існуючага ладу ўздзейнічалі на яго свядомасць. Папулярнасць і сац. дзейснасць жанру гутаркі выкарыстоўвалі і рэакц. аўтары для прапаганды афіц. ідэалогіі і палітыкі самаўладдзя («Прамова Старавойта да сялян аб свабодзе» Ф.Блуса, «Бяседа старога вольніка з новымі пра іхняе дзела» А.Кісяля). У канцы 19 ст. гутарка страціла сваю грамадскую пафаснасць і набыла дыдактычны характар, сац. праблематыка саступіла месца маральным павучанням. У пач. 20 ст. як жанр паступова знікла.
М.А.Лазарук.
т. 5, с. 549
«ГУ́ТАРКА АБ ТЫМ, КУДЫ́ МУЖЫ́ЦКІЯ ГРО́ШЫ ІДУ́ЦЬ»,
гл. ў арт. «Дзядзька Антон».
т. 5, с. 549