Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ВЕРЛЬГО́ФА ХВАРО́БА,

гл. Пурпура трамбацытапенічная.

т. 4, с. 102

ВЕ́РМАХТ

(ням. Wehrmacht),

1) у Веймарскай рэспубліцы неафіц. назва ўзбр. сіл (гл. Рэйхсвер).

2) Афіц. назва ўзбр. сіл фаш. Германіі ў 1935—45. Створаны ў парушэнне Версальскага мірнага дагавора 1919 на базе рэйхсвера пасля выдання 16.3.1935 дэкрэта аб увядзенні ў Германіі ўсеагульнай воінскай павіннасці. Вярх. галоўнакамандуючы — рэйхсканцлер А.Гітлер. Вышэйшы орган ваен. кіраўніцтва — галоўнакамандаванне, якое да 1938 узначальваў ваен. міністр В. фон Бломберг, пасля — Гітлер. Складаўся з сухап. войск (галоўнакамандуючыя: у 1935—38 В. фон Фрыч, у 1938—41 В. фон Браўхіч, у 1941—45 Гітлер), ВПС (у 1935—45 Г.Герынг) і ВМФ (у 1935—43 Э.Рэдэр, у 1943—45 К.Дзёніц) на чале з галоўнакамандаваннямі. З 1940 у склад вермахта ўваходзілі таксама палявыя войскі СС. Вермахт быў гал. сілай у здзяйсненні заваёўніцкіх планаў нацыстаў, асабліва вырас у 2-ю сусв. вайну (ад 3 млн. чал. у 1939 да 11 млн. у снеж. 1943).

Літ.:

Messerschmidt M. Die Wehrmacht im NS-Staat. Hamburg, 1969.

т. 4, с. 102

ВЕ́РМЕР Дэлфцкі

(Vermeer van Delft) Ян (31.10.1632, г. Дэлфт, Нідэрланды — 15.12.1675),

галандскі жывапісец, адзін з буйнейшых майстроў галандскага жанравага і пейзажнага жывапісу. Працаваў у Дэлфце. Як мастак сфарміраваўся пад уплывам К.Фабрыцыуса. Захавалася каля 30 яго карцін. Ужо ў ранніх творах імкнуўся аб’яднаць узнёсласць вобразаў з іх блізкасцю да натуры («У зводніцы», «Хрыстос у Марфы і Марыі»). З 2-й пал. 1650-х г. піша невялікія карціны з адной ці некалькімі постацямі ў гар. інтэр’еры, залітым сярэбраным святлом («Дзяўчына з пісьмом», «Служанка са збанам малака»), засяроджваючы ўвагу на агульным лірычным настроі сцэны. Стварыў шэдэўры пейзажнага жывапісу «Вулачка» і «Від Дэлфта». Яго творы 1660-х г. больш сузіральныя і вытанчаныя, а іх жывапіс больш халодны («Дзяўчына з жамчужынай»). У пазнейшых творах Вермера алегарызм, акад. прыёмы, сухасць і стракатасць лакальных колераў адлюстроўваюць агульны заняпад галандскага жывапісу; жыццёвы змест і чароўнасць вобразаў захаваліся толькі ў карцінах, дзе ўвасоблены людзі працы, мастацтва і навукі («Каруначніца», «Географ», «У майстэрні», «Урокі музыкі», «Дама за спінетам» і інш.).

Літ.:

Уилок А.К. Ян Вермер: Пер. с англ. М., 1994.

А.В.Кашкурэвіч.

т. 4, с. 102

ВЕРМІКУЛІ́Т

(ад лац. vermiculus чарвячок),

мінерал з групы гідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe​2+, Fe​3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.

т. 4, с. 102

ВЕРМІКУЛІТАБЕТО́Н,

лёгкі бетон, запаўняльнікам у якім з’яўляецца ўспучаны вермікуліт. Вермікулітабетон з сярэдняй шчыльн. 250—400 кг/м³ выкарыстоўваецца для цеплавой ізаляцыі прамысл. абсталявання, больш цяжкі са шчыльн. 600—1000 кг/м³ — для вырабу сценавых панэлей, блокаў і інш. агараджальных канструкцый.

т. 4, с. 102

ВЕРМО́НТ

(Vermont),

штат на ПнУ ЗША. Уваходзіць у групу штатаў Новай Англіі. Пл. 24,9 тыс. км², нас. 576 тыс. чал. (1993). Адм. ц.г. Мантпіліер, найб. горад і гал. прамысл. цэнтр — Берлінгтан. Гар. нас. 32,2%. Большую ч. тэр. займаюць укрытыя хваёвым лесам горы Грын-Маўнтынс, што ўваходзяць у сістэму Апалачаў. Шмат азёр, найб. Шамплейн.

