ВЕРМІКУЛІ́Т

(ад лац. vermiculus чарвячок),

мінерал з групы гідраслюд, водны алюмасілікат магнію, кальцыю і жалеза. Прыкладная формула (Mg, Fe​2+, Fe​3+)3 (OH)2 [(Si, Al)4 O10] 4H2O. Крышталізуецца ў манакліннай сінганіі. Крышталі таблітчастыя, часта псеўдагексаганальныя, агрэгаты дробна- і буйналускаватыя. Колер бронзава-жоўты, залаціста-карычневы, бура-зялёны. Бляск перламутравы ці бронзавы. Цв. 1—1,5. Шчыльн. 2,4—2,7 г/см³. Утвараецца ў корах выветрывання на флагапіт- і біятытзмяшчальных пародах. Выкарыстоўваецца як лёгкі напаўняльнік бетону, таксама паперы, пластыкаў, фарбаў, для вытв-сці вогнетрывалых цяпло- і гукаізаляцыйных матэрыялаў, у сельскай гаспадарцы як ізалятар; уваходзіць у састаў змазачных матэрыялаў. Радовішчы ў Расіі, ЗША, ПАР, Аўстраліі і інш.

т. 4, с. 102

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)