Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ГУСТА́ТЫ,

Густата, возера ў Браслаўскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Густатка (выцякае з возера), за 22 км на ПдУ ад г. Браслаў. Пл. 2,4 км², даўж. 3,2 км, найб. шыр. 1,1 км, найб. Глыб. 2,8 м, даўж. берагавой лініі 7,7 км. Пл. вадазбору 24,7 км². Схілы катлавіны выш. 2—5 м, пераважна разараныя. Берагі нізкія, забалочаныя. Вакол возера забалочаная пойма. Дно плоскае, сапрапелістае. Зарастае.

т. 5, с. 547

ГУ́СТАЎ I Ваза

(Gustaf I Vasa; 12.5.1496, г. Рудбухальм, Швецыя — 29.9.1560),

кароль Швецыі [1523—60], заснавальнік дынастыі Ваза. Прымаў удзел у вайне супраць дацкага караля Крысціяна II, які імкнуўся аднавіць Кальмарскую унію. Пасля перамогі нар. паўстання, якое вызваліла краіну ад дацкага панавання, у 1523 абраны каралём Швецыі. Скасаваў Кальмарскую унію, аслабіў эканам. магутнасць каталіцкай царквы, правёў у Швецыі каралеўскую Рэфармацыю. У 1544 дамогся ад рыксдага прызнання спадчыннага права сваёй дынастыі на шведскі прастол. Жорстка задушыў шэраг нар. паўстанняў (1524—25, 1542—43). У канцы жыцця вёў беспаспяховую вайну з Маскоўскай дзяржавай (1555—57).

т. 5, с. 547

ГУ́СТАЎ II Адольф

(Gustaf II Adolf; 9.12.1594, Стакгольм — 6.11.1632),

кароль Швецыі [1611—32], вял. палкаводзец. З дынастыі Ваза. Сын караля Карла IX. У пач. праўлення быў вымушаны пайсці на значныя ўступкі арыстакратыі, вяртаючы дваранам казённыя землі. Правёў шэраг рэформ (дзярж. кіравання, судовага ладу, ваенную). Спрыяў развіццю прам-сці, асабліва горна-металургічнай. Стварыў магутную пастаянную армію, упершыню ў Еўропе ўвёў палкавую артылерыю. Вёў войны з Даніяй, Расіяй, Польшчай, захапіўшы вял. тэр., удзельнічаў з 1630 у Трыццацігадовай вайне 1618—48 на баку антыгабсбургскай кааліцыі. Загінуў у бітве пры Лютцэне.

т. 5, с. 547

ГУ́СТАЎ IV Адольф

(Gustaf IV Adolf; 1.11.1778, Стакгольм — 7.2.1837),

кароль Швецыі [1792—1809]. З дынастыі Готарпаў. Дэспатычны характар праўлення Густава IV, а таксама паражэнне Швецыі ў войнах з Францыяй (1805—07) і Расіяй (1808—09) прывялі да звяржэння яго рыксдагам у сак. 1809, у снеж. 1809 выгнаны са Швецыі.

т. 5, с. 547

ГУ́СТАФСАН

(Gustafson) Тругве (н. 1911),

шведскі фізіёлаг. Чл. Шведскай АН. Замежны чл. АН СССР (1976). Праф. зоафізіялогіі Стакгольмскага ун-та. Навук. працы па эксперым. біялогіі, біяхіміі эмбрыянальнага развіцця, рэгуляцыі сінтэзу ферментаў у жывёльных клетках, што культывуюцца па-за арганізмам, пра ролю медыятараў у морфагенетычных працэсах зародка. Прааналізаваў малекулярныя механізмы клетачных узаемаўплываў у эмбрыягенезе ігласкурых.

т. 5, с. 547

ГУСТ ЭСТЭТЫ́ЧНЫ,

здольнасць чалавека ўспрымаць і ацэньваць эстэт. ўласцівасці з’яў і прадметаў, адрозніваць прыгожае і агіднае. У выпадках ацэнкі твораў мастацтва густ эстэтычны называецца маст. густам. Праяўляецца пераважна як сістэма асобасных прыхільнасцей, якія арыентуюцца на агульнапрынятыя эстэт. ацэнкі. Уяўляе сабой эмацыянальна-рацыянальнае засваенне рэчаіснасці, выступае як адзінства эстэт. пачуцця і эстэт. ідэалу (найвышэйшага крытэрыя эстэт. ацэнкі). Праблема густу эстэтычнага атрымала асаблівае развіццё ў эстэтыцы 17—18 ст. (Б.Грасіян-і-Маралес). Франц. філосафы-асветнікі і эстэтыкі класіцызму (Н.Буало, Ш.Бацё, Ш.Л.Мантэск’ё, Вальтэр і інш.) трактавалі густ эстэтычны з пазіцый рацыяналізму і нарматывізму. У англ. сенсуалістычнай эстэтыцы (А.Шэфтсберы, Г.Хом і інш.) густ эстэтычны звязвалі з характарам чалавечых адчуванняў і этычнымі нормамі. Суб’ектыўнасць густу эстэтычнага акцэнтавалася Д.Юмам. Густ эстэтычны І.Кант абгрунтоўваў як прынцыповы суб’ектывізм і прыроджаны характар, лічыў з’явай адначасова грамадскай і індывідуальнай. Марксісцка-ленінская эстэтыка разглядала густ эстэтычны перш за ўсё як сац.-гіст. з’яву. У аналізе густу эстэтычнага рус. рэв.-дэмакр. эстэтыкі акцэнт рабіўся на сац.-гіст. ўмовы фарміравання асобы.