Клімат умераны, у гарах халодны, вільготны. Зімой адзначаюцца т-ры да -37 °C, летам да 32 °C. Ападкаў каля 1000 мм за год. Пераважае апрацоўчая прам-сць (электраабсталяванне, электронныя кампаненты, ЭВМ, станкі). Развіта металаапрацоўчая, паліграф. і папяровая прам-сць. Здабываюць мармур, граніт, тальк, азбест. У сельскай гаспадарцы пераважае жывёлагадоўля малочнага кірунку. Птушкагадоўля. Каля 70% пасяўных плошчаў займаюць сеяныя травы. Вырошчваюць таксама бульбу і гародніну. Садоўніцтва (яблыкі). Транспарт аўтамаб. і чыгуначны. Горны турызм.

М.С.Вайтовіч.

т. 4, с. 102

ВЕ́РМУТ

(ням. Wermut літар. палын),

віно вінаграднае, прыгатаванае з дабаўленнем спірту, цукру і араматызаванае настоямі вострапрыпраўных і лек. раслін. Настоі (экстракты) раслін (палын, бузіна чорная, кардамон, карыца, мята і інш.) рыхтуюць на 75%-ным спірце і дадаюць (2—4% па аб’ёме) у віно-аснову (пераважна сухія віны). Выпускаюць вермут белы, ружовы і чырвоны, моцны (мае 18 аб’ёмных працэнтаў спірту і 8% цукру) і дэсертны (па 16% спірту і цукру). Прамысл. выпуск вермуту пачаты ў 1786 у Турыне (Італія).

т. 4, с. 103

ВЕРН

(Verne) Жуль (8.2.1828, г. Нант, Францыя — 24.3.1905),

французскі пісьменнік. Аўтар навук.-фантаст., сатыр. і прыгодніцкіх раманаў з элементамі утопіі і антыутопіі «Пяць тыдняў на паветраным шары» (1863), «Падарожжа да цэнтра Зямлі» (1864), «З Зямлі на Месяц» (1865), «Вакол Месяца» (1869), «Дзеці капітана Гранта» (1867—68, бел. пер. 1938), «20 000 лье пад вадой» (1869—70, бел. пер. «80 000 кіламетраў пад вадой», 1937), «За 80 дзён вакол свету» (1872, бел. пер. 1941), «Таямнічы востраў» (1875, бел. пер. 1938), «Пятнаццацігадовы капітан» (1878, бел. пер. 1940), «Рабур-заваёўнік» (1886), «Валадар свету» (1904), «Незвычайныя прыгоды экспедыцыі Барсака» (выд. 1914) і інш.; прац па геаграфіі і гісторыі геагр. даследаванняў. Чалавек і прырода, навука, веды і праца, сучаснасць і будучыня, адказнасць вучонага, асобы, калектыву перад грамадствам — асн. праблемы творчасці Верна. Стварыў «новы тып рамана», які грунтаваўся на дасягненнях навукі. На бел. мову яго творы перакладалі П.Кутылоўскі, С.Грахоўскі з Ю.Лявонным, Я.Камянецкі, М.Паслядовіч, К.Шавель і інш.

Тв.:

Рус. пер.Собр. соч. Т. 1—12. М., 1954—57;

Собр. соч.: В 50 т. Т. 1—19. М., 1992—94.

Літ.:

Верн Ж.-Ж. Жюль Верн: Пер. с фр. М., 1978;

Жюль Верн: Биобиблиогр. Указ. 2 изд. М., 1959.

Е.А.Лявонава.

т. 4, с. 103

ВЕ́РНЕР

(Werner) Абраам Готлаб (25.9.1750, Вераў, каля г. Гёрліц, Германія — 30.6.1817),

нямецкі геолаг і мінералог; заснавальнік навук. геал. Школы. З 1771 вывучаў прыродазнаўчыя навукі ў Лейпцыгскім ун-це; з 1775 выкладаў у Фрайбергскай горнай акадэміі. Распрацаваў класіфікацыю горных парод і мінералаў, заснаваную на вонкавых прыкметах з улікам хім. саставу. Узначальваў кірунак у геалогіі — нептунізм, паводле якога ўсе горныя пароды, у т. л. і вывергнутыя, узніклі як асадкі з вады.

т. 4, с. 103

ВЕ́РНЕР

(Werner) Альфрэд (12.12.1866, г. Мюлуз, Францыя — 15.11.1919),

швейцарскі хімік, заснавальнік хіміі комплексных злучэнняў. Скончыў Політэхн. ін-т у г. Цюрых (1889). З 1893 праф. Цюрыхскага ун-та. Навук. працы па даследаванні будовы неарган. злучэнняў. Прапанаваў каардынацыйную тэорыю будовы комплексных злучэнняў, якая абвяргала ўяўленні аб пастаянстве лікаў валентнасці. Сінтэзаваў мноства комплексных злучэнняў, распрацаваў іх сістэматыку і эксперым. метады ўстанаўлення саставу і будовы. Нобелеўская прэмія 1913.

Літ.:

Старосельский П.И., Соловьев Ю.И. Альфред Вернер и развитие координационной химии. М., 1974.

т. 4, с. 103