У бел. культуры цікавасць да праблемы густу эстэтычнага пачынаецца з эпохі Адраджэння (М.Гусоўскі, Ф.Скарына). У спасціжэнні прыроды густу эстэтычнага Сімяон Полацкі і М.Сарбеўскі абапіраліся на эстэтыку класіцызму і барока, Я.Чачот, В.Каратынскі зыходзілі з узвышанага эстэт. ідэалу, Ф.Багушэвіч, Я.Лучына — з сац. рэальнасці. М.Багдановіч імкнуўся выявіць сутнасць густу эстэтычнага на аб’ектыўнай аснове, шукаў эстэт. магчымасці для выключэння суб’ектывізму, густаўшчыны, З.Бядуля зыходзіў з паняцця прыгожага, як агульначалавечай каштоўнасці. За ацэнкамі густу эстэтычнага заўсёды стаіць асоба ва ўсёй сваёй духоўнай непаўторнасці. Таму фарміраванне густу эстэтычнага выступае як адна з цэнтр. задач эстэт. выхавання і развіцця асобы.

Літ.:

Эстетическое воспитание на современном этапе: Теория, методология, практика. М., 1990;

Салееў В.А. Этнапедагогіка і эстэтычнае развіццё асобы. Мн., 1994.

В.А.Салееў.

т. 5, с. 546

ГУСЦЯРА́

(Blicca bjoerkna),

рыба сям. карпавых. Пашырана ў прэсных вадаёмах Еўропы ў бас. Паўночнага, Балтыйскага, Чорнага, Азоўскага і Каспійскага м.; на Беларусі — у большасці вадаёмаў звычайны від. Жыве ў вадаёмах з павольным цячэннем або стаячай вадой з глеяватым, гліністым дном. Нар. назвы ласкірка, пласкірка, губар, кромп, сухарэбрыца, сівуха, летка і інш.

Даўж. да 35 см, маса да 1, 3 кг, звычайна 100—200 г. Вонкавым выглядам нагадвае ляшча, адрозніваецца жаўтаватымі або чырванаватымі парнымі плаўнікамі, большай луской, двухраднымі глотачнымі зубамі. Цела высокае, пляскатае, серабрыстае, няпарныя плаўнікі шэрыя. Ікрынкі адкладвае на водныя расліны. Корміцца ракападобнымі, насякомымі, малюскамі, радзей водарасцямі. Абʼект лову.

т. 5, с. 547

«ГУСЬКІ́»,

бел. нар. гульня. На краі круглай ледзяной пляцоўкі дыяметрам 10—15 м выбіваюць «гнёзды» (ямкі дыяметрам 25—30 см). Удзельнікі маюць калкі (палкі даўж. 1—1,2 м, раздвоеныя на канцы) і гуські (цуркі памерам 12×4 см). Кожны па чарзе кладзе гусёк у цэнтр пляцоўкі. Па сігнале астатнія гульцы ад сваіх «гнёздаў» бягуць да цэнтра і ўдарамі калкоў стараюцца загнаць гусёк у сваё «гняздо». Перамагае той, хто загоніць больш гуськоў.

т. 5, с. 548

ГУСЬКО́Ў Валерый Уладзіміравіч

(н. 12.3.1932, г. Іркуцк, Расія),

бел. вучоны ў галіне аўтамабіле- і трактарабудавання. Д-р тэхн. н. (1969), праф. (1972). Засл. дз. навукі і тэхн. Беларусі (1982). Скончыў Томскі політэхн. ін-т (1953). З 1963 у БПА. Навук. працы па сістэмным аналізе і сінтэзе параметраў мабільных машын. Распрацаваў асновы тэорыі ўзаемадзеяння рухачоў мабільных машын з апорнай паверхняй і аптымізацыі параметраў аўтамабіляў і трактароў. Дзярж. прэмія Беларусі 1996.

Тв.:

Оптимальные параметры сельскохозяйственных тракторов. М., 1966;

Тракторы: Теория. М., 1988 (у сааўт.).

А.І.Болсун.

т. 5, с. 548

ГУСЬ-ХРУСТА́ЛЬНЫ,

горад у Расіі, цэнтр раёна ва Уладзімірскай вобл., на р. Гусь. Узнік у сярэдзіне 18 ст. 80,7 тыс. ж. (1994). Чыг. станцыя. Цэнтр шкляной прам-сці [вытв-сць хрусталю (гл. Гусеўскі хрусталёвы завод), асабліва чыстага кварцу, шкла, шкловалакна]; лёгкая прам-сць. Філіял Уладзіміра-Суздальскага гіст.-арх. і маст. музея-запаведніка; музей хрусталю.

т. 5, с. 548